Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Юрый Рубцоў не стаў кіроўцам аўтамабіля ў Пружанскім шпіталі з заробкам у 2 мільёны рублёў


Юры Рубцоў

Юры Рубцоў

Юрый Рубцоў на «хіміі» ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну знаходзіцца са сьнежня мінулага году, і дагэтуль не працуе. Палітвязень неаднойчы заяўляў міліцыянтам, што не адмаўляецца працаваць, але патрабуе заробку, які адпавядае сярэднестатыстычнаму ў Беларусі.

Першыя прапановы працы, паводле Юрыя Рубцова, і блізка не адпавядалі гэтым крытэрам і таму ён іх адхіліў. У лютым ў спэцкамэндатуры Куплін пачалі пагражаць Юрыю Рубцову завядзеньнем супраць яго новай крымінальнай справы нібыта за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня. Апошнюю прапанову аб працаўладкаваньні — ў раённы шпіталь кіроўцам аўтамабіля — Юрый Рубцоў не адхіліў, але працы гэтак і не атрымаў. Вось што ён сам распавёў пра прычыны.

«Вось прапанавалі працу — ажно за 2 мільёны рублёў у месяц, кіроўцам у Пружанскай бальніцы. Пытаюся ў міліцыянта: Я ня маю права адмовіцца, я абавязаны працаваць? Так, адказвае, абавязаны. Тады, кажу, паехалі, буду працаваць. Апрануўся, выхаджу, ідзем з міліцыянтам да аўтамабіля, як ён мяне пытае, ці буду падпісваць працоўную дамову. Не , адказваю. Калі я абавязаны працаваць, то вы мусіць заключаць такую дамову, а я гэта ня маю права такую дамову падпісваць. Бо артыкул 22 Працоўнага кодэксу адназначна кажа, што працоўныя дамова, якая заключаная пад нейкай пагрозай, лічыцца несапраўднай».

Паводле Юрыя Рубцова, супрацоўнік міліцыі спэцкамэндатуры Куплін пасьля гэтай размовы нібыта складаў нейкі дакумэнт, але Юрыю Рубцову яго не паказаў і ні пра што не папярэджваў. «Хімік» Рубцоў не выключае, што міліцыянты назапашваюць доказы ягонай віны ў адмове ад адбыцьця пакараньня, але яго пры гэта не інфармуюць.

Юры Рубцоў распавёў, чым займаюцца іншыя «хімікі» ў спэцкамэндатуры Куплін. Аказваецца, шмат каго зь іх возяць працаваць на уборку камянёў з палёў, ці на вырубку дрэў уздоўж меліярацыйных каналаў. Дамоў ні з кім не заключаюць, абураецца Юры Рубцоў.

«Прыяжджаюць аўтобусы і вязуць людзей на працу. Дамовы не заключаюць, хто грошы за гэтую працу будзе атрымліваць, невядома. Міліцыянтам, атрымліваецца, выгадна, каб „хімікі“ былі галодныя, халодныя, каб былі задаволеныя ўжо тым, што іх там сьняданкам пакормяць. Нібыта нікога не прымушаюць, едзь, хто хоча, але людзі, каб толькі раз нармальна паесьці, мусяць пагаджацца працаваць задарма. Ім сказалі, што яны абавязаны працаваць, яны і ідуць».

Юрый Рубцоў таксама паведаміў, што яму невядомыя вынікі праверкі супрацоўнікаў мясцовай управы Сьледчага камітэту па справе аб зьнявазе ім міліцыянта. «Мяне выклікалі на допыт, а чым закончылася гэтая праверка мне невядома», — сказаў Юрый Рубцоў.

Юрый Рубцоў працягвае сачыць за палітычнымі падзеямі ў краіне, параважна праз інтэрнэт, бо недзяржаўныя газэты да яго даходзяць нерэгулярна. Палітвязень падзякаваў палітыкаў і актывістаў Андрэя Саньнікава, Віталя Рымашэўскага, Паўла Севярынца, Вольгу Мікалайчы ды іншых, хто заклікаў да байкоту будучых прэзыдэнцкіх выбараў, пакуль ня будуць вызваленыя палітвязьні.

«Але мала гэтага. Трэба патрабаваць зьменаў выбарчага кодэксу Беларусі, каб найперш была забясьпечана празрыстасьць падліку галасоў. Трэба патрабаваць эфіру на тэлебачаньні, патрабаваць адмены інстытуту працоўных кантрактаў. Калі мы ня будзем гэтага патрабаваць, ніхто нічога мяняць ня будзе», — мяркуе Юрый Рубцоў.

Актывіст з Гомеля Юрый Рубцоў асуджаны на 1,5 года «хіміі» паводле абвінавачаньня ў зьнявазе судзьдзі, які пакараў яго за майку з заклікам да адстаўкі Лукашэнкі.

XS
SM
MD
LG