Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напачатку мінулага тыдня здавалася, што нейкае, хаця б прамежкавае пагадненьне паміж Грэцыяй і яе галоўнымі крэдыторымі будзе дасягнутае, урад Алексіса Цыпрыса прадставіў МВФ і Эўразьвязу новыя прапановы, сутнасьць якіх палягала, зразумела ж, у зацягваньні грэцкіх паясоў.

Крэдыторы ўбачылі ў прапановах прадмет для дыскусій, біржы адрэагавалі на сыгналы наконт пагадненьня падвышэньнем курсаў акцый. Але потым усё пайшло ня так.

Па-першае, грэцкі прэм’ер пад ціскам сваёй партыі і калегаў па кабінэту адклікаў адзін з пунктаў прапанаваных рэформаў, што тычыўся пэнсійнага забесьпячэньня. Для эўрапейскіх міністраў і лідэраў ужо гэта стала шокам — у Эўропе так справы ня робяцца. Перамовы былі прыпыненыя, але Цыпрас вырашыў канчаткова ўбіць цьвік у труну пагадненьня, абвясьціўшы пра правядзеньне рэфэрэндуму аб эканамічнай палітыцы. Пасьля чаго пра перамовы ўжо ніхто не прыгадваў і пачаўся адлік часу да выбуху эканамічнай, а можа і палітычнай бомбы.

Да 30 чэрвеня Грэцыя павінна заплаціць крэдыторам 1.7 мільярдаў эўра. Гэта шмат, але гэта зусім не фантастычныя грошы. У параўнаньні, скажам, з агульным доўгам Грэцыі ў 240 мільярдаў эўра.

Але на прынцып пайшлі ўсе. Эўразьвяз вырашыў прыкладна пакараць «непакорлівае дзіця», паказаць, што палітыка шантажу і вайны нэрваў зь ім ня пройдзе. Раздражненьне назапашвалася даўно, паводле апошніх апытаньняў у Нямеччыне, скажам, большасьць ужо мяркуе, што для ўсіх было б лепш, калі б грэкі выйшлі з зоны эўра. Ня выключана, што адыграў сваю ролю і момант псыхалягічнага кантэксту: з Пуціным справіцца не атрымліваецца, з «Ісламскай дзяржавай» не атрымліваецца, нават з патокам нелегальных мігрантаў — ня надта. Дык мы Эўразьвяз ці не Эўразьвяз? Хоць некага мы можам прымусіць слухацца і выконваць правілы? Тым больш за нашыя ж грошы.

Але можна зразумець і лёгіку Алексіса Цыпраса. Ён ішоў на выбары і перамог менавіта з абяцаньнем ня танчыць пад дудку крэдытораў, не паніжаць узровень жыцьця, ня рэзаць пэнсіі і сацыяльныя праграмы. І зараз яму ўсё гэта забыць і пачаць танчыць? А ягоныя (і не ягоныя) выбаршчыкі гэта моўчкі прымуць?

Майдан у Атэнах?

Калі нехта лічыць, што праспэкты Баграмяна і Майданы здараюцца толькі ў постсавецкіх краінах, то памыляецца. Тым больш што якраз грэкі ў гэтым сэнсе народ на пад’ем вельмі лёгкі. І ад забурэньняў краіну трэсла апошнім часам не адзін раз. І тон пратэстоўцаў быў прыкладна такі самы, як і ў Армэніі — патрабуем і рабіце. Падстава (ці нагода) пратэстаў у Армэніі, дарэчы, падобная на тую, на якую штурхае Цыпраса ЭЗ — падвышайце даходы бюджэту, рэжце выдаткі.

«Нам бы іх праблемы» — могуць сказаць беларусы. Ну, ўсё спазнаецца ў параўнаньні. Сярэдні беларус вельмі багаты ў параўнаньні, скажам, з жыхаром Рэспублікі Чад. Але хіба беларус бярэ гэта пад ўвагу, ацэньваючы свой дабрабыт? Параўноўвае са сваім дабрабытам раней і з дабрабытам суседзяў. Ну дык і грэкі робяць тое самае.

І што мусіць рабіць грэцкі прэм’ер? Мэркэль ці Алянд, у выпадку чаго, за яго мець справу з атэнскім «праспэктам Баграмяна» ня будуць — «гэта вашы праблемы, спадар Цыпрас». А ў выпадку, калі б ён пайшоў насустрач ЭЗ, на вуліцы маглі б выйсьці і яго падманутыя прыхільнікі, і яго палітычныя праціўнікі. А яму гэта трэба?

Так што ва ўсіх былі (і застаюцца) важкія рэзоны ісьці да канца. Праўда, вынік можа стаць несуцяшальным для усіх.

Троху перадгісторыі

Казаць «ніколі такога не было раней» — асаблівасьць любога часу. Але некаторыя рэчы сапраўды здараюцца ўпершыню. Адным з элемэнтаў эўрапейскага адзінства была пэўная палітычная культура — здольнасьць дамаўляцца. Ня ўсё прапісана ў правілах, законах і дамовах. Часам яны не прадугледжваюць ніякага выхаду зь юрыдычнага ці палітычнага пату, выхад — калі людзі паміж сабой дамовяцца, пойдуць на кампраміс. Раней усё ж неяк дамаўляліся. Ну а калі зараз не атрымаецца? А тады кепска будзе.

Апошнім часам часта прыгадваюць Першую сусьветную вайну, балазе стогадовый «юбілей» летась быў. Перад яе пачаткам таксама ва ўсіх былі свае рэзоны, усе імкнуліся проста зламіць волю партнэра сваёй воляй, перайграць у вайне нэрваў. У выніку спаборніцтва ператварылася ва ўсеэўрапейскую бойню. Але варта дадаць адзін момант. Крызіс лета 1914 году быў далёка ня першым такога кшталту. Сусьветная вайна ледзь ня ўспыхнула падчас першага мараканскага крызісу, яна ледзь не пачалася пасьля анэксіі Босьніі Аўстра-Вугоршчынай. Раз пагулялі цагліцамі, а пасьля ўсё ж дамовіліся, два пагулялі, але ў рэшце дамовіліся, а чарговы раз не атрымалася. Але не атрымалася ў межах каскаду аднатыпных крызісаў.

Тое самае, хаця зусім у іншы час і ў іншай плашчыні, адбываецца і адносна Грэцыі. Раз вырашылі, два вырашылі (у асноўным за кошт таго, што саступалі Атэны). Ну а цяпер не атрымалася, так выглядае.

Пэрспэктывы

І што ж з гэтага будзе? Для Грэцыі дык пэўна нічога добрага. Народ там, як і ў Беларусі, шануе свайго кіраўніка, які абяцае наладзіць усё па справядлівасьці і не скарыцца замежным хцівым драпежнікам, але інтуіцыяй адчувае, калі трэба ці то мяняць рублі на даляры (у Беларусі), ці то хуценька здымаць грошы з рахункаў у банках (у Грэцыі). На пазамінулым тыдні народ там за 5 дзень забраў з банкаў 4 мільярды эўра (!). 29 чэрвеня камэрцыйныя банкі ня будуць працаваць, бо баяцца, што народ зьмяце ўсё.

Аднак праблема ня толькі і ня столькі ў Грэцыі, а ў эўразоне і ў Эўразьвязе. Можа нічога страшнага і ня здарыцца. Ну страсе Грэцыю моцна, вернецца яна на родную драхму і будзе жыць, як жыве Польшча на злотым, Чэхія — на кроне, і многія іншыя краіны ЭЗ.

Але гэта будзе першым выпадкам, калі эўразона не пашыраецца, а звужаецца. Дэфолт Грэцыі створыць праблемы для яе прыватных крэдытораў, скажам, нямецкіх банкаў. Грэцкія фінансавыя абавязацельствы ў актывах гэтых банкаў ператворацца ў паперу. Але чаго ўсе больш за ўсё перасьцерагаюцца — дык гэта эфэкту даміно, што ўсьлед за Грэцыяй «пасыплюцца» і іншыя краіны Зьвязу, якія таксама перажываюць эканамічныя праблемы. У рэшце рэшт можа абрынуцца і ўвесь будынак адзінай эўравалюты, якая па сутнасьці ёсьць беспрэцэдэнтным праектам. Усё ж формула «шмат дзяржаваў — адна валюта» выглядае крыху штучнай, ды і ўзрост гэтага праекту менш за 20 гадоў. І ці ня стане грэцкі дэфолт і выхад з зоны эўра тым каменьчыкам, які выкліча лавіну?

Насамрэч гэтага проста ніхто ня ведае. І ўсе разумныя заднім розумам.

У другой палове ХХ стагодзьдзя і напачатку ХХІ здавалася, што крызісы кшталту Вялікай дэпрэсіі засталіся ў мінулым, што абноўлены капіталізм навучыўся прадухіляць іх. Але ў 2008 годзе высьветлілася, што, як той казаў, на кожнага мудраца даволі прастаты. Праўда, стрэсла ўсё ж ня так, як ў 20-я-30-я гады ХХ стагодзьдзя. Аднак адчувальна, і прычым усіх. І заднім розумам сёе-тое было патлумачана. Прадухіліць толькі не атрымалася.

Дык вось і з грэцкім крызісам можа быць тое самае. У рэшце рэшт і крызіс 2008 году пачаўся з лякальных праблемаў на амэрыканскім рынку іпатэкі.

Можа, паўтаруся, нічога такога і ня будзе. У рэшце рэшт супольны эканамічны і палітычны розум Эўропы, дапускаючы грэцкі дэфолт з-за доўгу ў 1.7 мільярда эўра, напэўна не пайшоў бы на гэта, калі б ведаў ці нават лічыў дастаткова верагодным, што працэс пойдзе шырока і закране не адну Грэцыю. Але пры ўсёй павазе да гэтага розуму неяк прыгадваецца, што чалавеку ўласьціва памыляцца. У ліпені 1914 году Эўропай кіравалі таксама ня дурні.

Хто скарыстаецца з праблемаў Грэцыі?

Дарэчы, грэцкім дэфолтам можа наўпрост скарыстацца Пуцін. Выратаваць Грэцыю ён у любым выпадку ня зможа, калі б нават хацеў, але сытуацыя, калі саюзьнікі па ЭЗ дапамагаць адмовіліся, а далёкая Расея дапамагае, створыць пэўны псыхалягічны кантэкст, які ў Грэцыі і так своеасаблівы зараз, гледзячы па тым, які ўрад грэкі сабе абралі. Тады Грэцыя, скажам, можа прагаласаваць супраць санкцый адносна Расеі, якія прымаюцца кансэнсусам. Ці, скажам, у аднабаковым парадку спыніць выконваць забарону на экспарт у Расею падсанкцыйных тавараў. А межаў жа паміж Грэцыяй і астатнім ЭЗ няма. І гэтыя тавары, як вада празь дзірку ў плаціне, пойдуць праз Грэцыю ў РФ. А мэханізму выключэньня з ЭЗ, між іншым, няма.

Даволі гіпатэтычны сцэнар, але дае ўяўленьне пра магчымыя нечаканыя наступствы грэцкага дэфолту.

Паводле старажытнагрэцкай міталёгіі, калі Пандора адкрыла знакамітую скрыню, то на чалавецтва зь яе абрынуліся ўсе беды. Адна толькі рэч засталася на дне скрыні — надзея. Яна людзям не дасталася.

Зараз надзея ў людзей ёсьць. І гэта можа і ўсё, што ў іх ёсьць.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG