Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улаховіч паабяцаў «дактрыну», а гаварыў пра сьмецьце і баброў


архіўнае фота

архіўнае фота

Другі выступ кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Ўлаховіча па Беларускім тэлебачаньні пакінуў ня менш супярэчлівае ўражаньне, чым першы.

Улаховіч зноў нечакана пераскокваў з тэмы на тэму, не завяршаючы часта свае развагі пра тую ці іншую праблему ацэнкай ці прапановай. Знаходзіць нейкія лягічныя ланцугі паміж рознымі фразамі мне, прынамсі, станавілася ўсё цяжэй.

Кандыдат адразу заявіў, што сёньня прадставіць дактрыну сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця дзяржавы. Але тое, што гучала наступныя 30 хвілінаў, ніяк не было падобным да «дактрыны».

Пачаў Улаховіч з моладзі, заявіўшы, што ў краіне «вырасьлі новыя культурна-сацыяльныя слаі насельніцтва». Раптам пераскочыў на развал Савецкага Саюзу, заявіўшы пра тое, што ў СССР касьцяком псэўдадэмакратаў сталі былыя рэпрэсаваныя і інтэрніраваныя грамадзяне. Далей некалькі хвілін распавядаў пра цяжкі стан зь дзіцячымі садкамі, паабяцаўшы, калі стане прэзыдэнтам, вярнуць дзіцячыя сады дзецям і ўзяць пад асаблівы кантроль харчаваньне.

У адным моманце дапусьціў сьмешную агаворку: «Ён адным зь першых падтрымаў кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнку на выбарах у 2004 годзе — хлушу! — у 1944 годзе». Другі раз забаўна выказаўся пра геапалітычнае месца Беларусі: «Выжыць нашай дзяржаве на мяжы паміж Азіяй і Эўропай...» (то бок прызнаў Расею Азіяй).

Дарэчы, паводле Ўлаховіча «адносіны з Расеяй павінны быць брацкімі, але на пэўнай дыстанцыі». Старыя ваенныя базы няхай застаюцца, а ў новых асабовы склад мусіць складацца зь беларускіх грамадзянаў.

Даволі шмат часу Ўлаховіч прысьвяціў такім «стратэгічным» тэмам, як праблемы ДТСААФ, таварыства паляўнічых і рыбаловаў, пытаньне перапрацоўкі сьмецьця. «Жывёльны сьвет павялічыўся, ужо бабёр перашкаджае нашаму рыбалоўству, дзік — пасевам».

Здаецца, сам Улаховіч разумеў драбнату сваіх тэмаў, бо заявіў наступнае: «Магчыма, асобныя абываталі скажуць: кандыдат у прэзыдэнты, чаго ты гаворыш пра дробязі? Але жыцьцё кожнага з нас складаецца з дробязяў».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG