Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч і Казулін перажываюць за лёс Надзеі Саўчанкі


Былыя беларускія палітвязьні, якія трымалі працяглыя галадоўкі ў зьняволеньні, хвалююцца за стан здароўя ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, якая 50-ты дзень трымае галадоўку пратэсту ў расейскай турме.

Аўтуховіч: «Калі Надзея столькі прагаладала, яна вытрымае»

Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч у зьняволеньні двойчы трымаў працяглыя галадоўкі пратэсту. Адзін раз ён галадаў 74 дні, другі — 90. Падчас першай галадоўкі ён страціў 43 кіляграмы вагі і ўжо ня мог хадзіць, але трымаўся бадзёра. І калі вызвалялі, ішоў з дапамогай сяброў, але сваімі нагамі. Ён кажа, што тады адразу дадалося сіл. Падчас другой галадоўкі Аўтуховіч страціў прытомнасьць, і яму ставілі кропельніцы.

На пытаньне Радыё Свабода, як ён сябе тады адчуваў, Мікалай Аўтуховіч адказаў:

«Нічога не баліць, толькі слабасьць. Я не зьвяртаў ні на што ўвагі, думаў толькі, як вытрымаць як мага больш дзён. Тут важна правільна настроіць сябе. У маёй камэры былі правакатары, якія казалі: „Навошта табе гэта патрэбна?“ Нават палохалі — маўляў, „калі ня выйдзеш з галадоўкі, будзеш мець праблемы тут, „у хаце““ (то бок у камэры). Калі правільна маральна настроісься і не зьвяртаеш на гэта ўвагі, неяк прасьцей трымаць галадоўку. Бо калі нэрвавацца, для арганізму будзе цяжэй».

Карэспандэнтка: «Надзея Саўчанка галадае ўжо 50 дзён, і яе перавялі ў шпіталь „Матроскай цішыні“. Ці вытрымае яна?»

«Я думаю, што калі Надзея Саўчанка столькі ўжо прагаладала, яна вытрымае. Калі чалавек вырашыў ісьці да канца, ён ужо ня думае ні пра што.

Я ўважліва сачу за яе лёсам, перажываю. У мяне ж вагі было болей, а яна сама такая худзенькая, для яе і 50 дзён можа быць крытычным тэрмінам. Але яна моцная духам.

Яна ж і дэпутатка Вярхоўнай Рады, і ПАРЭ, ва ўсім сьвеце столькі ўвагі да яе... Можа, і прымуць нейкае рашэньне палітычнае. Таму што барані Божа, калі нешта зь ёй здарыцца, гэта будзе вялікай плямай на расейскай уладзе».

Казулін: Калі чалавек гатовы ахвяраваць сваім жыцьцём, то ён можа нечага дамагчыся

Экс-кандыдат на выбарах прэзыдэнта, былы палітвязень Аляксандар Казулін у 2006 годзе галадаў 53 дні ў калёніі «Віцьба-3», дамагаючыся разгляду беларускага пытаньня ў ААН. Цяпер ён сочыць за лёсам Надзеі Саўчанкі:

Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін

«Наколькі я сачыў за падзеямі, ёй яшчэ робяць уколы, якія падтрымліваюць, таму тут сытуацыя крыху іншая, бо мне ніякіх уколаў не рабілі — я проста быў на вадзе. Але ў любым выпадку 50 дзён — гэта сур’ёзны тэрмін, ён вельмі блізкі да пагрозы жыцьцю, — падкрэсьлівае Казулін. — Калі я галадаў, у мяне на гэтым этапе самаадчуваньне было цьвярозае, але ўжо цяжка было хадзіць і ноччу спаць практычна ня мог, бо праз кожныя 20 хвілін трэба было ваду піць».

На думку Казуліна, галадоўкай нельга дамагчыся нейкага практычнага выніку.

«Калі з пункту гледжаньня матэрыяльнага жыцьця, то галадоўка як сродак барацьбы — ніякі. Але з пункту гледжаньня чагосьці больш маральнага, духоўнага, калі чалавек гатовы ахвяраваць сваім жыцьцём і гатовы ісьці на гэта асэнсавана дзеля нейкай высокай мэты, якую ён для сябе паставіў, то, магчыма, да чагосьці гэта і прывядзе», — мяркуе Аляксандар Казулін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG