Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Мы ўсё чакаем, хто наступны, а яго ўсё няма», — магілёўцы пра наступнага прэзыдэнта Беларусі


На пытаньне Свабоды «Каго вы бачыце наступным прэзыдэнтам Беларусі?» адказвалі жыхары Магілёва.

— Акрамя Лукашэнкі нікога ня будзе. Калі б Лукашэнкі не было, дык усё адно нікога ня бачу. Мо нехта і вылез з Амэрыкі. Так кандыдатаў няма. Але мы ў цэнтры Эўропы жывём, дык трэба было ўступаць у Эўразьвяз.

— Цяпер мяняць абраны курс — можа, калісьці гэта і будзе на карысьць, але дужа страшэнныя перамены нас будуць чакаць. Абраны шлях разьвіцьця, акрамя некаторых аспэктаў эканомікі, мне падаецца слушным. Таму наступны прэзыдэнт павінен працягваць гэты курс.

— Каго б я ні бачыла — усё роўна вынік будзе адзін. Наступны прэзыдэнт павінен проста даць народу жыць, працаваць. Не заціскаць гайкі бясконца, а даць людзям свабоду.

— А што, у нас ёсьць выбар такіх асобаў, якія могуць адказваць за Рэспубліку Беларусь? Гэта павінен быць адказны чалавек, павінен быць дзяржаўнікам. Мае прайсьці прыстойны шлях кіраваньня дзяржаўнымі структурамі. Павінен быць патрыётам і ганарыцца краінай.

— Я нават ня ведаю, за каго галасаваць, бо ніколі не галасаваў. Прэзыдэнт павінен думаць правільна — ня секчы з пляча. Мае наладжваць кантакты зь іншымі краінамі. А яшчэ эканоміку падняць, бо ў нас праблемы на працы. Скарачэньні паўсюль.

— Я ня ведаю альтэрнатывы на ягонае месца. Жывём мы цяпер больш-менш някепска. Гэтак можна жыць і далей. Каго новага ні пастаў, адразу добра ня будзе.

— Няхай прыйдзе той, хто зможа «разруліць» цяперашнюю сытуацыю ў краіне. Моцны эканамічны крызіс цяпер. Магілёў цяпер на самых нізкіх пазыцыях. Яго трэба ўзьняць у топ які. Але я такога чалавека ня ведаю.

— Нам у Беларусі цяпер нічога мяняць ня трэба на дадзеным прамежку жыцьця. У нас ёсьць прыклад Украіны. У Расеі ня так усё добра. У нас жа пакуль ня ўсё кепска.

— Я яшчэ нікога ня бачу, але час ужо нешта рабіць у лепшы бок. Цяперашняе ўсё састарэла. І зрухаў ніякіх.

— Акрамя Лукашэнкі, на даляглядзе нікога ня бачна. Але ў нашай краіне ёсьць і разумныя, і здольныя, і таленавітыя людзі. Аднак іх чамусьці не відаць. Вельмі шкада. Мы ўсё чакаем, хто наступны, а яго, наступнага, усё няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG