Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавек-майка» Юры Рубцоў зрабіў тату «Лукашэнка, сыходзь»


Юры Рубцоў

Юры Рубцоў

«Хімік» Юры Рубцоў адмыслова да Дня Волі зрабіў на грудзях татуіроўку. Надпіс «Лукашэнка, сыходзь», паводле асуджанага на абмежаваньне волі, адпавядае турэмнай традыцыі і адначасова застаецца палітычна актуальным.

«Трэба ж нагадаць пра тое, за што я тут сяджу. Пачалося ўсё з таго, што я быў на Чарнобыльскім шэсьці ў майцы з надпісам „Лукашэнка, сыходзь“, якую міліцыянты зь мяне сарвалі і гэтак мяне адправілі ў суд. Цяпер, мяркую, разам са скурай надпіс не сарвуць».

Юры Рубцоў кажа, што тату яму зрабілі па ўсіх правілах. Працэдура праходзіла досыць балюча, але «бяз болю нічога не бывае». Мова тату — расейская. Рубцоў жартуе, што ня стаў выпрабоўваць «мастака» на веданьне мовы, каб не атрымалася памылкі, якую немагчыма будзе выправіць. Суседзі Юрыя Рубцова па інтэрнаце, паводле палітвязьня, зьмест тату падтрымліваюць.

Напярэдадні Юры Рубцоў атрымаў з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС адказ на сваю скаргу, што ўнутраная інструкцыя ўстановы супярэчыць Канстытуцыі. «Хіміку» адказалі, што ніякіх супярэчнасьцяў няма. «Але ніякіх доказаў у адказ на мае аргумэнты не прывялі», — заўважае Юры Рубцоў.

Цягам тыдня «хімік» Юры Рубцоў зноў не працаваў. Ён па-ранейшаму настойвае, каб яму далі працу з заробкам, які адпавядае сярэдняму ў краіне. Палітвязень пагаджаўся працаваць і на месцы зь меншым заробкам, аднак адмаўляўся падпісваць дамову з працадаўцам, бо лічыць, што пры сваім статусе асуджанага ня мае на гэта права. Апошні раз яму прапаноўвалі працу кіроўцы ў шпіталі. Ён пагадзіўся працаваць, але без падпісаньня дамовы. У выніку на працу яго так і ня вывезьлі.

«У камэндатуры мне па-ранейшаму нерэгулярна выдаюць недзяржаўныя газэты, на якія я падпісаўся. Гэта робіцца адмыслова, каб я не раздаваў гэтыя газэты іншым „хімікам“. Міліцыянты лічаць, што я магу загітаваць іх у апазыцыю. А людзі тут сапраўды без газэт нічога ня ведаюць. Некаторыя шчыра дагэтуль мяркуюць, што Расея Крым не захапіла войскамі, а ён сам далучыўся», — распавёў Юры Рубцоў пра іншых «хімікаў».

Грамадзкі актывіст з Гомеля Юры Рубцоў асуджаны на 1,5 года «хіміі» за зьнявагу судзьдзі Савецкага раённага суду Кірыла Палулеха, які пагадзіўся судзіць Рубцова паўраспранутым. З канца 2014 году Юры Рубцоў адбывае пакараньне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну.

XS
SM
MD
LG