Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзею Саўчанку шпіталізуюць. «Дактары думаюць, што я на мяжы, але я яшчэ паваюю!»


Украінскую лётчыцу Надзею Саўчанку пераводзяць у мэдсанчастку ў Матроскую цішыню з-за рэзкай страты вагі, паведамляе яе адвакат Ільля Новікаў.

«Яна пачала рэзка губляць вагу, на 45 дзень галадоўкі арганізм пачаў харчавацца уласнай жывой масай. Зь СІЗА я выйшаў 20 хвілін таму, а хуткая дапамога толькі ад’ехала ад брамы», — напісаў ён у Фэйсбуку.

Акрамя таго, адвакат адзначыў, што ўчора ФСБ паведаміла Саўчанцы аб узбуджэньні супраць яе крымінальнай справы за незаконны пераход мяжы паводле артыкула 322 Крымінальнага кодэксу Расеі.​

​Афіцыйны прадстаўнік Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Крысьціна Белавусава пацьвердзіла, што супрацоўнікі ведамства пераводзяць Саўчанку ў мэдычную ўстанову. «У сувязі з доўгай адмовай Саўчанкі ад прыёму ежы ФСВП прынятае рашэньне аб накіраваньні яе ў мэдычную ўстанову для дадатковага абсьледаваньня і далейшага назіраньня», — сказала Белавусава.

Паводле яе, мэдыкі ацэньваюць стан здароўя Саўчанкі як здавальняючы. «Яна стала знаходзіцца пад кантролем мэдычнага пэрсаналу і атрымлівае неабходную тэрапэўтычную падтрымку», — сказала Белавусава.

13 сьнежня мінулага году Надзея Саўчанка пачала галадоўку і працягвае яе дагэтуль. Учора Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы заклікала ўлады Расеі вызваліць грамадзянку Ўкраіны на працягу 24 гадзін. Раней, 26 студзеня, Саўчанку зарэгістравалі як дэлегатку ПАРЭ, а таксама далі ёй міжнародны імунітэт.

У ліпені летась Саўчанку ўзялі пад варту ў Расеі пасьля таго, як яе, захопленую ў палон сэпаратыстамі, як яна сьцьвярджае, перавезьлі празь мяжу і перадалі расейскім сілавікам.

У Расеі Надзею Саўчанку абвінавачваюць у датычнасьці да гібелі расійскіх журналістаў. Сама яна абвінавачваньні адкідае. Паводле дадзеных абароны, яна трапіла ў палон да гібелі расейцаў і таму не магла быць датычнай да гэтага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG