Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка ўнёс у парлямэнт праект пастановы аб звальненьні кіраўніка СБУ


Валянцін Налівайчанка

Валянцін Налівайчанка

Галасаваньне за адстаўку Валянціна Налівайчанкі з пасады кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны можа абыцца ўжо сёньня.

Праект дакумэнта апублікавалі раніцай чацьвярга на сайце Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Прадстаўляць праект на пленарным пасяджэньні парлямэнта будзе прадстаўнік прэзыдэнта ў Вярхоўнай Радзе Сьцяпан Кубіў.

Прычына магчымага звальненьня кіраўніка СБУ не названая. Раней зьяўленьне такой пастановы анансаваў лідэр фракцыі «Блёк Пятра Парашэнкі» Юры Луцэнка.

Паводле яго слоў, Пятро Парашэнка прапанаваў старшыні СБУ «ўзначаліць іншы кірунак», аднак Валянцін Налівайчанка пазьней заявіў, што не плянуе ісьці ў палітыку.

Юры Луцэнка адзначыў, што прозьвішча новага кіраўніка Службы бясьпекі мае права называць толькі прэзыдэнт.

Юры Луцэнка

Юры Луцэнка

«Прэзыдэнт лічыць, што ў цяперашняй сытуацыі СБУ мае ўзначальваць не палітык, а кадравы прафэсіянал выведвальнай справы. І ён лічыць, што мае права як галоўнакамандуючы і чалавек, упаўнаважаны Канстытуцыяй, зьмяніць кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны», — заявіў Юры Луцэнка.

Чакаецца, што новым кіраўніком СБУ можа стаць адзін зь цяперашніх намесьнікаў старшыні Службы бясьпекі.

Магчымая адстаўка Налівайчанкі, якога падтрымлівае партыя Віталя Клічко «Ўдар» сьведчыць пра раскол у кіроўнай кааліцыі ва Ўкраіне. Ва «Ўдары» заявілі што ня будуць галасаваць за адстаўку Налівайчанкі.

Налівайчанка быў кіраўніком СБУ за часамі прэзыдэнцтва Віктара Юшчанкі, некаторы час быў амбасадарам Украіны ў Менску.

XS
SM
MD
LG