Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Грэцыі засталося 5 дзён, каб дасягнуць дамоўленасьці з ЭЗ


Тэрмін прадстаўленьня Грэцыяй прапановаў па праграме рэформаў, неабходных для атрыманьня фінансавай дапамогі, заканчваецца ў пятніцу, заявіў кіраўнік Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер.

«Што тычыцца абавязацельстваў перад Грэцыяй з боку Эўрапейскага цэнтрабанку і іншых (інстытутаў), гэта будзе залежаць ад прапановаў, якія грэцкі ўрад павінен зрабіць, самае позьняе, у пятніцу раніцай у 08.30» — сказаў Юнкер журналістам пасьля пазачарговага саміту эўразоны.

Цыпрас: Грэцыя вылучыла прапановы па справядлівым пагадненьні

Грэцыя вылучыла прапанову для дасягненьня сацыяльна справядлівага пагадненьня ў абмен на інвэстыцыі і рэструктурызацыю доўгу — заявіў пасьля саміту прэм’ер Грэцыі Алесіс Цыпрас.

Пагадненьне па грэцкім доўгу яшчэ магчымае, аднак нельга губляць час, заявіў пасьля заканчэньня саміту эўразоны ў Брусэлі прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд.

Дональд Туск, старшыня Эўрапейскай Рады, паведаміў, што дадатковы саміт эўразоны па Грэцыі пройдзе ў нядзелю. Акрамя таго, паводле яго ў нядзелю ж пройдзе саміт усіх 28 краінаў ЭЗ.

«Грэцкі ўрад самае позьняе ў чацвер, 9 ліпеня, прадставіць дэталёва свае прапановы для ўсёабдымных рэформаў» — сказаў ён.

Паводле Туска, ён заклікаў усіх лідэраў знайсьці кансэнсус, які будзе «нашым агульным посьпехам, без пераможаных і пераможцаў».

«Калі гэтага не адбудзецца, гэта значыць канец перамоваў з усімі магчымымі наступствамі, уключаючы найгоршы сцэнар, у якім усе з нас прайграюць. Наша няздольнасьць знайсьці дамоўленасьць можа прывесьці да банкруцтва Грэцыі і яе банкаўскай сыстэмы. Гэта будзе балюча для грэцкага народа. У мяне няма сумневу, што гэта паўплывае на ўсю Эўропу, таксама і ў геапалітычным сэнсе», — заявіў Туск.

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што калі «хтосьці мае ілюзію, што гэта не можа быць вырашана, яны наіўныя». «У нас ёсьць толькі пяць дзён, каб дасягнуць дамоўленасьці» — дадаў старшыня Эўрапейскай Рады.

XS
SM
MD
LG