Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палхоўскі: «З-за Грэцыі наўрад ці мы будзем назіраць сур’ёзныя, маштабныя ўзрушэньні на фінансавых рынках»


Манеты эўра на фоне старой банкноты Грэцыі ў 1.000 драхмаў, ілюстрацыйнае фота

Манеты эўра на фоне старой банкноты Грэцыі ў 1.000 драхмаў, ілюстрацыйнае фота

Старшы аналітык групы кампаніяў «Форэкс-клюб» Валер Палхоўскі выказаў Свабодзе меркаваньне, што той, па вялікім рахунку, тэхнічны дэфолт, які адбыўся ў Грэцыі, пакуль сур’ёзных наступстваў за сабой не пацягне:

Валер Палхоўскі

Валер Палхоўскі

«Таму што МВФ ня стаў прысьпешвацца, ня стаў абвяшчаць Грэцыі дэфолт. Ён, у прынцыпе, лічыць, што ў цяперашні момант існуе толькі пратэрміноўка плацяжу. Гэта азначае, што Грэцыя пакуль ня мае магчымасьці атрымліваць дадатковыя фінансавыя рэсурсы ад МВФ. Без падтрымкі эўрагрупы, бяз той фінансавай дапамогі, якую не працягнулі міністры фінансаў, знайсьці Грэцыі грошы будзе вельмі складана.

Адкуль яны могуць узяцца для яе? Толькі калі ў нядзелю грэкі прагаласуюць на рэфэрэндуме „за“, і калі ў новага ўраду будзе нейкі мандат (хаця наўрад ці будзе гэта ўжо ўрад Алексіса Цыпраса, таму што ён намякаў на тое, што сыдзе ў адстаўку), толькі тады можна будзе казаць, што будзе трэцяя праграма фінансавай дапамогі з боку эўразоны, і грэкі атрымаюць нейкую дадатковую падтрымку, і пакуль пазьбегнуць дэфолту.

Калі на рэфэрэндуме грэкі скажуць „не“, то, скажам так, што ў цяперашні момант наступствы фінансістамі наагул дакладна разумеюцца і не пралічваюцца.

Але, паводле майго асабістага меркаваньня, наступствы наўрад ці будуць нейкімі сур’ёзнымі і маштабнымі, таму што трымальнікамі даўгоў і аблігацыяў Грэцыі ў цяперашні момант зьяўляюцца Эўрапейскі цэнтральны банк і Міжнародны валютны фонд. Таму гэты дэфолт наўрад ці перакінецца на банкаўскі сэктар эўразоны і наўрад ці будзе несьці пагрозу на рэальны сэктар. Ну а сама Грэцыя ў стуктуры ВУП эўразоны займае толькі 2,5%. Таму, мне падаецца, будзе пэўная паніка на фінансавых рынках, нават некаторыя распродажы, але цягам ліпеня сытуацыя стабілізуецца.

Такім чынам, наўрад ці мы будзем назіраць нейкія сур’ёзныя, маштабныя ўзрушэньні на фінансавых рынках. Для нас гэта выльецца ў тое, што мы пабачым яшчэ больш нізкі курс эўра. Цалкам верагодна, ён даволі хутка зьнізіцца да адзнакі 1,05. У беларускіх абменных пунктах банкі ў такіх выпадках могуць выставіць нейкі парытэт.

Больш маштабных узрушэньняў для ўсясьветнай фінансавай сыстэмы, для беларускай эканомікі я ў гэтай сытуацыі ня бачу», — зазначыў Валер Палхоўскі.

Грэцыя плянуе 5 ліпеня правесьці рэфэрэндум, на якім жыхарам краіны будзе зададзенае пытаньне, ці ўхваляюць яны прапановы, зробленыя ў канцы чэрвеня Эўракамісіяй і МВФ. Прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас лічыць, што гэтыя прапановы заганяюць краіну ўсё далей у заганнае кола бюджэтнай эканоміі, і заклікаў людзей галасаваць супраць. Эўрапейскія лідэры ўспрынялі рэфэрэндум як галасаваньне фактычна па пытаньні выхаду Грэцыі з эўразоны.

У канцы 2011 году Грэцыя ўжо зьбіралася праводзіць аналягічны рэфэрэндум, але ў канчатковым выніку ён быў адменены, Атэны наладзілі дыялёг зь міжнароднымі крэдыторамі.

Сёньня апоўначы скончыўся тэрмін грэцкага плацяжу на 1,55 млрд эўра, які краіна павінна была ажыцьцявіць на карысьць Міжнароднага валютнага фонду — чарговае пагашэньне па крэдыце, атрыманым ёй ад МВФ яшчэ ў 2010 годзе.

XS
SM
MD
LG