Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь апошняй разглядае Дамову аб ЭАЭС


Палата прадстаўнікоў

Палата прадстаўнікоў

На чацьвер, 9 кастрычніка, заплянаваныя пленарныя пасяджэньні абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі. Іх чальцы разгледзяць законапраект аб ратыфікацыі пагадненьня паміж Беларусьсю, Казахстанам і Расеяй аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу. Новая інтэграцыйная супольнасьць пачне афіцыйна дзейнічаць ад 1 студзеня 2015 году.

У Маскве ня раз заяўлялі: тры краіны прымуць усе неабходныя дакумэнты сынхронна. Аднак насамрэч так не атрымліваецца. Расея ўжо прайшла ўсе тры стадыі ратыфікацыі — за дамову прагаласавалі Дзярждума і Савет Фэдэрацыі, яе падпісаў прэзыдэнт Пуцін. У Казахстане пакуль дакумэнт прайшоў толькі празь ніжнюю палату. Якраз сёньня ён паступае на разгляд «сэнатараў». Беларусь жа пачынае ратыфікацыю толькі 9 кастрычніка.

Затрымка ў Менску зьвязаная з так званым вялікім падатковым манэўрам у нафтавай галіне Расеі. Ад гэтага Беларусь можа страціць двойчы: па-першае, зьніжаюцца патэнцыйныя даходы ад экспартнага мыта, а па-другое, сырая нафта для беларускіх прадпрыемстваў стане даражэйшая.

«Гэта ненармальна: не пасьпелі ўвесьці ў дзеяньне дамоўленасьці, тут жа іх адмяняем другой рукой, — абураўся Аляксандар Лукашэнка, калі 2 кастрычніка прымаў прэм’ера Мясьніковіча. — І ў выніку Беларусь можа страціць вялізарную суму сродкаў, больш за мільярд даляраў».

Аднак увечары 7 кастрычніка стала вядома — на сустрэчы прэм’ераў Мядзьведзева і Мясьніковіча ў Сочы бакі дамовіліся пра кампэнсацыі Беларусі стратаў. І гэта адкрывае шлях да ратыфікацыі Беларусьсю дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе. Адзінае пытаньне, якое пакуль застаецца: беларускія дэпутаты ратыфікуюць дамову з агаворкамі ці бязь іх?

Справа ў тым, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў атрымалі законапраект аб ратыфікацыі раней, чым Крэмль даў згоду на нафтавыя бонусы. Таму ў законапраекце напісана:

«Ратыфікаваць Дамову аб Эўразійскім эканамічным саюзе, падпісаную ў Астане 29 траўня 2014 году, з наступнай заявай:

«Рэспубліка Беларусь заяўляе, што добрасумленна будзе выконваць свае абавязаньні ў рамках Дамовы і распачне іншыя захады па яе рэалізацыі пры ўмове, што да гэтага моманту на трохбаковай альбо двухбаковай аснове будуць дасягнутыя канкрэтныя дамоўленасьці аб зьняцьці бар’ераў, абмежаваньняў і выключэньняў у гандлі асобнымі відамі тавараў і аказаньні асобных відаў паслугаў, у першую чаргу ў дачыненьні да энэрганосьбітаў, прадукцыі зборачных вытворчасьцяў, лібэралізацыі аўтамабільных перавозак і іншых адчувальных пазыцыяў.

Пры гэтым дадзеныя дамоўленасьці павінны ўтрымліваць палажэньні аб недапушчальнасьці іх пагаршэньня ў наступны пэрыяд да поўнай ліквідацыі выключэньняў і абмежаваньняў у Эўразійскім эканамічным саюзе».

Якія могуць быць наступствы, калі дакумэнт прымуць з агаворкамі? Ці часта ў міжнароднай практыцы сустракаюцца такія прэцэдэнты? На гэтыя пытаньні Свабоды адказвае былы выкладчык курсу «Міжнароднае права» ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Павал Знавец:

Павал Знавец

Павал Знавец

«Міжнароднае права прадугледжвае падпісаньне двухбаковых і шматбаковых дамоваў. Двухбаковыя дамовы звычайна падпісваюцца без усялякіх агаворак, таму што бакі могуць у выніку кансультацыяў прыйсьці да згоды па спрэчных палажэньнях. А вось у шматбаковых дамовах агаворкі — даволі звычайная практыка.

З чыста юрыдычнага боку трэба абавязкова падкрэсьліць, што дамова ня будзе дзейнічаць у той сваёй частцы, дзе ёсьць агаворкі. І таму, калі агаворкі тычацца істотных пазыцыяў, то дамова фактычна страчвае свой сэнс.

Але пра якое міжнароднае права можна сёньня казаць пасьля анэксіі Расеяй Крыму?! Цяпер складаецца сытуацыя, калі міжнародныя дамовы ня вартыя нават той паперы, на якой яны напісаныя. Бо парушаюцца фундамэнтальныя правы — сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці і недатыкальнасьці».

XS
SM
MD
LG