Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што будзе, калі Менск ратыфікуе Дамову аб ЭАЭС з агаворкамі?


Беларускі парлямэнт мяркуе ратыфікаваць Дамову аб Эўразійскім эканамічным саюзе з пэўнымі агаворкамі. Наколькі распаўсюджаная ў міжнародных адносінах такая практыка? Якую рэакцыю Расеі могуць выклікаць гэтыя намеры афіцыйнага Менску? Ці ўдасца Беларусі дабіцца зьняцьця абмежаваньняў і выняткаў у Дамове аб стварэньні ЭАЭС? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітычны аглядальнік інтэрнэт-парталу Tut.by Арцём Шрайбман і экспэрт у міжнародных справах Андрэй Фёдараў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Як стала вядома, Беларусь мяркуе ратыфікаваць дамову аб стварэньні ЭАЭС з пэўнымі агаворкамі. У адмысловай заяве Палата прадстаўнікоў хоча адзначыць, што Беларусь абумовіць выкананьне гэтай дамовы «зьняцьцём бар’ераў, абмежаваньняў і выняткаў» у дачыненьні да энэрганосьбітаў. Нагадаем, гэтая праблема ўвесь час станавілася прадметам спрэчак паміж Менскам і Масквой.

Наколькі распаўсюджаная ў міжнароднай практыцы ратыфікацыя міжнародных дамоваў з пэўнымі агаворкамі? Якую сілу будуць мець гэтыя агаворкі пасьля падпісаньня Менскам гэтай дамовы?

«Гэтая агаворка акурат тычыцца самой сутнасьці Дамовы, акурат супярэчыць яе мэтам і аб’екту»

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Фёдараў: Такія заявы і агаворкі іншым разам маюць месца, але ня так часта. Звычайна бакі ўсё ж імкнуцца дамовіцца на стадыі стварэньня дакумэнту.

Калі ў 1992 годзе Беларусь падпісала Дамову аб калектыўнай бясьпецы, падчас ратыфікацыі ў 1993-м тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч прапанаваў зрабіць два выняткі — няўдзел беларускіх узброеных сілаў у апэрацыях за мяжой і неразьмяшчэньне замежных узброеных сілаў на тэрыторыі Беларусі. Сытуацыя падобная, але ёсьць істотныя адрозьненьні — тады спрэчкі наконт Дамовы вяліся ўнутры краіны. Дакумэнт у выніку быў падпісаны, але Дамова аб калектыўнай бясьпецы ў хуткім часе спыніла сваё існаваньне, яе замяніла іншая структура — Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, і новы кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка падпісаў яе ўжо без аніякіх выняткаў.

Што да цяперашняй сытуацыі, то я баюся, што агаворкі беларускай Палаты Прадстаўнікоў мала што дадуць. Па-першае, не зусім зразумела, калі павінны быць зьнятыя ўсе тыя абмежаваньні, пра якія кажа беларускі бок. Дамова ўступае ў сілу з 1 студзеня — і што, Расея за два з паловай месяцы мусіць усё зрабіць (нават калі пагодзіцца)? Таму я баюся, што партнэры Беларусі ня будуць зьвяртаць вялікай увагі на гэтыя заявы.

Арцём Шрайбман

Арцём Шрайбман

Шрайбман: У міжнародным праве агаворкі — гэта даволі распаўсюджаная зьява. Беларусь у многіх сваіх двухбаковых і шматбаковых дамовах заяўляе пра пэўныя агаворкі.

Аднак павінна быць вытрыманая пэўная ўмова — як запісана ў Венскай канвэнцыі, агаворка не павінна супярэчыць мэтам і аб’екту дамовы. Калі Палата прыме законапраект у тым выглядзе, у якім ён стаў даступны для прэсы, то гэта азначае, што беларускі бок увогуле ня будзе выконваць дамову аб стварэньні ЭАЭС, пакуль ня будуць выкананыя ўмовы па зьняцьці выняткаў ды абмежаваньняў. І гэтая агаворка акурат тычыцца самой сутнасьці дамовы, акурат супярэчыць яе мэтам і аб’екту. Бо адзін з бакоў, па сутнасьці, адмаўляецца выконваць ужо падпісаную дамову, пакуль ня будуць выкананыя яго канкрэтныя прагматычныя ўмовы.

Таму я лічу, што партнэры Беларусі і з палітычнага, і зь юрыдычнага гледзішча могуць прад’явіць прэтэнзіі наконт таго, што такая агаворка недапушчальная і супярэчыць міжнароднаму праву. Таму, хоць спачатку можа падацца, што беларускія парлямэнтарыі (ці тыя людзі, хто пісаў ім гэты законапраект) праявілі розум і хітрасьць — з рэальным увасабленьнем могуць быць вялікія праблемы, і гэта можа стаць канфліктнай тэмай.

Што да палітычных наступстваў, то я сумняюся, што ў беларускага кіраўніцтва хопіць палітычнай вагі праціснуць такім чынам сваіх партнэраў. Улічваючы розную вагу бакоў і тое, што Расея і Казахстан даўно ратыфікавалі гэтую дамову без аніякіх агаворак. Я бачу тут апошнюю спробу зачапіцца за пазыцыю афіцыйнага Менску ў пытаньні адмены выняткаў і абмежаваньняў, аднак я ня бачу пэрспэктываў у гэтай спробы.

Цыганкоў: Ці магчыма дапусьціць, што гэтыя агаворкі зробленыя перш за ўсё «для ўнутранага карыстаньня»? Каб паказаць беларускаму грамадзтву, якое нярэдка даволі крытычна выказваецца пра ўступленьне Беларусі ў ЭАЭС, што, маўляў, «так, мы падпісваем, але падпісваем на сваіх умовах»?

«Гэта азначае ісьці на саступкі Беларусі, чаго я не магу прадбачыць»

Шрайбман: Так, я згодны, што менавіта такім чынам гэта можа быць прадстаўлена беларускаму грамадзтву. Я, аднак, ня бачу нейкай вялікай грамадзкай крытыкі гэтай Дамовы, яна гучыць у вузкім коле палітычна актыўнай публікі. У цэлым беларускае грамадзтва пазытыўна ставіцца да эканамічнай інтэграцыі з Расеяй, і, па-другое, не аналізуе тэксты дамоваў, якія падпісвае Беларусь.

У цэлым беларускае грамадзтва пазытыўна ставіцца да эканамічнай інтэграцыі з Расеяй, і не аналізуе тэксты дамоваў, якія падпісвае Беларусь

Так што гэта будзе не адказам на нейкую крытыку, а пэўным піяраўскім крокам, які будзе выкарыстаны ў тым рэчышчы, як вы і сказалі — маўляў, мы адстойваем свае інтарэсы.

Іншае пытаньне, што гэта крок досыць рызыкоўны. Партнэры па ЭАЭС не павінны з гэтым мірыцца. Бо гэта сумнеўна з пункту гледжаньня міжнароднага права. І калі пакінуць гэта без увагі, то гэта азначае, што Беларусь ня будзе выконваць сваю частку пагадненьняў, альбо гэта азначае ісьці на саступкі Беларусі, чаго я не магу прадбачыць.

Зь іншага боку, гэты крок небясьпечны і для ўнутранага карыстаньня. Бо потым давядзецца тлумачыць беларускаму грамадзтву — вось мы прынялі такую агаворку, а праз два месяцы нас «нахілілі», і мы здалі назад. Таму я ня ведаю, што будзе з гэтай агаворкай. Можа, пралічыўшы магчымыя наступствы, беларускія ўлады адмовяцца ад гэтай агаворкі і паспрабуюць пераканаць Расею менш канфліктнымі шляхамі.

Цыганкоў: Андрэй, а як можа рэагаваць Расея? Магчыма, проста не заўважаць гэтай «агаворкі» — маўляў, Менск падпісаў Дамову, гэта галоўнае. Ці ёсьць неабходнасьць рабіць тут нейкі скандал?

