Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «шэрым» рээкспарце Беларусь можа зарабіць мільярды даляраў


На сайце расейскай службы вэтэрынарнага і фітасанітарнага нагляду «Россельхознадзор» паведамляецца пра перахоп вялікай колькасьці «забароненых» прадуктаў, якія мелі эўрапейскае паходжаньне, але завозіліся зь Беларусі пад выглядам мясцовых.

Ведамства прыгразіла, што калі спробы рээкспарту будуць мець месца надалей, Расея можа ўвесьці абмежаваньні на пастаўку ўласна беларускіх тавараў.

Кіраўнік «Россельхознадзора» Сяргей Данкверт заявіў, што днямі затрымана значная партыя яблыкаў, сьліваў, памідораў, вырашчаных у Грэцыі, Літве, Нідэрляндах, Польшчы, Славеніі. Уся садавіна ды гародніна ішла зь Беларусі без пазначэньня рэальнай краіны-вытворцы альбо з фальсыфікаваным адрасам. Раней аналягічныя прэтэнзіі вылучаліся да беларускіх пастаўшчыкоў, якія адпраўлялі ў Расею розныя гатункі марожанай рыбы з Нарвэгіі.

Нагадаем, ад 7 жніўня ў Расею забаронена ўвозіць розныя віды харчаваньня і сыравіны з краінаў Эўразьвязу, Аўстраліі, Нарвэгіі, ЗША і Канады. Забарону тэрмінам на год прэзыдэнт Уладзімер Пуцін увёў у адказ на заходнія санкцыі, і найперш пад яе падпалі ялавічына, сьвініна, мяса свойскай птушкі, малочныя і морапрадукты.

Як удакладніў Сяргей Данкверт, ва ўмовах санкцыяў фітасанітарная сэртыфікацыя транзытных эўрапейскіх грузаў ляжыць на Беларусі, і калі расейскі бок будзе фіксаваць «каранцінныя аб’екты», наступным крокам стануць абмежаваньні на пастаўкі зь Беларусі: «Мы актыўна маніторым сытуацыю і будзем апэратыўна правяраць паходжаньне сумнеўных партыяў, каб не дапусьціць паставак з так званых краінаў «прыкрыцьця», — падкрэсьліў Данкверт.

Між тым, як кажа фінансавы аналітык, трэйдэр Сяргей Чалы, да беларускага экспарту расейскія чыноўнікі могуць прычапіцца хіба што фармальна — умовы для свабоднага перамяшчэньня тавару ў рамках эўразійскіх эканамічных новаўтварэньняў ухваленыя на міждзяржаўным узроўні:

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы

«Справа ў тым, што ўвесь гэты тавар становіцца таварам Мытнага саюзу і свабодна перамяшчаецца па тэрыторыі ўсяго Эўразійскага эканамічнага саюзу. Дарэчы, адгэтуль жа вынікае, што няма ніякай законнай перашкоды для пастаўкі тых жа самых забароненых у Расеі тавараў з краінаў, якія падтрымалі санкцыі супраць Расейскай Фэдэрацыі, празь Беларусь ці Казахстан. Калі б гэта насамрэч былі абмежаваньні фітасанітарныя, як гэта стандартна рабілася раней праз Анішчанку, а цяпер праз Данкверта, то гэтыя нормы агульныя для ўсіх. Калі б Расеі ўдалося даказаць, што гэтыя тавары шкодныя, тады і мы былі б вымушаныя іх абмежаваць нават на сваёй уласнай тэрыторыі. Але ў сілу таго, што гэта палітычная забарона, нацыянальная забарона, якая ня тычыцца больш нікога, гэта ніяк не абмяжоўвае, як пацьвердзіў і Дзяржаўны мытны камітэт, імпарт гэтых тавараў унутр Беларусі. А ўжо далей няма ніякіх спосабаў спыніць гэтыя тавары на перасячэньні межаў Беларусі і Расеі. Апроч хіба што нашай уласнай добрай волі. Пра што, дарэчы, Лукашэнка і сказаў».

Аляксандар Лукашэнка спачатку паабяцаў свайму расейскаму калегу спыніць прадуктовы транзыт празь Беларусь, але неўзабаве заявіў, што штучна падладжвацца пад расейскія рэаліі не зьбіраецца:

«Патрэбныя нам польскія яблыкі — мы купляем, але не для Расеі, для ўнутранага рынку. Патрэбныя нейкія нямецкія далікатэсы — таксама набываем для ўнутранага спажываньня. Трэба нам нешта перапрацоўваць — мы купляем і перапрацоўваем», — адзначыў Лукашэнка, дадаўшы, што беларускія вытворцы проста абавязаныя скарыстаць абмежаваньне доступу канкурэнтаў на расейскі рынак.

Як сьведчаць дадзеныя маніторынгу, прадуктовае эмбарга ўжо спрычыніла істотны рост коштаў у Маскве і рэгіёнах. Самы значны скачок цэнаў адзначаны ў Прымор’і: мяса падаражэла на 25–30%, асобныя віды рыбы — на 40%, курыныя кумпячкі — на 60%. Амаль на траціну падняліся цэны на яблыкі, якія завозяцца з Кітаю і замянілі сабой польскія. Аналягічная сытуацыя і ў Маскве, дзе толькі за тры апошнія дні вараная каўбаса падаражэла на 10 расейскіх рублёў, рыба — на 5 рублёў, сьвініна — на 4 рублі, ялавічына — на 3 рублі, вырасьлі цэны на сыры зь «бюджэтнага сэгмэнту».

Жыхар Прыбайкальля, этнічны беларус Аляксандар Самоткін перакананы, што гульня мускуламі найперш паўплывае на дабрабыт простых людзей, пасьля чаго справакуе сацыяльную незадаволенасьць у расейскім грамадзтве:

«Усе гэтыя эканамічныя санкцыі — блеф. Маўляў, гэта мы ня будзем пастаўляць, тое ня будзем, ці нам гэта ня будуць пастаўляць; уся гэтая барацьба — у каго кулак большы: у вас такі, а ў нас усё роўна большы. Ну, ім у Крамлі добра, яны сталі ў позу. А людзі як будуць жыць? Падаражэюць зноў усе прадукты, бо гэта аўтаматычна робіцца, ня сёньня-заўтра скокне ўсё ўгару. І што далей? Людзі зноў будуць, як у тым крылатым выразе — „паны б’юцца, а ў мужыкоў чубы трашчаць“. Таму я лічу, што гэтае пытаньне вельмі небясьпечнае найперш для самой Расеі. Самае галоўнае, што шмат людзей пачынаюць станавіцца больш агрэсіўнымі, пачынаюць украінцаў, ад якіх нібыта пайшлі ўсе іх беды, лічыць ледзь ня ворагамі. Але хтосьці нават казаў: калі ўкраінцы будуць цьвёрдымі, яны гэта ўсё вытрымаюць. Больш за тое, яны загартуюцца, як тая сталь, усё гэта вытрымаюць. А ў Расеі як усё будзе далей? Што будзе, скажам, праз год, у які бок усё гэта выкруціцца потым?»

На думку экспэртаў, беларускія вытворцы будуць намагацца скарыстаць Лукашэнкаў пасыл, каб выцягнуць са спрыяльнай сытуацыі максымум выгады. У прыватнасьці, можа актывізавацца праца ў напрамку перапрацоўкі імпартаванай сыравіны, якая раней пастаўлялася наўпрост у Расею, на беларускіх прадпрыемствах. Ёсьць і іншы шлях — проста перапакоўваць у Беларусі тавар з трэціх краінаў і прадаваць потым як «беларускі». Згодна з папярэднімі падлікамі, даходы бюджэту ад прыхаванага рээкспарту могуць вымярацца мільярдамі даляраў і нават перавысіць прыбытак ад легальнага экспарту беларускага харчаваньня.

Пра цьмяныя схемы беларускага рээкспарту сьведчыць ужо сам выбар прадукцыі на паліцах расейскіх крамаў. Сярод звыклага асартымэнту малака, мясных вырабаў ці «кандытаркі», рэальна вырабленых у Беларусі, красуюцца нібыта «беларускія» крэвэткі, мідыі ці васьміногі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG