Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадуктовае эмбарга, якое ўвяла Расея ў дачыненьні да паставак некаторых тавараў з краінаў Эўразьвязу і ЗША, адкрывае ўсё новыя магчымасьці для Беларусі. Цяпер Расея і Беларусь займаюцца карэкцыяй балянсаў паставак харчаваньня на 2015 год, і Расея змагаецца за беларускія малочныя прадукты. Нядаўна на сумеснай нарадзе чыноўнікі абедзьвюх краінаў разглядалі пытаньне вызваленьня беларускіх пастаўшчыкоў ад так званых «бонусаў» (а гэта ад 1 да 25 мільёнаў расейскіх рублёў) за месцы ў расейскіх прадуктовых сетках. Для беларусаў гэта вельмі важная перамога, кажа начальнік галоўнага ўпраўленьня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Аляксей Багданаў:

«Вядома, істотна. Хто будзе плаціць нейкія бонусы? Як гэта ўсё „апрыходаваць“, зь якога бюджэту браць? Мы ж дзяржаўная структура. І там ня толькі бонусы, там шмат пытаньняў разглядалася: і перадаплата, і адтэрміноўкі плацяжоў».

На 2014 год пастаўкі малака зь Беларусі ў Расею ўзгодненыя ў аб’ёме 3 мільёны 100 тысяч тон, аднак, па словах Аляксея Багданава, прагнозныя балянсы будуць перавыкананыя. Чыноўнік Мінсельгасхарчу агучыў рэальную лічбу росту толькі за мінулы месяц:

«Па жніўні месяцы — рост 7%. Гэта апэратыўныя дадзеныя».

Пасьля ўвядзеньня Расеяй эмбарга на вялікі пералік прадуктаў намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Леанід Марыніч заявіў: «Для нас гэта кландайк. Мы гатовыя замяніць заходнія краіны па многіх пазыцыях у частцы харчаваньня». І чыноўнікі пачалі прагназаваць, наколькі могуць павялічыцца пастаўкі прадукцыі, агучвалі лічбы ад 15 да 50%. Начальнік упраўленьня Мінсельгасхарчу Аляксей Багданаў удакладніў, што да малочнай прадукцыі:

«Тая лічба, якая называлася — рост больш за 40% — гэта за 5 месяцаў плянаваны рост паставак малака і малочных прадуктаў у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Гэта не гадавы паказьнік, гэта тое, што мы плянуем павялічыць за 5 месяцаў. За год атрымаецца іншая лічба. Таксама, безумоўна, будзе рост».

Вытворчасьць сыру у Тураве

Вытворчасьць сыру у Тураве

Асаблівы попыт у расейцаў — на беларускія сыры. Іх экспарт плянуецца павялічыць ажно на 70%, кажа Аляксей Багданаў:

«Расея вельмі зацікаўленая ў гэтых прадуктах, асабліва расейскія розьнічныя сеткі. Таму што гэта тавар, да якога расейскі спажывец ужо прызвычаіўся, і ягоная адсутнасьць можа выклікаць незадаволенасьць. Таму мы арыентуем нашы малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы на тое, каб яны пашыралі свой асартымэнт і замяшчалі прадукты, якія падпалі пад санкцыі — сыры з працяглым тэрмінам высьпяваньня, сыры з блакітнай плесьняй».

Ці ўзрадуюцца такому росту беларускага экспарту расейскія вытворцы?

Прадстаўніца расейскага нацыянальнага саюзу вытворцаў малака «Саюзмалако» Марыя Жэбіт паведаміла, што ў галіне ўжо некалькі гадоў доўжыцца крызіс:

«Не разглядаюцца новыя інвэстыцыйныя праекты для аграрыяў-малочнікаў ужо больш за 2 гады, субсыдыі зь вялікімі затрымкамі прыходзяць, таму ў нас зь дзяржпадтрымкай вельмі вялікія правалы. І ў зьвязку з гэтым цягам двух гадоў ідзе істотнае скарачэньне вытворчасьці. То бок у такой сытуацыі тое, што ў Беларусі малочная галіна добра разьвіваецца і мы разам зь Беларусьсю знаходзімся ў Мытным саюзе, — гэта для нас, так бы мовіць, запасны парашут. Усе расейцы любяць беларускія прадукты, таму што якасьць сапраўды добрая, але хацелася б, каб расейская малочная галіна таксама разьвівалася».

Ці не складзецца так, што ўсе беларускія вытворцы будуць імкнуцца выйсьці на расейскі рынак, а паліцы беларускіх крамаў апусьцеюць? Начальнік упраўленьня Мінсельгасхарчу Аляксей Багданаў запэўніў, што ў Беларусі дэфіцыту малочнай прадукцыі ня будзе:

«Існуе такое паняцьце, як балянсы: балянс вытворчасьці, балянс унутранага спажываньня і балянс экспарту. Гэтыя лічбы кожны год разьлічваюцца. Кожны год, зыходзячы з гэтых лічбаў, разьлічваецца экспарт нашай прадукцыі. Парушыць яго немагчыма, мы кантралюем унутраныя пастаўкі, і адсюль „танцуе“ экспарт. Мы ж ужо больш як месяц працуем у межах эмбарга. Вы ж ходзіце ў крамы — штосьці памянялася?»

На пачатку верасьня ў Беларусь наведалася вялікая дэлегацыя аграрыяў Латвіі на чале зь міністрам земляробства Янісам Дуклаўсам. Гаворка ішла пра перапрацоўку латвійскага мяса і малака на беларускіх прадпрыемствах. Прадукцыя з латвійскай сыравіны будзе лічыцца ўжо беларускай і можа пастаўляцца на законных падставах у Расею.

XS
SM
MD
LG