«Я ня ўпэўнены, што Масква сама будзе здольная выконваць усе свае абавязаньні паводле гэтай дамовы»

Фёдараў: Я мяркую, што рэакцыя Расеі публічна можа і ня быць асабліва жорсткай, але на ўзроўні перамоўным яна, безумоўна, будзе рэзка нэгатыўная. Бо, я згодны з Арцёмам, такім чынам Беларусь ставіць пад сумнеў усё дзеяньне дамовы, якая для Расеі сёньня вельмі важная.

Зь іншага боку, я ня ўпэўнены, што Масква сама будзе здольная выконваць усе свае абавязаньні паводле гэтай дамовы. Бо эканамічны стан Расеі рэзка пагаршаецца — і з-за санкцыяў, і з-за падзеньня цэнаў на нафту. Так што магчымы варыянт, што Расея ня здолее цалкам выконваць свае абавязаньні, і ў Беларусі зьявяцца падставы не выконваць самой тыя ці іншыя часткі пагадненьня.

Магчымы варыянт, што Расея ня здолее цалкам выконваць свае абавязаньні, і ў Беларусі зьявяцца падставы не выконваць самой тыя ці іншыя часткі пагадненьня

Мне здаецца, аднак, што, хутчэй за ўсё, дамова будзе ратыфікаваная без аніякіх паправак. Бо грамадзтву сапраўды гэта ня вельмі важна, тэксты дамоваў людзі не чытаюць. А вось калі яны пабачаць чарговае падвышэньне цэнаў на бэнзін, дык тут могуць узьнікнуць пытаньні.

Цыганкоў: Заўважу, што цэны на бэнзін растуць увесь час, і без аніякай сувязі зь нейкімі дамовамі. Наколькі на постсавецкай прасторы падпісаныя дамовы маюць канчатковую сілу? Бо за гады беларуска-расейскай інтэграцыі мы звыкліся, што падпісваецца, напрыклад, Мытны саюз, але дэ-факта працуе толькі часткова, тое самае з зонай вольнага гандлю. Дык ці настолькі важны тэкст падпісаных дакумэнтаў, калі ўсё будзе вырашацца на сустрэчах кіраўнікоў дзяржаваў, самітах і гэтак далей?

Шрайбман: Так, я згодны з вамі ў цэлым, бо адносіны паміж постсавецкімі краінамі часта больш залежаць ад асабістых стасункаў паміж кіраўнікамі краінаў. Ва Ўкраіне ці Грузіі новыя лідэры пасьля прыходу да ўлады адразу ставяць пытаньне аб выхадзе з тых дамоваў, якія перастаюць іх задавальняць.

Аднак тут я б цалкам не ігнараваў тэкст гэтай дамовы. Па-першае, для Расеі гэта ня проста чарговы праект — Масква сапраўды зацікаўленая ў посьпеху ЭАЭС, хаця б вітрынным посьпеху. Па-другое, гэтая дамова, у адрозьненьне ад іншых на постсавецкай тэрыторыі, накладае на бакі глыбейшыя і больш канкрэтныя абавязкі. Іх невыкананьне б’е па эканамічных інтарэсах удзельнікаў. Таму рэакцыя на невыкананьне можа быць не такая мяккая, як гэта было раней.

Фёдараў: Як паказвае практыка, сапраўды на постсавецкай прасторы падпісаныя дамовы ніколі канчаткова не выконваліся. Я думаю, Менск будзе спрабаваць і цяпер павярнуць справы на сваю карысьць. Усё залежыць ад таго, наколькі іншыя ўдзельнікі здолеюць прымусіць таго чальца, які парушае ўсталяваныя правілы. І магчыма, што сапраўды Масква гэтым разам будзе ціснуць значна мацней. Бо тут, акрамя эканамічнага, ёсьць і палітычны складнік, які ў сёньняшніх абставінах, калі Расея фактычна апынулася ў ізаляцыі, вельмі істотны.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG