Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год барацьбы з «ісламскай дзяржавай»: ці працуе абраная Захадам стратэгія


Год таму, паводле распараджэньня Барака Абамы, амэрыканскія самалёты зрабілі першыя авіярэйды над пазыцыямі арганізацыі, якая называе сябе Ісламскай дзяржавай. Цягам году кааліцыя зьдзейсьніла амаль 6000 падобных авіярэйдаў супраць баевікоў «Ісламскай Дзяржавы Іраку і Леванту» ў Іраку і Сырыі.

Аднак, зьведаўшы пэўныя паразы, баевікі групоўкі захапілі значную тэрыторыю Сырыі і Іраку. Да іх далучаюцца добраахвотнікі з усіх куткоў сьвету. А ўплыў Ісламскай дзяржавы і яе асяродкі распаўсюдзіліся на многія краіны. Таму стратэгія Адміністрацыі Барака Абамы займела нямала ўнутраных крытыкаў.


Адзін з іх — экспэрт інстытуту дасьледаваньняў вайны Крыстафэр Гармэр. «Нашы самалёты сапраўды могуць хутка атакаваць любыя аб’екты ў Сырыі альбо Іраку, але мы нічога ня робім, каб стрымаць разрастаньне Ісламскай дзяржавы», — сьцьвярджае ён.


Амэрыканскія афіцыйныя прадстаўнікі кажуць, што за час авіярэйдаў было зьнішчана 15 000 ісламістаў. Але таксама прызнаюць, што да групоўкі ўвесь час далучаюцца новыя людзі, і армія баевікоў разрастаецца.

Паводле экспэртаў, Захад перадусім прайграе ідэалягічную вайну.


«Я лічу, што Ісламская дзяржава выйграе ў супрацьстаяньні ідэалёгій. Гэта азначае, што іх прапагандзе атрымоўваецца падкрэсьліваць свае дасягненьні і прымяншаць страты», — тлумачыць сваё меркаваньне Дэвіл Гартэнштэйн-Рос — экспэрт фонду абароны дэмакратый.


Праўда, адзначаюць аналітыкі, прапагандысты Ісламскай дзяржавы таксама робяць памылкі і наносяць сабе шкоду прапагандай жорсткасьці.


«Іх крывавыя расправы над закладнікамі і палоннымі, а таксама публікацыя фота і відэа зьнішчэньня людзей, хоць і дэманструюць сілу, але насамрэч антыпрадуктыўныя, бо зьмяншаюць колькасьць патэнцыйных рэкрутаў», — мяркуе экспэрт Паўночна-Заходняга ўнівэрсытэту Мак Браян.


Аднак, нават пасьля гэтых памылак і году актыўных авіяўдараў, саюзьнікі яшчэ не змаглі прымусіць Ісламскую дзяржаву адступіць. Некаторыя перасьцерагаюць, што гэтая вайна можа доўжыцца не адзін год.

XS
SM
MD
LG