Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы працоўны дзень Юрыя Рубцова закончыўся датэрмінова


Юры Рубцоў, архіўнае фота
Юры Рубцоў, архіўнае фота

Юрыю Рубцову знайшлі працу, але не змаглі прымусіць падпісаць дамову, і яшчэ да заканчэньня працоўнага дня адвезьлі ў спэцкамэндатуру.

Палітвязень Юры Рубцоў цягам тыдня праходзіў мэдычны агляд, але яму не казалі, дзеля якой працы гэта патрэбна. Раніцай пятніцы, 13 сакавіка, міліцыянты адвезьлі Юрыя Рубцова ў гаспадарку «Ліноўская», дзе абвесьцілі, што ён там будзе працаваць кіроўцам. Юры Рубцоў паведаміў карэспандэнту Свабоды падрабязнасьці няўдалага працаўладкаваньня.

«Сказалі, што буду кіроўцам. Хаця што можна вазіць на машыне, якая стаіць неадрамантаваная і без тэхагляду? Добра. Загадалі пісаць заяву на працаўладкаваньне, дык я напісаў наступнае: „У сувязі з тым, што супрацоўнікі ўстановы № 7 пагражаюць, калі не пагаджуся, адправіць мяне ў турму, прашу прыняць мяне на працу невядома кім і невядома на які заробак“. І паставіў свой подпіс. Праз 15 хвілін мяне выклікалі падпісаць дамову з гаспадаркай. У дамове абазначаныя маё прозьвічша і прозьвішча старшыні гаспадаркі. Яшчэ ўказана, што мой заробак складзе 1 мільён 190 тысяч рублёў. Калі я заўважыў, што гэта вельмі малы заробак, мне сказалі, што яшчэ будуць нейкія даплаты. Але ў дамове пра гэта нічога няма. Тады я адмовіўся падпісваць, сказаўшы, што хай міліцыянты падпісваюць, калі пад прымусам прывезьлі сюды. Тыя таксама адмовіліся падпісваць. Вось гэтым і закончыўся мой першы працоўны дзень. Мяне прывезьлі зноў сюды, у Куплін. Што будзе далей, ня ведаю. Магчыма, што адправяць у калёнію».

У сувязі з тым, што супрацоўнікі ўстановы № 7 пагражаюць, калі не пагаджуся, адправіць мяне ў турму, прашу прыняць мяне на працу невядома кім і невядома на які заробак

Актывіст Юры Рубцоў з Гомеля асуджаны на 1,5 году «хіміі» за зьнявагу судзьдзі, які асудзіў яго пасьля Чарнобылькага шляху. На шэсьці Юры Рубцоў ішоў у калёне ў майцы з заклікам да Лукашэнкі сысьці ў адстаўку. Пасьля акцыі Рубцова затрымалі і адвезьлі ў суд ужо бяз майкі, і судзьдзя Кірыл Палулех пагадзіўся судзіць актывіста ў паўраспранутым выглядзе. Гэта Юры Рубцоў пракамэнтаваў словам, якое суд палічыў абразай судзьдзі.

У канцы 2014 году Юрыя Рубцова адправілі на «хімію» ў вёску Куплін Пружанскага раёну. З таго часу міліцыянты спрабуюць працаўладкаваць «хіміка» Рубцова, але марна. Спачатку актывіст пагаджаўся толькі на працу з заробкам, які адпавядае сярэдняму ў Беларусі, але такога заробку, паводле міліцыянтаў, знайсьці не ўдалося. Тады Юрыю Рубцову было заяўлена, што калі ён адмовіцца ад прапанавай працы, на яго завядуць крымінальную справу за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня.

«Сёньняшняя прапанова была першай, на якую я пагадзіўся. Але хай тады заключаць дамову не ад майго імя, а ад імя ўстановы, дзе мяне трымаюць, інакш гэта ўсё цалкам супярэчыць працоўнаму заканадаўству. Але яны гэтага ня робяць», — тлумачыць сваю пазыцыю Юры Рубцоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG