Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесін: Расея тармозіць пераўзбраеньне Баларусі, каб зьменшыць яе самастойнасьць


Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што калі Беларусь будзе ўцягнутая ў вайну, дык гэта адбудзецца з-за Расеі. Пры гэтым кіраўнік Беларусі выказаў незадавальненьне тым, як складаецца вайсковае супрацоўніцтва з Расеяй. Сярод іншага, Лукашэнка скрытыкаваў кіраўніцтва Расеі, якое не перадало Беларусі ракетныя комплексы.

«Я на каленях прасіў — дайце нам сыстэмы „Іскандэр“. Так-так-так. І дагэтуль „так, так“. А чаму? А таму, што мы, браты-расейцы, вас абаронім», — сказаў Лукашэнка і паведаміў, што ўзамен Расея прапанавала стварыць свае вайсковыя базы на тэрыторыі Беларусі, якія пазьней і зьявіліся. «Мы нікому не патрэбныя. Калі будзе канфлікт — цэль адна. Масква», — мяркуе Аляксандар Лукашэнка.

Ці справядлівыя прэтэнзіі кіраўніка Беларусі да Расеі? Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін кажа, што яны слушныя.

«Сапраўды, цяпер Расея прытрымліваецца дзіўнай палітыкі. Яна тармозіць пераўзбраеньне Беларусі сучаснымі відамі ўзбраеньня і нават ня вельмі сучаснымі. Лукашэнка сапраўды шмат гадоў просіць мабільныя комплексы СПА С-300, і нават больш новыя С-400. Комплексы С-300 вызваліліся ад абароны Масквы, іх замянілі на С-400. І Лукашэнка прэтэндуе на С-300 па мінімальным кошце ці зусім бясплатна. Таксама ён просіць новыя баявыя самалёты МІГ-29 ці Су-30. Але на ўсё гэта — маўклівае эмбарга з боку Расеі. Расея аддае перавагу гандлю гэтай зброяй на зьнешнім рынку, а ў Беларусь яе не пастаўляе. І крыўда Лукашэнкі зразумелая».

Расея аддае перавагу гандлю гэтай зброяй на зьнешнім рынку, а ў Беларусь яе не пастаўляе

Чаму Расея не сьпяшаецца выконваць просьбы Лукашэнкі наконт сучаснай зброі? Прычыну Аляксандар Алесін бачыць у недаверы да кіраўніка Беларусі.

«Мяркую, Расея ня хоча, каб Беларусь была занадта самастойная. Хоць Пуцін ніколі не дэманструе нядобразычлівасьці да Лукашэнкі, заўсёды зь ім карэктна трымаецца, насамрэч расейскія эліты незадаволеныя тым, што кіраўнік Беларусі дэманструе самастойнасьць, і лічаць, што расейскі кантынгент тут стане рычагом уплыву на яго. Бо свая моцная армія, сучаснае ўзбраеньне даюць дадатковую свабоду. І тое, што Лукашэнка прадэманстраваў самастойную палітыку ва ўкраінскім пытаньні, яшчэ раз пераканала расейцаў, што яму нельга даваць занадта шмат сучаснай зброі».

Чаму Лукашэнка асьмялеў настолькі, што пачаў публічна агучваць гэтыя прэтэнзіі?

«Бо цяпер ужо і Расея больш залежыць ад Лукашэнкі. Усё ж украінскі калідор закрыўся. Беларусь — гэта як горла бутэлькі, у якой сядзіць расейскі джын. І корак — у руках Лукашэнкі. Таму цяпер яны будуць вакол яго хадзіць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG