Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія гісторыкі пра навуковы даробак Анатоля Грыцкевіча


Калегі прафэсара Анатоля Грыцкевіча, які памёр учора, гавораць пра ягоны сьлед у навуцы і беларушчыне.

Гісторык Уладзімер Ляхоўскі кажа, што ў той момант, калі пачынаўся рух за незалежнасьць Беларусі, у канцы 1980-х — на пачатку 1990-х, Анатоль Грыцкевіч, будучы ўжо масьцітым навукоўцам, доктарам навук, стаў тым аўтарытэтам, які падтрымаў гэты рух:

«У самыя адказныя моманты нашай гісторыі менавіта Анатоль Грыцкевіч падтрымаў абгрунтаванасьць аднаўленьня нашай нацыянальнай сымболікі, нашай гістарычнай памяці. І гэта найгалоўнейшая заслуга Анатоля Грыцкевіча перад нашым грамадзтвам, перад нашай краінай. Будучы спэцыялістам па сярэднявеччы, па пытаньнях магнацкіх землеўладаньняў, па гісторыі гарадоў, па грунтоўным вывучэньні гісторыі Слуцку, Анатоль Грыцкевіч, ведаючы актуальнасьць пытаньняў найноўшай гісторыі, папулярызаваў тыя гістарычныя моманты, якія зьвязаныя са Слуцкім збройным чынам, з аднаўленьнем беларускай дзяржаўнасьці, з гісторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі».

Гісторык Валянцін Мазец быў рэцэнзэнтам кнігі Анатоля Грыцкевіча «Слуцкае паўстаньне. На крутым павароце гісторыі»:

Ён заўсёды з добрым веданьнем справы падыходзіў да асьвятленьня той ці іншай падзеі, заўсёды адказна ставіўся.

«Ягоныя падыходы да разгляду такіх вось складаных праблем, балючых праблем айчыннай гісторыі заўсёды былі грунтоўныя. Ён заўсёды з добрым веданьнем справы падыходзіў да асьвятленьня той ці іншай падзеі, заўсёды адказна ставіўся. Ён і іншыя пэрыяды гісторыі разглядаў. Заўсёды ішоў усьлед за архіўным дакумэнтам, за гістарычным фактам. У яго не было падладжваньня пад нейкія зададзеныя схемы, зададзеныя шаблёны, ён не арыентаваўся, каб падладзіцца пад нейкую зьменлівую каньюнктуру, а стараўся заўсёды пасьлядоўна, грунтоўна даводзіць гістарычную праўду».

Акадэмік Радзім Гарэцкі быў блізкім сябрам Анатоля Грыцкевіча:

Я застаўся адзін з сустаршыняў Усебеларускага зьезду „За незалежнасьць“, які быў у 2000 годзе. Усе мае сябры дарагія — а гэта быў Барадулін, гэта быў Бураўкін, і вось Грыцкевіч — адышлі ў лепшы сьвет.

«Ён працаваў да апошняга дня, пісаў... Вельмі шкада. Я застаўся адзін з сустаршыняў Усебеларускага зьезду „За незалежнасьць“, які быў у 2000 годзе. Усе мае сябры дарагія — а гэта быў Барадулін, гэта быў Бураўкін, і вось Грыцкевіч — адышлі ў лепшы сьвет. Я ўжо адзін застаўся, хоць і старэйшы за іх. Мне вельмі сумна. Ён выдатны чалавек, выдатны адмыслоўца, адраджэнец, як і ягоны брат Валянцін, які жыў у Санкт-Пецярбургу. Гэта выдатныя браты. І памяць аб іх у нас застанецца. Гэта адны з найвыбітнейшых адраджэнцаў і гісторыкаў сучаснасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG