Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзея Саўчанка павольна памірае ў расейскай турме


Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

«Пэргамэнтная скура, запалыя шчокі, вопратка на ёй як на вешалцы»,— адвакат Мікалай Полазаў аб стане Надзеі Саўчанкі праз 55 дзён пасьля пачатку яе галадоўкі пратэсту ў расейскім СІЗА.

Надзея Саўчанка, ўкраінская вайсковая лётчыца, афіцэр, захопленая прарасейскімі сэпаратыстамі ў баях на ўсходзе Ўкраіны і таемна перавезеная ў Расею, дзе яе абвінавацілі ў датычнасьці да гібелі расейскіх журналістаў, трымае галадоўку ўжо 55 дзён.

Яна патрабуе вызваленьня. Аднак расейскае сьледзтва накіравала ў сераду запыт аб працягу тэрміну яе арышту да 13 траўня. Басманны раённы суд Масквы мае разгледзець хадайніцтва сьледзтва 10 лютага.

Больш таго, 29 студзеня супраць Саўчанкі былі вылучаны новыя і досыць нечаканыя абвінавачваньні — у незаконным перасячэньні мяжы. У той жа дзень яна была пераведзеная ў турэмны шпіталь з-за рэзкага зьніжэньня вагі.

Адвакат Саўчанкі Мікалай Полазаў заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, што за час галадоўкі яна страціла каля 20 кіляграмаў вагі, у шпіталі СІЗА «Матроская цішыня» ёй уліваюць глюкозу праз кропельніцу і манітораць яе стан.

«Паколькі ў Крамля не атрымалася Надзею Саўчанка зламаць, зрабілі стаўку на тое, каб яе замарыць», — напісаў раней Полазаў ў твітэры. Ён заклікаў эўраструктуры больш актыўна заклапаціцца лёсам дэлегата Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ), «якая павольна памірае ў расейскай турме».

Партал «Адкрытая Расія» апублікаваў у сераду інтэрвію з Саўчанкай. Вось фрагмэнты зь яго:

«Фізычна я адчуваю сябе нармальна. Маральна — фігова. Як інакш чалавек можа адчуваць сябе ў турме? Ва Ўкраіне рабамі не нараджаюцца.

Я казала, што буду галадаць да тых часоў, пакуль ня скончыцца ўсё гэтае трызьненьне. Існуе алібі, якое даказвае маю невінаватасьць. Я не забівала расейскіх журналістаў. Я ніколі не страляю ў людзей бяз зброі. Зайшла каса на камень. „Залатая рыбка“ пакуль у іх у руках. Мне было б прасьцей памерці ў баі ва Ўкраіне, чым сядзець у турме ў Расеі. Дзеля чаго мне жыць у расейскай турме 25 гадоў?

Я была на двух войнах і гатовая памерці ў імя справядлівасьці. Ваш прэм’ер Мядзьведзеў сказаў, што калі адсякуць сыстэму SWIFT, то Расея гатовая на ўсякія меры. Я таксама гатовая на ўсякія меры. Я трымаю сябе сілай волі. Я пайду да канца. Страта аднаго байца — гэта не прайграная вайна».

Пэргамэнтная скура, запалыя шчокі, вопратка як на вешалцы

Мікалай Полазаў, які наведаў Саўчанку ў шпіталі ізалятара «Матроская цішыня», так апісаў Радыё Свабода яе стан:

— Жанчына, якую я бачыў паўгода таму ў варонескім ізалятары, моцна адрозьніваецца ад таго аблічча, якое яна цяпер набыла. Пэргамэнтная скура, запалыя шчокі, вопратка на ёй, як на вешалцы. Сказаць, што яе стан здароўя здавальняючы, напэўна, было б няправільна. Яна трымаецца, але яна трымаецца шмат у чым за кошт выдатнай сілы волі і мужнасьці. Яна дала слова афіцэра, і не зьбіраецца яго браць назад

— Вы з ёй вядзеце размовы аб магчымасьці спыненьня галадоўкі?

— Кожны дзень, кожны раз, калі мы яе бачым, мы гаворым зь ёй пра гэта. Акрамя нас, спыніць галадоўку прасілі яе мноства людзей, гэта і Юлія Цімашэнка, і патрыярх Філарэт, і прыяжджала сястра Надзеі Саўчанкі, і, дарэчы, яна прыехала зноў, і яна павінна яе ўбачыць, Вера Саўчанка, і будзе таксама весьці з ёй размову аб спыненьні галадоўкі (інтэрвію запісвалася да наведваньня Саўчанка яе сястрой, — РС. Па паведамленьні «Украінскай праўды», якая спасылаецца на Веру Саўчанку, вынікі аналізаў яе сястры сьведчаць пра зьмены ў формуле крыві). Але праблема ў тым, што Надзея Саўчанка чалавек вельмі прамы, скажам так, прыхільны сваім прынцыпам, і яна дала слова афіцэра, і яна не зьбіраецца яго браць назад. У гэтым для нас ёсьць істотная праблема.

У шпіталі Надзю хаваюць ад грамадзкасьці

— Гэта значыць, вы перакананыя, што Надзея Саўчанка ня спыніць галадоўку да таго часу, пакуль ня будуць выкананыя яе патрабаваньні, пакуль яна ня будзе вызваленая?

— Нам бы хацелася, каб яна спыніла пад якой заўгодна, пад любой падставай. Але пакуль, нягледзячы на пастаянныя ўгаворы, мы ня бачым ніякага прагрэсу ў гэтым кірунку. Я кажу гэта са шкадаваньнем, таму што ў шпіталі яе хаваюць ад грамадзкасьці, яе ня будуць вывозіць у суд, спасылаючыся на тое, што яна шпіталізаваная, адпаведна, яна ня зможа наўпрост заявіць пра свае патрабаваньні. Цяпер яна шкодзіць самой сабе гэтай галадоўкай.

Яе перавозілі з мяшком на галаве

— Зусім нядаўна на сэсіі ПАРЭ Надзею Саўчанка афіцыйна прызналі дэлегатам, аднак гэта не прымусіла расейскія ўлады вызваліць яе. Больш за тое, цяпер ёй прад’яўленае абвінавачаньне ў незаконным перасячэньні мяжы. Якія далейшыя вашыя юрыдычныя дзеяньні па яе абароне?

— Мы падалі ў Сьледчы камітэт вычарпальныя доказы недатычнасьці Саўчанкі да гібелі журналістаў. Расейская Фэдэрацыя дэманстратыўна і груба топча міжнародныя нормы, улічваючы той факт, што паўнамоцтвы дэлегата ПАРЭ прадстаўляюць ёй міжнародны імунітэт ад перасьледу. Мы не аслабім наш напор. У рамках новай справы мы будзем прадстаўляць доказы і шукаць доказы таго, што яна перасекла мяжу Расейскай Фэдэрацыяй не самастойна, што яе перавозілі зь мяшком на галаве, пад кіраўніцтвам кіраўніка так званай «ЛНР» Ігара Платніцкага, перадалі затым супрацоўнікам ФСБ Расеі. І будзем адстойваць яе інтарэсы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG