Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьцягі Воршы» — апошняя кніга прафэсара Грыцкевіча


Сваю апошнюю кнігу Анатоль Грыцкевіч напісаў да 500-годзьдзя векапомнай перамогі на Крапівенскім полі.

Багата ілюстраваны гістарычны нарыс Анатоля Грыцкевіча. Кнігу прэзэнтавалі акурат 8 верасьня мінулага года, на 500-гадовы юбілей бітвы.

Прадмову да выданьня, якое запачаткоўвае сэрыю «Славутыя бітвы», напісаў яе галоўны рэдактар Уладзімер Арлоў. Мастацкае афармленьне зробленае Зьмітром Герасімовічам. Кніга пабачыла сьвет дзякуючы менскаму выдаўцу Аляксею Вараксіну.

«Гэта была ня проста бітва, а — сутыкненьне дзьвюх цывілізацый: эўрапейскай, да якой належала радзіма нашых продкаў Вялікае Княства Літоўскае, і эўразійскай, дзе ўзмацнілася Маскоўскае княства. Яго вызваленьне ад татарскага прыгнёту, гэтай найвялікшай трагедыі расейскага народа, было толькі вонкавым. Масковія, па сутнасьці, зрабілася адлюстраваньнем Арды — з жорсткім адзінаўладзьдзем, сьляпой падначаленасьцю «холопов государевых» і чынгісханаўскай ідэяй панаваньня над усім сьветам. Пад Воршай беларускія ваяры ня толькі адстойвалі сувэрэнітэт сваёй дзяржавы, але і баранілі рубяжы эўрапейскага сьвету. Невыпадкова перамога арміі Вялікага Княства мела надзвычай шырокі розгалас у Эўропе. Пра разгром маскавітаў паведамілі тагачасныя газэты-ўлёткі, надрукаваныя ў Ляйпцыгу, Нюрнбэргу, Рыме... Гетмана Астроскага называлі другім Ганібалам, а яго рыцараў параўноўвалі з мужнымі ваярамі антычнай Македоніі. Тры дні трыюмф ліцьвінскай зброі сьвяткавалі на Вацлаўскім пляцы ў Празе браты-чэхі. У Кракаве і Рыме выйшлі зборнікі паэтычных твораў у гонар нашай перамогі. У шмат якіх эўрапейскіх краінах Аршанскую бітву вывучалі як прыклад бліскучых дзеяньняў супроць значна большай сілы непрыяцеля. Аддалі даніну нашым ваярам і расейскія гісторыкі. Мікалай Карамзін у «Истории государства Российского» пісаў, што ліцьвіны датуль «ніколі не атрымлівалі такой славутай перамогі над расіянамі», — напісана ў кнізе. Кніга даступная ў інтэрнэт-кнігарні «Імбрык».

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG