Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Стварэньне ЭАЭС выклікае ў Казахстане асьцярогу за сувэрэнітэт


Андрэй Чабатароў

Андрэй Чабатароў

У Казахстане ёсьць розныя меркаваньні адносна ўдзелу краіны ў Эўразійскім эканамічным саюзе, але расейская агрэсія супраць Украіны ўзмацняе пазыцыі антыэўразійскіх сіл.

Пра гэта Радыё Свабода сказаў палітоляг з Казахстану, дырэктар Цэнтру аналітычных дасьледаваньняў «Альтэрнатыва» Андрэй Чабатароў.

«У нас яшчэ даўно, з моманту разьвіцьця Мытнага саюзу і Эўразійскай эканамічнай прасторы, ідзе вялікі роскід думак. Ёсьць інтарэсы ў кіроўных эліт, зьвязаныя з інтэграцыяй, ёсьць інтарэсы пэўнага сэгмэнту бізнэсу. Ёсьць і пэсымістычныя ацэнкі, зьвязаныя ў асноўным з ушчамленьнем сувэрэнных правоў Казахстану, перш за ўсё эканамічных. Але пэўныя прадстаўнікі грамадзкасьці лічаць, што ўсьлед за гэтым будзе абмяжоўвацца і палітычны сувэрэнітэт.

З гэтай прычыны ў нас у красавіку быў праведзены Антыэўразійскі форум, які, мабыць, ня стаў рэзанансным мерапрыемствам, але, тым ня менш, трэнд такі задаў. Акрамя таго, літаральна ўчора прайшла хваля прэс-канфэрэнцыяў грамадзкіх актывістаў, якія выступаюць супраць дамовы аб ЭАЭС. Зразумела, што ёсьць афіцыйная пазыцыя кіраўніцтва краіны, аднак яшчэ ў жніўні прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў заявіў, што калі нас ня будзе нешта задавальняць, то мы можам і выйсьці са складу саюзу. То бок сказаць, што ўвесь Казахстан мае выключна аптымістычныя або пэсымістычныя чаканьні, нельга. Але зразумела, што ўсё вырашае Астана, а Астана пакуль вырашае рухацца ў гэтым напрамку, хоць і ня ўсё яе задавальняе», — кажа экспэрт.

Чабатароў дадае, што жыцьцяздольнасьць і пэрспэктывы ЭАЭС сёньня вызначыць цяжка, бо шмат прынцыповых пытаньняў саюзу яшчэ ня вырашаныя:

«І Беларусь, і Казахстан цікавяць пытаньні, зьвязаныя з нафтагазавым сэктарам эканомікі. У гэтым сэнсе Казахстан нічога не атрымаў. Толькі ў 2025 годзе будзе створаны адзіны рынак нафты і газу, таксама будзе створаны адзіны орган па пытаньнях фінансаў. Атрымліваецца, што да 2025 году саюз будзе працаваць у абмежаваным рэжыме. А за гэтыя 10 гадоў можа зьмяніцца эліта ва ўсіх трох краінах».

Палітоляг таксама адзначае, што на будучыню Эўразійскага саюзу моцна ўплываюць украінскія падзеі, а дакладней — агрэсіўная палітыка Крамля ў адносінах да Ўкраіны:

«Антыэўразійскія сілы ў Казахстане апэлююць у асноўным да ўкраінскага фактару, адзначаючы, што рызыкоўна ўдзельнічаць у інтэграцыйных працэсах разам з Расеяй, калі яна так паводзіць сябе з Украінай».

Дамова аб Эўразійскім эканамічным саюзе была падпісаная ў Астане 29 траўня 2014 году. Чакаецца, што ратыфікацыі дамовы аб ЭАЭС будзе разгледжана верхняй і ніжняй палатамі Нацыянальнага сходу Беларусі 9 кастрычніка. Парлямэнты Расеі і Казахстану ўжо ратыфікавалі гэты дакумэнт.

XS
SM
MD
LG