Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ не камэнтуе інфармацыю пра затрыманьне Аляксандра Алесіна


Раніцай 5 сьнежня карэспандэнт Свабоды датэлефанаваўся да прэсавай службы КДБ. Кіраўнік прэсавай службы Артур Стрэх не паведаміў ніякай новай інфармацыі.

«Не, КДБ па-ранейшаму нічога ў сытуацыі вакол Аляксандра Алесіна не камэнтуе», — сказаў Артур Стрэх.

Увечары 4 сьнежня ў беларускіх незалежных мэдыях зьявілася інфармацыя, што нібыта затрыманы журналіст газэты «Белорусы и рынок» Аляксандар Алесін, вядомы як незалежны вайсковы экспэрт.

Паведамлялася, што Аляксандра Алесіна нібыта затрымалі на мінулым тыдні, затрыманьне адбылося ў цэнтры гораду, у адным з кафэ.

Сярод іншага, Аляксандар Алесін часта даваў камэнтары па вайсковых пытаньнях для Радыё Свабода.

У рэдакцыі газэты «Белорусы и рынок», дзе працуе Алесін, пакуль не камэнтуюць сытуацыю зь іх калегам, толькі пацьвярджаюць, што яго ўжо некалькі дзён няма на працы.

Cтаршыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна нічога паведаміць Радыё Свабода таксама не змагла:

«Гэта той выпадак, калі інфармацыя абсалютна адсутнічае, таму на гэты момант я нічога не магу камэнтаваць. Камэнтаваць зараз могуць толькі тыя службы, якія яго затрымалі».

Аляксандар Алесін. Біяграфічная даведка

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG