Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік СБУ пайшоў у адстаўку. «Гэта не раскол, гэта канфлікт» — палітоляг


Уладзімер Фясенка

Уладзімер Фясенка

Вярхоўная рада Ўкраіны адправіла ў адстаўку кіраўніка Службы бясьпекі краіны (СБУ) Валянціна Налівайчанку. Адпаведную ініцыятыву прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі падтрымалі 248 дэпутатаў, пры мінімальна патрэбных 226.

Украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што гэта ня сьведчыць пра раскол у кіроўнай кааліцыі.

«Так, гэтае пытаньне будзе разглядацца ў Вярхоўнай Радзе. Чаму ўзьнікла гэтая канфліктная сытуацыя? Я б не сказаў, што гэта раскол — гэта канфлікт. Наколькі я разумею, да працы кіраўніка СБУ былі пытаньні. Яму была прапанаваная новая праца — дзьве пазыцыі, і досыць высокія. Напачатку ён пагадзіўся, а пасьля адмовіўся і пачаў рабіць гучныя заявы. Фактычна, распачаў піяр-кампанію. Гэта толькі ўзмацніла жаданьне прэзыдэнта звольніць яго, бо ў адносінах прэзыдэнта і кіраўніка СБУ ўзьнікла напруга. Сытуацыя, калі прэзыдэнт і кіраўнік СБУ знаходзяцца ў становішчы напругі і недаверу, — гэта непрымальная сытуацыя. Асабліва што тычыцца сфэры нацыянальнай бясьпекі, за якую прэзыдэнт адказвае. Таму нехта мусіць сыходзіць, і натуральна, што найхутчэй мае сысьці кіраўнік СБУ. Але затым распачаўся палітычны торг у парлямэнце.

Безумоўна, сытуацыя ў кааліцыі няпростая, але там больш крытыкі адносна ўраду, а не прэзыдэнта. Але ў гэтым выпадку я так разумею, што прадстаўнікі кааліцыі вырашылі таксама выказаць свае пажаданьні. Да прыкладу, адносна пашырэньня сваёй квоты ва ўрадзе. Таму расколу няма, але ёсьць складаная сытуацыя ў кааліцыі. І ёсьць канфліктная сытуацыя. Пытаньне будзе разглядацца, найхутчэй, у Вярхоўнай Радзе. І калі будзе прагаласавана за прапанову прэзыдэнта, то ўсе праблемы і будуць вырашаныя. Калі ж не, то будзе створана абсурдная сытуацыя. Вось тады можа распачацца крызіс. Прэзыдэнт будзе вымушаны вынаходзіць нейкае іншае выйсьце. І хто ведае, якія гэта будуць варыянты выйсьця з крызісу. Прынамсі, не нармальная сытуацыя, калі ў прынцыповых кадравых пытаньнях кааліцыя не падтрымлівае прэзыдэнта. Тады прэзыдэнцкая фракцыя можа выставіць свае прэтэнзіі таксама».

«Як бы вы пракамэнтавалі вынікі перамоваў у Менску адносна сытуацыі ў Данбасе і як ацэньваеце цяперашняе становішча на ўсходзе Ўкраіны?»

«Цяпер нельга чакаць якогасьці прарыву ў перамовах. Бо, на жаль, пазыцыі бакоў прынцыпова адрозьніваюцца. Прынцыпова. Гэта тычыцца і выбараў на Данбасе, і якой мае быць далейшая пэрспэктыва Данбасу, і шмат чаго іншага. Але ключавая праблема, якая ёсьць галоўнай перашкодай на шляху перамоваў, — гэта тое, што ўкраінскі бок заяўляе: найперш неабходна спыніць агонь, забясьпечыць рэальнае замірэньне, і толькі пасьля гэтага дамаўляцца пра палітычнае ўрэгуляваньне. Сэпаратысты кажуць, што не: давайце спачатку дамовімся пра палітычнае ўрэгуляваньне, а пасьля мы перапынім агонь. А гэта азначае, што гэта фактычны шантаж — мы будзем страляць, пакуль вы ня выканаеце нашы патрабаваньні. У выніку нічога і не вырашаецца. Сытуацыя ня рухаецца зь месца і зьяўляецца амаль што тупіковай. Пакуль ня будзе прыпынены агонь, ні пра які прагрэс на перамовах ня можа ісьці гаворка».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG