Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя абвясьціла кампанію «За Беларусь без тэрарызму» і прыгадала ўладам «дохлых пацукоў»


Павал Севярынец, Віталь Рымашэўскі і Генадзь Фядыніч падчас прэсавай канфэрэнцыі

Павал Севярынец, Віталь Рымашэўскі і Генадзь Фядыніч падчас прэсавай канфэрэнцыі

Лідэры БХД, БСДГ і прафсаюзу РЭП хочуць папярэдзіць хвалю правакацыяў і абвінавачваньняў на адрас дэмакратычных сілаў у часе выбарчай кампаніі.

Прадстаўнікі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці напярэдадні прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі абвясьцілі пра пачатак грамадзянскай кампаніі супраць тэрарыстычнай пагрозы «За Беларусь без тэрарызму».

Пра гэта яны паведамілі на прэсавай канфэрэнцыі, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі БХД Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі, кіраўнік БСДГ Станіслаў Шушкевіч, прафсаюзу РЭП — Генадзь Фядыніч.

У прыватнасьці, яны паведамілі, што ў пэрыяд выбараў 2010 году ўлады правялі больш за 160 ператрусаў у памяшканьнях грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў, рэдакцыях незалежных СМІ, а таксама на кватэрах палітыкаў і актывістаў. Былі канфіскаваныя і пашкоджаныя дзясяткі кампутараў і іншая тэхніка. Падставай жа для гэтага былі, нібыта, пошукі сьлядоў падрыхтоўкі тэрактаў сіламі апазыцыі. Тым часам менавіта высокапастаўленыя прадстаўнікі ўладаў краіны рабілі заявы, што нібыта выяўленыя факты падрыхтоўкі тэрактаў апазыцыянэрамі. Пазьней гэтыя «факты» не былі пацьверджаныя.

Адзін з удзельнікаў навастворанай кампаніі, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, у прыватнасьці, адзначыў:

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

«Падчас прэзыдэнцкіх выбарчых кампаніяў 2006 і 2010 гадоў правакацыі і нагнятаньне атмасфэры варожасьці рабіліся з боку ўлады. Высокапастаўленыя асобы заяўлялі пра падрыхтоўку тэрактаў і гвалтоўнае зьвяржэньне ўлады. Пасьля іхнія заявы ня мелі ніякага дакумэнтальнага пацьвярджэньня. Зараз прыйшоў час адказаць за „пацукоў у водаправодзе“, за „зброю і выбухоўку“, якую нібыта знаходзілі ў гаражах у 2010 годзе».

Адной з асноўных задачаў антытэрарыстычнай кампаніі яе стваральнікі назвалі маніторынг фактаў дэзынфармацыі, нагнятаньня атмасфэры нецярпімасьці і варожасьці падчас цяперашняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Віталь Рымашэўскі прадоўжыў:

«Нашу кампанію мы пачынаем дзеля таго, каб папярэдзіць хвалю правакацыяў і абвінавачваньняў на адрас незалежных дэмакратычных сілаў, якая была арганізаваная ў 2006 і 2010 гадах. Мы таксама заяўляем і нагадваем, што ніхто ня мае права пазбавіць грамадзян права на законны мірны пратэст. І зьвяртаем увагу на тое, што датычнымі да тэрарызму могуць быць ня толькі грамадзкія ініцыятыўныя групы, але таксама дзяржслужбоўцы і супрацоўнікі ўсіх сілавых структураў».

Яшчэ адной сур’ёзнай пагрозай для дэмакратыі, правоў і свабодаў падчас выбарчай кампаніі стваральнікі антытэрарыстычнай грамадзянскай кампаніі называюць прарасейскую прапаганду, якая ўсё больш пашыраецца ў Беларусі, заявіў яшчэ адзін удзельнік кампаніі, сустаршыня БХД Павал Севярынец:

Павал Севярынец

Павал Севярынец

«Яшчэ адна пагроза — расейская прапаганда і стварэньне прарасейскіх, у шэрагу выпадкаў датычных да тэрарызму, арганізацыяў, у тым ліку ваенізаваных. Апошнімі гадамі ў Беларусі створаныя дзясяткі такіх арганізацыяў, якія маюць на мэце прапаганду альбо падрыхтоўку акупацыі і зьнішчэньне беларускай дзяржаўнасьці. Пра гэта адкрыта заяўляецца ў СМІ, а свае імпрэзы гэтыя арганізацыі праводзяць у шэрагу выпадкаў пад дахам рай- і гарвыканкамаў альбо нават з дазволу вышэйшай дзяржаўнай улады Беларусі. У Беларусі вядзецца вярбоўка грамадзянаў для ўдзелу ў канфлікце ў Данбасе, дзейнічаюць такія, на наш погляд, адкрыта тэрарыстычныя арганізацыі, як РНЕ, і дзейнічаюць інфармацыйныя парталы, якія адкрыта заклікаюць да зьнішчэньня Беларусі як незалежнай дзяржавы. Таксама ўцягваюць у гэтую дзейнасьць непаўналетніх: ім распавядаюць, хто вораг і як абараняць „русский мир“ на тэрыторыі Беларусі. Безумоўна, шэраг гэтых дзеяньняў падпадае пад Крымінальны кодэкс. Думаю, што абавязак дэмакратычных сілаў — такія выпадкі фіксаваць, зьвяртацца ў пракуратуру і міжнародныя структуры, каб гэтыя факты былі вядомыя шырокай грамадзкасьці, а дзяржаўныя органы дзейнічалі паводле закону ў абарону незалежнасьці Беларусі».

Паводле актывістаў, як першы крок кампаніі — ужо падрыхтаваныя заявы ў Генпракуратуру і КДБ аб пацьверджаньні заяўленых фактаў прадухіленага тэрарызму, а ў выпадку іх адсутнасьці — аб прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці службовых асобаў, якія публічна агучылі беспадстаўныя заявы. Па якіх менавіта фактах будуць звароты ў праваахоўныя органы, арганізатары кампаніі паабяцалі паведаміць пазьней.

XS
SM
MD
LG