Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка едзе ў Кітай, парад паглядзець і зь Сі Цзіньпінем пагутарыць


Сі Цзіньпін (справа) і Аляксандар Лукашэнка ў Пэкіне, 2013 год

Сі Цзіньпін (справа) і Аляксандар Лукашэнка ў Пэкіне, 2013 год

Аляксандар Лукашэнка выправіўся з трохдзённым візытам у Пэкін — нагодай стала сьвяткаваньне Кітаем 70-годзьдзя заканчэньня Другой усясьветнай вайны і перамогі над Японіяй.

Мяркуецца, што на мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілейнай даты, прыедуць прэзыдэнты і кіраўнікі ўрадаў з паўсотні дзяржаваў.

Кітайскі бок абяцае прадэманстраваць гасьцям маштабнае відовішча — толькі ў парадзе, які пройдзе ў сталіцы 3 верасьня, возьмуць удзел 12 тысяч вайскоўцаў. У ліку запрошаных гэтаксама і рота ганаровай варты Ўзброеных сіл Беларусі.

Фармат імпрэзы не прадугледжвае паглыбленых эканамічных перамоваў, але фармальныя двухбаковыя сустрэчы заплянаваныя. Ня выключана, што беларуская дэлегацыя будзе намагацца скарыстацца момантам, каб нагадаць калегам пра абяцаную фінансавую дапамогу. Зрэшты, на тле абвалу фондавага рынку і запавольваньня эканомікі кітайскаму кіраўніцтву час задумацца, як самім выйсьці з беспрэцэдэнтнага крызісу.

Падчас травеньскага візыту ў Беларусь старшыні КНР Сі Цзіньпіна міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі заявіў, што ўжо бліжэйшым часам Кітай гатовы даць Беларусі крэдыты на 7 мільярдаў даляраў. Паводле чыноўніка, 3 мільярды складзе льготнае крэдытаваньне, а яшчэ 4 мільярды — камэрцыйныя крэдыты беларускім банкам на фінансаваньне бізнэс-праектаў.

Між тым, як кажуць эканамісты, большая частка дэкляраванай дапамогі — так званыя «зьвязаныя» крэдыты, якія даюцца пад канкрэтныя праекты з удзелам кітайскага капіталу. Як удакладняе аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Елісееў, гэта азначае найперш тое, што матэрыялы і абсталяваньне будуць набывацца ў Кітаі, а ў іх рэалізацыі будуць удзельнічаць кітайскія работнікі:

Андрэй Елісееў

Андрэй Елісееў

«Што тычыцца тых сумаў, якія па выніках візыту Сі Цзіньпіна Кітай укладае ў беларускую эканоміку, то гэта ня новыя грошы — Беларусь проста выбірае даўно абяцаную 15-мільярдную крэдытную лінію. Цяпер зьявіліся некалькі праектаў, якія зацікавілі Кітай. Гэта будаўніцтва горна-ўзбагачальнага калійнага камбінату, вытворчасьць беларуска-кітайскага аўтамабіля, інфраструктура беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку. Нечым новым у двухбаковым супрацоўніцтве можна лічыць хіба тое, што Кітай выдзяляе 4 мільярды даляраў крэдытаў Банку разьвіцьця і „Беларусбанку“. То бок грошы даюцца не на канкрэтныя праекты, а выдзяляюцца беларускім банкам, якія будуць самі вызначаць, куды іх накіроўваць, на якія праекты. Але ўсё ж гэтыя крэдыты зьвязаныя. Гэта значыць, што за гэтыя грошы палову матэрыялаў, абсталяваньня будуць купляць у Кітая, у іх рэалізацыі будуць удзельнічаць кітайскія работнікі».

Згодна з апошнімі зьвесткамі Міністэрства фінансаў, цягам студзеня-ліпеня прыцягнута зьнешніх пазыкаў на 1 мільярд 656 мільёнаў даляраў. Пры гэтым вынікае, што «корміцца» Беларусь па-ранейшаму з расейскага бюджэту — там пазычаны 1 мільярд 258 мільёнаў даляраў. А вось крэдыты ад банкаў КНР складаюць усяго 370 мільёнаў даляраў. Нельга выключаць, што самая значная за 20 апошніх гадоў дэвальвацыя юаня і падзеньне акцыяў на азіяцкіх фондавых рынках прынамсі падкарэктуе рэгулярнасьць новых фінансавых паступленьняў.

Якім чынам аслабленьне кітайскіх грошай адаб’ецца на беларускай эканоміцы, якая ў апошнія гады атрымала «зьвязаных» крэдытаў на мільярды даляраў? Ці варта чакаць узмацненьня экспансіі кітайскай прадукцыі пасьля таго, як тамтэйшыя тавары яшчэ больш патаньнеюць? Пастаўкі з Кітаю на зьнешні рынак зьнізіліся больш як на 8%, і экспэрты пачалі біць трывогу, што другая эканоміка сьвету паступова запавольваецца.

Як лічыць доктар эканамічных навук Барыс Жаліба, такое рашэньне прымалася з выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу. Найперш — каб паціснуць канкурэнтаў на стратэгічных для сябе рынках. А ў выпадку ўзмацненьня кітайскіх пазыцыяў у той жа Расеі, кажа спадар Жаліба, пацерпяць найперш беларускія вытворцы, якія наўрад ці здолеюць нешта супрацьпаставіць такому магутнаму гульцу, як Кітай:

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

«Грашовыя ўлады Кітая робяць гэта штучна, каб падтрымаць свой экспарт. Юань цяпер не ў свабодным плаваньні, як, скажам, расейскі рубель. Кітайцы гэта зрабілі па камандзе. Паколькі ў апошнія гады гэты паказчык стаў мінусаваць, то неабходна працэс падтрымаць. Адпаведна, трэба адрэгуляваць сваю валюту, узмацніўшы пазыцыі экспарту, у тым ліку на расейскім рынку. Вось у гэтым пляне сытуацыя паўплывае на нас досыць істотна, прычым у даволі кароткатэрміновым пэрыядзе — яны пачнуць больш інтэнсіўна цясьніць нашы беларускія рынкавыя нішы. Як мы ведаем, у Беларусі і так ужо ня першы год кепска складваюцца справы на расейскім рынку — і з кітайцамі, і без кітайцаў. А будзе яшчэ горш. Для нас расейскі рынак усё ж асноўны, і калі кітайскі экспарт узмоцніць там свае пазыцыі, нам ад гэтага, вядома, лепей ня будзе. І так з канкурэнтаздольнасьцю праблемы, а ўзмоцняцца шматкроць».

Тым часам кітайскія ўлады пачалі маштабную кампанію ў барацьбе са злоўжываньнямі на фондавым рынку, зьбяднелым на 40% у параўнаньні з чэрвеньскім пікам. Як паведаміла афіцыйнае інфармагенцтва Сіньхуа, Міністэрства грамадзкай бясьпекі КНР прыцягнула да адказнасьці блізу двух сотняў чалавек паводле абвінавачаньня ў распаўсюдзе хлусьлівай інфармацыі, якая прывяла да панікі. У рамках аблавы на «біржавых шкоднікаў» праваахоўнікі зачынілі 165 акаўнтаў у інтэрнэце, зь якіх распаўсюджваліся «загадзя ілжывыя чуткі пра стан фондавага рынку». Некаторыя затрыманыя падазраюцца ў рынкавых маніпуляцыях і інсайдэрскім гандлі, ім пагражаюць працяглыя тэрміны зьняволеньня.

XS
SM
MD
LG