Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У бліжэйшыя некалькі дзён праект аб’яднаньня Эўропы, які ажыцьцяўляецца апошнія 60 гадоў, можа радыкальна зьмяніцца, мяркуе аглядальнік The New York Times Нэйл Ірвін.

«Але мы пакуль ня ведаем, якога роду ператварэньне гэта будзе» — дадае ён.

26 чэрвеня ўрад Грэцыі спыніў перамовы з МВФ і іншымі эўрапейскімі краінамі ды аб’явіў, што 5 ліпеня правядзе рэферэндум аб тым, ці варта прымаць прапановы крэдытораў.

Калі электарат адкажа «так», у Грэцыі працягнецца палітыка жорсткай эканоміі, ад якой пакутуе насельніцтва, як плата за захаваньне эўра і манэтарную стабільнасьць. Адказ «не» амаль напэўна азначае выхад з эўразоны і стварэньне грэцкай валюты.

«У кароткатэрміновай пэрспэктыве гэта прынясе фінансавы хаос, але ў сярэднетэрміновай — шанец на адраджэньне, паколькі з абясцэненай валютай канкурэнтаздольнасьць краіны павысіцца» — лічыць Нэйл Ірвін.

Паводле аўтара, сцэнар, у якім Грэцыя адкідае прапановы крэдытораў і застаецца ў эўразоне — немагчымы.

Што можа здарыцца цяпер? Эўропа, піша Нэйл Ірвін, напэўна распрацавала пляны на выпадак выхаду Грэцыі з еўразоны. Тут магчымы таксама «палавіністы выхад»: эўра застаецца валютай Грэцэі, але на яго накладзены настолькі жорсткія і пэрманэнтныя абмежаваньні, што яно фактычна стане іншай валютай, чым эўра ў Рыме або Парыжы.

«У геапалітычным пляне [выхад з эўразоны] штурхне Грэцыю да збліжэньня з варожай Расеяй. Паўстане прэцэдэнт, які азначае, што еўра і, у больш шырокім сэнсе, ЭЗ меней трывалыя, чым хацелі б пераканаць сьвет эўрапейскія лідэры» — заключае аглядальнік The New York Times.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG