Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі: Украіна гэта Заходні Бэрлін сёньня


Міхаіл Саакашвілі паказвае сваё пасьведчаньне на паседжаньні кансультацыйнай рады ў Кіеве 17 лютага.

Міхаіл Саакашвілі паказвае сваё пасьведчаньне на паседжаньні кансультацыйнай рады ў Кіеве 17 лютага.

Міхаіл Саакашвілі, прэзыдэнт Грузіі ў 2004 — 2013 гадах, старшыня Міжнароднай кансультацыйнай рады ў справе рэфармаваньня пры прэзыдэнце Ўкраіны, выступіў у амэрыканскай газэце Washington Post з артыкулам пад такой назвай:

Год таму падзеі на Майдане ў Кіеве прывялі да падзеньня карумпаванага прарасейскага рэжыму Віктара Януковіча і перамогі праэўрапейскіх сіл Украіны. Цяпер Украіна ахоплена амаль паўнамаштабнай вайной з Расеяй і яе мясцовымі прадстаўнікамі. Тэрыторыя, якая больш не знаходзіцца пад кантролем ураду, большая за тэрыторыю Нідэрляндаў, а эканоміка Ўкраіны знаходзіцца ў вольным падзеньні. У той жа час Расея знаходзіцца пад цяжарам заходніх санкцый, а яе суседзі баяцца патэнцыйнай пагрозы з боку вялікага суседа. Захад жа, здаецца, разгублены ў вырашэньні пытаньня, што рабіць далей.

Гэтая вайна — не захоп тэрыторыі, і гэта не вайна паміж канкрэтнымі лідэрамі. Тое, што цяпер вырашаецца ва Ўкраіне — самай вялікай краіне ў Эўропе — можна сфармуляваць так: ці постсавецкай прасторы будзе дазволена вызваліцца ад заганнага кола неэфэктыўнасьці, карупцыі і гвалту, каб пабудаваць сучаснае, адкрытае і дэмакратычнае грамадзтва.

Рэфармаваньне Ўкраіны не зьяўляецца простай задачай. Старыя звычкі павінны быць зьмененыя. На працягу амаль чвэрці стагодзьдзя большасьць эліты рабавала сваё уласнае нацыянальнае багацьце (часта ў цесным супрацоўніцтве з расейцамі), што прывяло да дзьвюх народных рэвалюцый. Але маладое пакаленьне Ўкраіны неверагоднае і бясстрашнае. Яно прынесла з сабой ажыўленую дыскусію і адкрытую палітычную сыстэму, і, нарэшце, узьнік больш-менш кансэнсус сярод палітычнай клясы аб тым, што справы далей ня могуць ісьці як звычайна. Рэзкая рэформа для барацьбы з карупцыяй, дэцэнтралізацыя эканомікі, прыцягненьне замежных інвэстыцый і вызваленьне краіны ад засільля алігархаў і клептакратаў — непазьбежныя.

У гэтым месяцы прэзыдэнт Пётр Парашэнка запрасіў мяне ўзначаліць міжнародную кансультацыйную раду для заахвочваньня выбітных рэфарматараў ва ўсім сьвеце дапамагчы Ўкраіне дамагчыся посьпеху ў гэтым важным пераходзе. Замежнікі з пасьпяховым вопытам рэформаў цяпер інтэгруецца непасрэдна ва ўрад — надзвычай сьмелы крок, але ён можа дапамагчы Ўкраіне выйсьці з цыклу апошніх двух дзесяцігодзьдзяў, і, нарэшце, пайсьці ў новым кірунку. Рэформа паліцыі — безумоўны прыярытэт пасьля Майдану — цяпер робіцца пад кіраўніцтвам Кацярыны Згуладзэ, якая ўзначальвала інавацыйную ініцыятыву паліцыі ў Грузіі. Іншы грузін кіруе рэформай крымінальнага вышуку. Натальля Ярэська, былы амэрыканскі дыплямат, стала міністрам фінансаў. Іншыя замежныя грамадзяне занялі ключавыя пазыцыі ў рэфарматарскай камандзе ў Кіеве.

Гэтыя крокі будуць мець жыцьцёва важнае значэньне для абароны Ўкраіны, якая патрабуе трох кампанэнтаў.

Украіна павінна стаць пасьпяховай мадэльлю эканамічнага росту і дэмакратычных рэформаў

Па-першае, і самае галоўнае, Украіна павінна стаць пасьпяховай мадэльлю эканамічнага росту і дэмакратычных рэформаў, якая будзе прывабнай для ўсіх украінцаў — гэтак жа, як Заходні Бэрлін стаў маяком для тых, хто ва жыў ва Ўсходнім Бэрліне і за яго межамі. Так ці іначай, расейцы адчуваюць сувязь з зямлёй і народам Украіны. Пасьпяховая Ўкраіна дапаможа зьмяніць Расею да лепшага, даючы расейскаму народу адпаведную альтэрнатыўную мадэль.

Па-другое, эканамічныя страты для прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна павінны быць павялічаныя ў выніку далейшых эканамічных санкцый, якія ў канчатковым выніку дапамогуць аслабіць яго пазыцыі ўнутры Расеі, як гэта адбылося ў Сэрбіі Слабадана Мілошавіча ў 1990 годзе.

Украіна можа заахвочвацца да фармаваньня двухбаковых або трохбаковых рэгіянальных альянсаў, якія могуць працаваць з НАТО і ЗША

Па-трэцяе, вайсковыя выдаткі Пуціна павінен быць павялічаныя адначасова з пастаўкамі ва Ўкраіну абарончых ўзбраеньняў, у прыватнасьці, процітанкавых сродкаў, здольных спыніць далейшае прасоўваньне расейскіх танкаў і бронемашын. Украіна ня можа быць членам НАТО, але Ўкраіна можа заахвочвацца да фармаваньня двухбаковых або трохбаковых рэгіянальных альянсаў, якія могуць працаваць з НАТО і ЗША ў справе ўмацаваньня рэгіянальнай бясьпекі. І гэтак сама як мэты праграмы Усходняга партнэрства ЭЗ павінны ўтрымліваць поўнае членства Ўкраіны ў Эўразьвязе, так паўнапраўнае членства ў НАТО павінны заставацца варыянтам, калі ўмовы будуць выкананыя.

І Ўкраіне, і Расеі для іх уласнай карысьці патрэбны жорсткі падыход Захаду. Украінскія лідэры павінны працягваць праводзіць складаныя рэформы ў інтарэсах людзей, а далейшыя пакеты заходняй дапамогі павінны быць абумоўленыя гэтымі рэальнымі і глыбокімі рэформамі. Але паралельна і Расея павінна заплаціць за свае дзеяньні, што дапаможа спыніць агрэсію.

Патрэбна яшчэ шмат што, але адмова ад рэформаў ня можа быць варыянтам. Посьпех украінскай рэформы — гэта найлепшы шанец для абароны міру ў Эўропе. Абарона сувэрэнітэту Ўкраіны дазволіць ёй стаць эўрапейскай краінай, за што ўкраінцы двойчы выходзілі на вуліцы. За гэтыя ж ідэалы яны цяпер праліваць кроў на ўсходзе.

Захад павінен прызнаць, што Пуцін лічыць сваю гібрыдную вайну помстай за паражэньне Расеі ў халоднай вайне.

Зразумела адно: пасьля заканчэньня халоднай вайны парадак ў Эўропе быў незваротна падарваны. Новыя рашэньні павінны быць знойдзеныя, каб пазьбегнуць далейшага хаосу. Але Захад павінен прызнаць, што Пуцін ня толькі змагаецца за кавалкі былой савецкай імпэрыі. Ён відавочна лічыць сваю гібрыдную вайну помстай за паражэньне Расеі ў халоднай вайне. Украіна зьяўляецца першай лініяй Пуціна ў супрацьстаяньні з Захадам. Гэта яго Заходні Бэрлін — ўзяцьце якога было справай прынцыпу для Сталіна і пасьпяховая абарона якога ў канчатковым выніку адмяніла распаўсюджваньне камунізму ў Эўропе. Разбурэньне Ўкраіны, якім Пуцін імкнецца падарваць значэньне трансатлянтычнага альянсу, і будучыня Эўропы знаходзяцца цяпер пад ня меншай рызыкай, чым гэта было некалькі дзесяцігодзьдзяў таму ў Нямеччыне.

Захад павінен таксама прызнаць, што Украіна зьяўляецца на сёньняшні дзень Заходнім Бэрлінам: перадавой лініяй абароны заходніх каштоўнасьцяў супраць расейскага рэваншызму.

XS
SM
MD
LG