Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка падпісаў «кітайскую дырэктыву»


Аляксандар Лукашэнка (справа) і лідэр КНР Сі Цзіньпін на сустрэчы ў Менску, 12 траўня 2015 году

Аляксандар Лукашэнка (справа) і лідэр КНР Сі Цзіньпін на сустрэчы ў Менску, 12 траўня 2015 году

Аляксандар Лукашэнка ўпершыню выдаў дырэктыву, якая тычыцца ня ўнутранай, а зьнешняй палітыкі.

Дырэктыва № 5 «Аб разьвіцьці двухбаковых адносінаў Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай» была падпісаная 31 жніўня — напярэдадні візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Пэкін.

Дырэктыва прадпісвае лічыць «мэтавым напрамкам супрацоўніцтва з КНР сумеснае разьвіцьцё ў гандлёвай, інвэстыцыйнай, фінансавай і інавацыйнай сфэрах, стварэньне і рэалізацыю сумесных праектаў і прадпрыемстваў».

Дакумэнт ставіць задачу сфармаваць комплексны плян дзеяньняў па дасягненьні да 2020 году ўзроўню экспарту ў Кітай у суме ня менш за 1,5 млрд. даляраў (за першае паўгодзьдзе 2015 году беларускі экспарт у Кітай склаў 421,2 млн даляраў — 3,1% усяго экспарту).

Савету міністраў прадпісваецца скласьці пералік прадпрыемстваў для прыцягненьня буйных кітайскіх кампаніяў у праекты па разьвіцьці каапэрацыі і ўваходжаньні ў акцыянэрны капітал у сфэры сельскагаспадарчага і цяжкага машынабудаваньня, станкабудаваньня, вытворчасьці бытавой тэхнікі і электронікі, оптыка-мэханічнай прамысловасьці, вытворчасьці вырабаў з палімэраў, тавараў мэдыцынскага прызначэньня і бытавой хіміі. На тэрыторыі КНР павінны быць арганізаваныя зборачныя вытворчасьці беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі і сыстэма яе абслугоўваньня.

Дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч у інтэрвію Радыё Свабода канстатаваў, што зьяўленьне дырэктывы па супрацоўніцтве з Кітаем — выключны выпадак для беларускай дзяржавы. Усе ранейшыя прэзыдэнцкія дырэктывы тычыліся толькі ўнутранай сацыяльна-эканамічнай палітыкі і яшчэ ніколі — міжнароднай.

Андрэй Казакевіч

Андрэй Казакевіч

«Ранейшыя дырэктывы былі зьвязаныя з пэўнымі хадамі ва ўнутранай палітыцы, дзе беларускія ўлады ўсё ж такі кантралююць сытуацыю, і таму гэтыя дырэктывы мелі непасрэдны ўплыў на тое, што адбывалася. А вось у пытаньнях зьнешняй палітыкі вельмі цяжка нешта прагназаваць, бо тут сытуацыя залежыць ня толькі ад таго, што будуць рабіць беларускія органы ўлады і суб’екты гаспадараньня, але таксама і ад таго, якая будзе эканамічная сытуацыя ў Кітаі, наколькі ён будзе зацікаўлены ў нашым рэгіёне, наколькі ў прынцыпе можна будзе ўзгадніць тыя ці іншыя пазыцыі супрацоўніцтва. Таму мне падаецца, што высокай эфэктыўнасьці пры рэалізацыі гэтай дырэктывы ня будзе», — кажа экспэрт.

На думку Казакевіча, зьяўленьне гэтай дырэктывы не азначае, што афіцыйны Менск сёньня разглядае Кітай як прыярытэтны кірунак зьнешняй палітыкі або кірунак, які можа стаць галоўным:

«Ужо ня першы год задача беларускіх уладаў — знайсьці новыя пункты для апоры ў зьнешняй палітыцы, знайсьці супрацьвагу ўплыву Расеі, знайсьці новыя сілы, якія б дапамагалі Беларусі балянсаваць паміж Расеяй і ЭЗ. Кітай тут разглядаецца як альтэрнатыўная крыніца фінансавых рэсурсаў, эканамічных праектаў ды іншага фармату супрацоўніцтва. У сувязі з тым, што такіх праектаў было падпісана досыць шмат і далёка ня ўсе яны рэалізуюцца ў заплянаваным аб’ёме, я б разглядаў прыняцьцё дырэктывы як спробу ў пэўнай ступені актуалізаваць гэтыя працэсы і, прынамсі, па максымуме выканаць тыя пляны па супрацоўніцтве, якія ўжо былі зафіксаваныя», — кажа экспэрт.

Палітоляг таксама зьвяртае ўвагу на тое, што апошнім часам у Кітаі назіраецца пэўная эканамічная нестабільнасьць, прагнозы па разьвіцьці эканомікі пагаршаюцца, і дырэктыва можа быць накіраваная на тое, каб мінімізаваць нэгатыўныя наступствы, зьвязаныя з гэтымі працэсамі.

Паводле слоў Казакевіча, хоць прэзыдэнцкіх дырэктыў па міжнароднай палітыцы раней не выдавалася, але, у прынцыпе, акты адміністратыўнага рэгуляваньня двухбаковых стасункаў — практыка даволі звычайная:

«Напрыклад, вядома, што ўсе амбасады ў нас займаюцца ў тым ліку збытам прадукцыі — гэта іх важная функцыя, і гэта пастаянна падкрэсьліваецца на вышэйшым узроўні. У нас, вядома, было дастаткова адміністратыўных рашэньняў, якія тычацца супрацоўніцтва з Расеяй. Таму, у прынцыпе, гэта ўпісваецца ў агульную лёгіку беларускіх уладаў: вырашаць зьнешнепалітычныя праблемы, пытаньні эканамічнага супрацоўніцтва зь іншымі краінамі празь нейкія адміністратыўныя рамкі», — лічыць экспэрт.

XS
SM
MD
LG