Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАТО настойвае на вывадзе расейскай тэхнікі з Украіны


Енс Столтэнбэрг
Енс Столтэнбэрг

Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг ў чацьвер заявіў аб тым, што Расеі трэба вывесьці каля тысячы адзінак баявой тэхнікі з раёнаў на ўсходзе Ўкраіны.

Выступаючы ў Рыме пасьля перамоваў зь італьянскім прэм’ер-міністрам Матэа Рэнці, Столтэнбэрг таксама падкрэсьліў, што Масква павінна спыніць падтрымліваць на Данбасе сэпаратыстаў. Кіраўнік НАТО назваў «непрымальнымі» любыя магчымыя спробы сэпаратыстаў пашырыць тэрыторыі, якія знаходзяцца пад іх катролем.

Як сказаў Енс Столтэнбэрг, ён вітае сьведчаньні таго, што баявыя дзеяньні ў зоне канфлікту на Данбасе сталі менш інтэнсіўнымі, і спадзяецца, што ўзгоднены два тыдні таму рэжым спыненьня агню нарэшце пачаў паступова выконвацца.

Прэс-служба Міністэрства абароны Ўкраіны ў чацьвер паведаміла, што Кіеў, выконваючы дасягнутыя 12 лютага ў Менску мірныя дамоўленасьці, пачынае адвод ад лініі разьмежаваньня 100-мілімэтровыя гарматы. «Гэта першы крок да адводу цяжкага ўзбраеньня, ён будзе адбываецца выключна пад маніторынгам і вэрыфікацыяй АБСЭ», — гаворыцца ў паведамленьні, якое прыводзіць УНІАН.

Масква абвяргае абвінавачваньні ўкраінскіх уладаў і заходніх лідэраў у падтрымцы сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG