Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесін: Адстаўка Жадобіна — курс на рэформу войска


Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

Прыклад Украіны паказвае, што войска трэба рэфармаваць хутка, інакш у патрэбны момант яно можа аказацца небаяздольным, — кажа вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін.

На яго думку, адстаўка міністра абароны Юрыя Жадобіна — гэта ня проста выхад на пэнсію, а зьмена курсу ў справе мадэрнізацыі войска.

Пра адстаўку Юрыя Жадобіна з паста міністра абароны стала вядома сёньня.

Генэрал-лейтэнант узначальваў міністэрства 5 год. У 2009-м Лукашэнка зрабіў ракіроўку, прызначыўшы тагачаснага старшыню КДБ Юрыя Жадобіна на пасаду міністра абароны замест Леаніда Мальцава. А самога Мальцава выправіў кіраваць КДБ.

Што азначае адстаўка Жадобіна і хто стане наступным міністрам — тлумачыць вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін.

«Жадобін, канечне, верны служака, але зорак зь неба не хапаў. У адрозьненьне ад ініцыятыўнага Мальцава, які фантанаваў ідэямі і ўвесь час нешта рэфармаваў.

Лукашэнка заклапочаны рэфармаваньнем войска. На прыкладзе Ўкраіны мы бачым, што прамаруджваньне з рэфармаваньнем войска, ягонай мадэрнізацыяй, тэхнічным пераўзбраеньнем сучаснымі відамі зброі можа прывесьці да таго, што ў патрэбны момант яно можа выявіцца небаяздольным.

Таму перш за ўсё адстаўка Жадобіна азначае зьмену палітыкі ў мадэрнізацыі войска. Пры Жадобіну (хоць гэта і не зусім ягоная віна — прычына тут у эканамічнай сытуацыі) мадэрнізацыя ішла недастатковымі тэмпамі. Асабліва ў галіне высокатэхналягічнай зброі, авіяцыі, бранятанкавых сілаў, якія нібыта неабходна было мадэрнізаваць».

На думку Алесіна, наступным міністрам абароны можа стаць начальнік Генштабу.

Цяпер на гэтай пасадзе генэрал-маёр Алег Белаконеў. Белаконеў нарадзіўся ў 1965-м і на цэлых 11 гадоў маладзейшы за свайго былога начальніка.

Белаконеў паходзіць з Прыморскага краю Расеі. У 2010-м быў прызначаны на пасаду камандуючага сіламі спэцыяльных апэрацыяў. Начальнікам Генштабу стаў у студзені 2014 году.

Аляксандар Алесін тлумачыць, што ў Беларусі міністар абароны — не тэхнічны спэцыяліст і не палітык. «Найхутчэй, гэта будзе вайсковец. Першая кандыдатура — начальнік штабу. А далей ужо — воля прэзыдэнта».

Па словах Алесіна, наўрад ці на гэтую пасаду будуць шукаць новага чалавека. «Міністар абароны павінен быць чалавекам, які ведае службу знутры. Новы чалавек будзе доўга гэта ўсё асвойваць. А час цяпер губляць нельга».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG