Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вялікі камень»: будоўля гудзіць ад досьвітку і да зьмярканьня


За пару дзясяткаў кілямэтраў ад Менску ўзьнікне «індустрыяльная варонка» з надзвычайнай канцэнтрацыяй прадпрыемстваў, горад памерам з Бабруйск.

У часе свайго візыту ў Кітай, прымеркаванага да 70-годзьдзя капітуляцыі Японіі ў Другой усясьветнай вайне, Аляксандар Лукашэнка заявіў пра прыярытэтнае значэньне гэтай краіны ў эканамічным разьвіцьці Беларусі. Гэта вынікае і з адмысловай дырэктывы «Аб разьвіцьці двухбаковых адносінаў Беларусі і КНР», у якой на пэрыяд да 2020 году закладаюцца асноўныя прынцыпы міждзяржаўнага супрацоўніцтва.

Як адзначаюць аналітыкі, пакуль што ўзаемныя кантакты прадугледжваюць выключна «кітаізацыю» Беларусі. Кітай не асабліва дапускае на ўнутраны рынак нават бліжэйшых саюзьнікаў, затое звышактыўны ў пытаньні экспансіі тэхналёгіяў ды працоўнай сілы. На гэта разьлічаныя і «зьвязаныя» крэдыты, якімі Пэкін стымулюе Менск узамен на долю ў стратэгічных бізнэс-праектах.

Асаблівыя спадзяваньні — на Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» пад Смалявічамі. Старт рэалізацыі амбітнай задумы быў дадзены летась. Цяпер на першых 350 гектарах, вызваленых ад сасновага бору, ідзе бульдозэрная зачыстка, пракладваюцца камунікацыі, узводзяцца інтэрнаты для кітайскіх рабочых. Неўзабаве тут мае паўстаць горад, роўны Бабруйску. За пару дзясяткаў кілямэтраў ад Менску ўзьнікне «індустрыяльная варонка» з надзвычайнай канцэнтрацыяй прадпрыемстваў тонкай хіміі, біятэхналёгіяў, фармацэўтыкі, электронікі, машынабудаваньня.

Насельнікаў бліжэйшых вёсак і дачных каапэратываў з пачаткам праектных працаў меркавалася прымусова адсяліць з тэрыторыяў, на якія прэтэндаваў індустрыяльны парк. Але з-за шырокага розгаласу людзей усё ж пакінулі на сваіх сядзібах, і цяпер яны толькі назіраюць, як цывілізацыя імкліва ўрываецца ў іхныя некалі зацішныя лясныя куткі. Як кажа Мікалай Герасімчык, жыхар вёскі Быкачына, дзе будоўля ідзе ледзь не на гародах, цяпер гэта ў літаральным сэнсе «выпаленая зямля»:

«А што цяпер? Парк ужо будуюць, назад не павернеш, пра нешта пісаць бяз толку. Застаецца толькі асьвятляць, як ён будуецца, вось і ўсё. Тут ужо насуперак не папрэш, бо, як кажуць, супраць лому няма прыёму. Рашэньне прынятае, яно рэалізуецца, і мы яго адчуваем першымі, літаральна з усіх бакоў. Найперш, вельмі актыўна пілуюць лес. У мяне дома таксама кватаруюць лесарубы, якія валяць дрэвы — па 100 кубоў кожны дзень даюць. Але кажуць, што як дарэжуць да вёскі Пятровічы, там злучацца зь іншымі і нібыта спыняцца. У Пятровічах, дарэчы, ёсьць свой Вялікі камень, відаць, таму і праекту далі такую назву. То бок крыху правей пачнуць рухацца — за лякатары аэрапорту і з выхадам на Пятровічы».

На ўсёй пляцоўцы — дзясяткі адзінак разнастайнай спэцтэхнікі і горы будаўнічых матэрыялаў. Паўсюль увіхаюцца інтэрнацыянальныя брыгады рабочых — поруч зь беларусамі працуюць і кітайцы. Спадар Герасімчык кажа, што шум навокал стаіць увесь дзень, ад узыходу сонца:

«Працуюць як мае быць, нічога ня скажаш. Размах адпаведны заяўленым плянам. Пачынаюць вельмі рана, літаральна а 6.30 раніцы ўжо пачынаюць варочаць зямлю: экскаватары, трубаўкладчыкі, грэйдэры. Дарогі пракладаюць, газ вядуць, каналізацыю робяць. Карацей, гудзяць, мабыць, гадзіны да восьмай вечара працуюць, не раней. Прычым усе — і беларусы, і кітайцы. Тэхніку стараюцца таксама больш беларускую задзейнічаць, прынамсі МАЗы — на асноўных перавозках. На субпадрадзе працуюць ужо асобныя арганізацыі, якія выйгралі тэндэр».

Пра стратэгічную важнасьць глябальнага праекту нагадвае чырвоны плякат, прыкапаны ў пясок пры насьпех асфальтаванай дарозе: «Горача вітаем старшыню КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, якія асабіста ўганаравалі сваёй прысутнасьцю будаўнічую пляцоўку індустрыяльнага парку!».

У часе афіцыйнага візыту ў Беларусь Сі Цзіньпіна сёлета ў траўні было пацьверджана, што «Вялікі камень» будзе фінансавацца паводле прыярытэтнага прынцыпу. Сёлета мяркуецца асвоіць блізу 100 мільёнаў даляраў, нас наступны год плянуецца ўкласьці яшчэ 120 мільёнаў. Агулам першы этап забудовы парку (да 2020 году) запатрабуе больш як 5 мільярдаў даляраў.

XS
SM
MD
LG