Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразійскі саюз — асабісты праект Пуціна, Назарбаева і Лукашэнкі, — Канстанцін Калачоў


Канстанцін Калачоў
Канстанцін Калачоў

Нацыянальны сход Беларусі 9 кастрычніка зьбіраецца ратыфікаваць дамову аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу з удзелам Беларусі, Казахстану і Расеі. У Казахстане і Расеі ратыфікавалі гэтую дамову на пачатку кастрычніка. Уступіць у сілу яна мае з 1 студзеня 2015 году.

Праект Эўразійскага эканамічнага саюзу трымаецца на падабенстве палітычных рэжымаў у Расеі, Беларусі і Казахстане, таму любая палітычная трансфармацыя ў гэтых краінах можа зьнішчыць саюз. Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў расейскі палітоляг, кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы» Канстанцін Калачоў.

Спадар Калачоў канстатуе, што стварэньне ЭАЭС праходзіць «са скрыпам» і да сапраўднай глыбокай інтэграцыі трэба яшчэ прайсьці вялікі шлях.

«Рэальная інтэграцыя магчымая тады, калі ў бакоў ёсьць агульныя інтарэсы, калі кожны бок успрымае адзін аднаго як раўнапраўнага партнэра і калі гэтыя бакі сацыяльна блізкія. Пакуль гэты працэс толькі на самым пачатку, і казаць пра стварэньне некага падабенства Эўразьвязу досыць праблематычна. Я думаю, тут яшчэ трэба будзе ўбачыць, чым усё скончыцца з пункту гледжаньня менавіта раўнапраўнага партнэрства. Самае цікавае будзе адбывацца тады, калі будуць стварацца аналягі Эўракамісіі або Эўрапарлямэнту. Пакуль, з майго пункту гледжаньня, гэта ў вялікай ступені піяр-праект, але які мае эканамічныя падставы», — кажа Калачоў.

Экспэрт таксама адзначае, што вялікі мінус праекту — тое, што ў ім ня ўдзельнічае Ўкраіна. Паводле Калачова, без Украіны «канструкцыя ЭАЭС выглядае ня так прыгожа». Тым больш што многія ў Расеі жадаюць бачыць у Эўразійскім саюзе «новы варыянт СССР».

«Праблема ў тым, што многія ў Расеі лічаць, што гэтая інтэграцыя — аднаўленьне СССР або нават Расейскай імпэрыі. А гэта тое, што і для Беларусі, і для Казахстану абсалютна недапушчальна. Я нават не кажу зараз пра настроі кіроўных эліт. Уладзімер Пуцін зрабіў сваім каньком інтэграцыю — гэта тэма, якая для значнай часткі насельніцтва, якая настальгуе па СССР, прывабная. Ці разумеюць яны, што рэальна адбываецца і што гаворка не ідзе пра СССР 2.0? Магчыма, і не разумеюць. Але ў дадзеным выпадку для значнай колькасьці пуцінскай большасьці важна, што іх настальгічныя пачуцьці знаходзяць рэалізацыю ў палітыцы», — адзначае Калачоў.

Праблема ў тым, што многія ў Расеі лічаць, што гэтая інтэграцыя — аднаўленьне СССР або нават Расейскай імпэрыі

На думку палітоляга, адна з галоўных пагрозаў Эўразійскага саюзу — тое, што гэтае інтэграцыйнае ўтварэньне трымаецца на асабістых дамоўленасьцях кіраўнікоў Расеі, Беларусі і Казахстану, а таксама на падабенстве палітычных рэжымаў.

«Насамрэч любая трансфармацыя палітычнай сыстэмы ў Казахстане або ў Беларусі можа паставіць пад пытаньне існаваньне саюзу ў сёньняшнім выглядзе. Відавочна, што пакуль ідзе гаворка ня столькі пра рэчы інстытуцыйныя, колькі пра рэчы пэрсаніфікаваныя — бо гэта асабісты праект. І ня толькі Ўладзімера Пуціна — ня меншую ролю тут граюць Назарбаеў і Лукашэнка. Чым гэта скончыцца? Жыцьцё пакажа, але эканамічныя інтарэсы, безумоўна, застануцца», — падкрэсьлівае Калачоў.

Дамову аб Эўразійскім эканамічным саюзе падпісалі ў Астане 29 траўня 2014 году. Чакаецца, што ратыфікацыя дамовы аб ЭАЭС будзе разгледжана верхняй і ніжняй палатамі Нацыянальнага сходу Беларусі 9 кастрычніка. Парлямэнты Расеі і Казахстану ўжо ратыфікавалі гэты дакумэнт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG