Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўракамісіі распрацавалі плян па выхадзе Грэцыі з эўразоны


Сьцяг Эўрапейскага Зьвязу лунае па-над старажытным храмам Партэнон на вяршыні Акропаля ў Атэнах, 7 ліпеня 2015 году
Сьцяг Эўрапейскага Зьвязу лунае па-над старажытным храмам Партэнон на вяршыні Акропаля ў Атэнах, 7 ліпеня 2015 году

Краіны Эўразьвязу акрэсьлілі тэрмін да канца тыдня, цягам якога грэцкі ўрад мусіць падрыхтаваць дэталёвы плян рэфармаваньня эканомікі. Дакумэнт будзе разгледжаны на пазаплянавым саміце ЭЗ у Брусэлі 12 ліпеня.

У выпадку, калі бакі чарговым разам ня здолеюць дамовіцца пра мэханізмы рэструктурызацыі грэцкага доўгу, давядзецца канстатаваць банкруцтва Грэцыі і яе выхад з эўразоны.

На ўчорашняй сустрэчы лідэраў ЭЗ кіраўнік Эўрапейскага цэнтрабанку Марыё Драгі заявіў, што грэцкія банкі, якія зазнаюць магутны ціск і таму прыпынілі працу на неакрэсьлены час, здольныя выжыць да канца тыдня, але «наўрад ці нашмат даўжэй». І калі ў нядзелю ніякіх пэрспэктываў кампрамісу не акрэсьліцца, рэгулятар будзе вымушаны спыніць экстраную падтрымку банкаў Грэцыі.

Нягледзячы на абяцаньні адчыніць дзьверы для кліентаў 7 ліпеня, банкаўскія ўстановы па-ранейшаму чакаюць добрых навінаў ад крэдытораў.

Як паведаміла Свабодзе жыхарка Салонікаў Дар’я Лебедзева, за выключэньнем некалькіх буйных міжнародных філіяў, якія аказваюць абмежаваны пералік паслугаў для насельніцтва, сёньня банкі не працуюць. Але абяцаюць адчыніцца 9 ліпеня. Жыхарам краіны ад канца чэрвеня дазволена абнаяўліваць ня больш за 60 эўра на дзень. Але, як удакладняе суразмоўніца, чэргі ля банкаматаў заўважна скараціліся — шмат каму ўжо няма чаго здымаць.

Банкамат філіялу Пірэус Банка ў Атэнах. За выключэньнем некалькіх буйных міжнародных філіяў, усе банкі ў Атэнах не працуюць.
Банкамат філіялу Пірэус Банка ў Атэнах. За выключэньнем некалькіх буйных міжнародных філіяў, усе банкі ў Атэнах не працуюць.

Яшчэ адна беларуска, якая жыве і працуе ў Атэнах, Ганна Палякова, мяркуе, што заўтрашні дзень стане сур’ёзным выпрабаваньнем для ўсёй фінансавай сыстэмы краіны — пасьля 10-дзённага прастою банкам трэба рыхтавацца да сапраўднага нашэсьця:

«Першасныя праявы нэрвовасьці ў грамадзтве паходзяць, як правіла, з боку самага неабароненага сацыяльнага пласта, ад пэнсіянэраў. У гэтым выпадку задача простая: па-першае — забраць з банкаў усё магчымае, каб захоўваць пад падушкай і чакаць, што будзе заўтра, па-другое — спустошыць супэрмаркеты, запасаючыся макаронай, кансэрвамі і г.д. І немалаважна адзначыць, што ў сытуацыі такой працяглай нявызначанасьці настроі тут, мякка кажучы, бунтарскія. Ня ў пляне таго, каб усё разбурыць і зьніштожыць, а ў пляне таго, што грэкі ўжо настолькі стаміліся ад усіх гэтых бясконцых дамоўленасьцяў, па якіх ніяк не атрымліваецца паразумецца, што проста ўжо гатовыя адказаць адмовай на спробы Эўразьвязу „ўратаваць“ Грэцыю, назавём гэта так».

На ўчорашнім экстраным саміце па Грэцыі прэм’ер-міністар краіны Алексіс Цыпрас паабяцаў разьлічыцца з асноўнымі даўгамі, калі цягам 48 гадзінаў крэдыторы пазычаць яшчэ 7 мільярдаў эўра ў якасьці «прамежкавай дапамогі». Адпаведны запыт цяпер на разглядзе ў прэзыдэнта Эўракамісіі Жана-Клёда Юнкера. Яшчэ да канца чэрвеня Атэны мусілі пагасіць больш за 1,5 мільярда даляраў Міжнароднаму валютнаму фонду, але грошай у бюджэце так і не знайшлося. Агулам зьнешні доўг Грэцыі набліжаецца да 350 мільярдаў эўра.

Бэльгія - Сустрэча лідэраў Эўразьвязу 7 ліпеня 2015 году, (зьлева направа) канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Жан-Клод Юнкер, прэзыдэнт Эўрапейскага цэнтральнага банку Марыё Драгі, прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд, прэм'ер-міністар Гішпаніі Марыяна Рахой, прэм'ер-мінісар Грэцыі Алексіс Цыпрас
Бэльгія - Сустрэча лідэраў Эўразьвязу 7 ліпеня 2015 году, (зьлева направа) канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Жан-Клод Юнкер, прэзыдэнт Эўрапейскага цэнтральнага банку Марыё Драгі, прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд, прэм'ер-міністар Гішпаніі Марыяна Рахой, прэм'ер-мінісар Грэцыі Алексіс Цыпрас

Тым часам «асаблівы статус» Грэцыі, якім яна карыстаецца апошнія гады, нэрвуе іншых сябраў Эўразьвязу. Прыкладам, прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце па выніках учорашняй сустрэчы ў Брусэлі так ацаніла пэрспэктывы грэкаў у размове з журналістамі:

«Вечарынка за кошт астатніх падыходзіць да завяршэньня. Эўропа і эўразона дакладна не гатовыя плаціць за бессаромныя паводзіны ўраду Грэцыі».

Звычку грэкаў жыць не па сродках адзначаюць і беларусы, занятыя ў сфэры аказаньня паслугаў. Спадарыня Вольга ўпершыню прыехала ў Грэцыю яшчэ да таго, як разьліковай адзінкай стаў эўра, пераважна даглядае нямоглых. Кажа, што за прамінулы час істотна вырас як памер прыбыткаў, так і ўзровень запатрабаваньняў. Пры тым, што большых высілкаў дзеля гэтага людзі прыкладаць ня сталі:

Сьцяг Эўрапейскага Зьвязу лунае па-над старажытным храмам Партэнон на вяршыні Акропаля ў Атэнах, 7 ліпеня 2015 году

«Хочуць яны працаваць ці не — ня мне ацэньваць. Але такія думкі насамрэч ёсьць. Прыкладам, многія сем’і трымаюць абслугу. Як правіла, гэта замежнікі, бо мясцовыя на такія ўмовы ня пойдуць — 500–600 эўра грэка ўжо не задавальняюць. Яшчэ памятаю, як на пачатку 2000-х іхнія заробкі былі ў эквіваленце пад 500 даляраў, калі пераводзіць з драхмы. А з уводам эўра і падцягваньнем да сярэднеэўрапейскага ўзроўню прыбыткі аўтаматычна падскочылі ўдвая, а то і ўтрая. Гэта пры тым, што асабліва перапрацоўваць ня сталі. Дык вось яны хоць і лаюцца на Эўразьвяз, але нават з гэтай прычыны вяртацца да драхмы не зацікаўленыя — тады ж і заробкі абваляцца да ранейшага ўзроўню. А пры эўра такой небясьпекі няма: эўрапейцы будуць абурацца, але на рэзкае зьніжэньне дапамогі ня пойдуць».

І хоць эўрапейскія чыноўнікі не адкідаюць магчымасьці дамовіцца адносна новай праграмы фінансавай дапамогі Атэнам у абмен на структурныя рэформы зь яе боку, у нетрах Эўракамісіі распрацаваны сцэнар на выпадак выхаду Грэцыі з эўразоны і нават з Эўразьвязу. Як заявіў прэзыдэнт Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер, існуе рэальны плян дзеяньняў пад кодавай назвай Grexit (новаўтварэньне ад Greece і exit). Паводле ягоных словаў, немагчыма пазьбегнуць падобнага варыянту разьвіцьця падзеяў, калі грэцкія ўлады будуць і надалей спэкуляваць на ўласнай беднасьці і пры гэтым называць крэдытораў «тэрарыстамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG