Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз расейскія санкцыі беларусаў чакае дэфіцыт прадуктаў і высокія цэны


Беларусы ўжо могуць прыглядацца да расейскіх цэнаў на асноўныя прадукты, якія растуць дзень пры дні, і рабіць запасы.

Эканамісты прагназуюць нам дэфіцыт, падвышэньне коштаў і хуткае ўзбагачэньне бізнэсоўцаў, якім будзе дазволена рэалізоўваць «шэрыя» схемы рээкспарту забароненых эўрапейскіх тавараў у Расею.

«Сытуацыя будзе аналягічная 2011 году. Хоць і ў меншых маштабах. Улады гатовыя ахвяраваць унутраным рынкам, каб скарыстаць магчымасьць зарабіць у ажыятажны пэрыяд», — лічыць эканамічны аналітык Сяргей Чалы.

Расейскія рытэйлеры тэстуюць пакупнікоў — на колькі больш тыя гатовыя плаціць за прадукты на фоне санкцыяў і праблемаў з дастаўкай

З-за эканамічных санкцыяў, уведзеных Уладзімерам Пуціным супраць эўрапейскіх прадуктаў, сьвініна ў Маскве ўжо падаражэла на 6%, рыба ў Прымор’і — на 40%, а курыныя кумпячкі на Сахаліне — на 60%, піша расейскае выданьне «Коммерсант».

На думку інвэстыцыйнага аналітыка Сьцяпана Сьвідзерскага, такое падвышэньне коштаў — яшчэ толькі пробнае:

«Расейскія рытэйлеры тэстуюць пакупнікоў — на колькі больш тыя гатовыя плаціць за прадукты на фоне санкцыяў і праблемаў з дастаўкай. Падвышаючы такім чынам кошты, яны проста рыхтуюцца да таго, на якім узроўні коштаў будзе выгадна працягваць імпартаваць у Расею прадукцыю», — тлумачыць ён.

Аляксандар Лукашэнка паабяцаў Крамлю не дапускаць рээкспарту забароненых прадуктаў у Расею праз тэрыторыю Беларусі. Але адначасова распарадзіўся, што не павінен цярпець унутраны рынак.

Аднак, на думку экспэртаў, беларусам варта рыхтавацца да таго, што расейскія цэны неўзабаве ўсталююцца і ў нас.

«Беларусь з Расеяй у адной мытнай прасторы. У нас ужо доўгі час адзіны рынак тавараў і паслугаў, — кажа Сьвідзерскі. — Калі ў Расеі падвышаюцца цэны, яны аўтаматычна падцягнуць і нашы цэны да свайго ўзроўню».

Сяргей Чалы адзначае, што разам зь відавочнай пэрспэктывай падвышэньня цэнаў на прадукты нас чакае і дэфіцыт.

«У першую чаргу гэта зьвязана з тым, што ўжо надта вялікая спакуса ва ўладаў павялічыць пастаўкі ў Расею. Наша ж насельніцтва валютай ня плаціць. Таму яно яшчэ можа і пачакаць. А тыя аб’ёмы павелічэньня паставак нашай прадукцыі ў Расею, якія нашы ўлады заяўлялі, перавышаюць магчымасьці павелічэньня айчыннай вытворчасьці. Нават з улікам усіх схемаў так званай „перапрацоўкі“. Таму відавочна, што будзе цярпець і ўнутраны рынак», — кажа аналітык.

Калі ўжо немагчыма будзе «не заўважаць» перабояў з пастаўкамі ўнутры Беларусі, улада звыкла зробіць выгляд, што «абараняе айчыннага спажыўца», — апісвае нашу недалёкую будучыню Чалы.

«Зразумела, што асноўнай прычынай назавуць не дзяржаўную палітыку, а ўсялякіх чаўнакоў і неарганізаваны вываз, — кажа Сяргей Чалы. — А адзіны спосаб змаганьня, як высьветлілася, — гэта тое, што афіцыйна называецца «ліквідацыя дыфэрэнцыялу цэнаў». Калі проста — то цэны паднімуцца да ўзроўню суседніх краінаў.

Нягледзячы на абяцаньне Аляксандра Лукашэнкі не дапускаць рээкспарту, Рассельгаснагляд ужо сёньня, 19 жніўня, абвясьціў пра выпадкі паставак нелегальнай садавіны ды гародніны праз тэрыторыю Беларусі і пагразіў прыпыніць пастаўкі ўвогуле.

Прага хутка ўзбагаціцца, скарыстаўшы выгодны палітычны момант, пойдзе на карысьць толькі тым, каму дазволена рэалізоўваць «шэрыя» схемы рээкспарту.

Аналітык Сяргей Сьвідзерскі называе такі бізнэс «прыўладным», а самі схемы — ня проста «шэрымі», а «чорнымі». Ніякай карысьці беларускай эканоміцы непасрэдна гэтая сытуацыя прынесьці ня можа. Заробленыя грошы асядуць у кішэнях рэалізатараў «чорных» схемаў.

Найбольш выйграюць ад гэтай сытуацыі прыўладныя бізнэсоўцы-перакупы

«Вядома, пэўны пазытыўны ўплыў будзе для перапрацоўчых прадпрыемстваў. У іх зьявяцца новыя кліенты, якія гатовыя плаціць больш. Павялічыцца прыток валюты ў Беларусь.

Але найбольш выйграюць ад гэтай сытуацыі прыўладныя бізнэсоўцы-перакупы. А яны свае даходы ня змогуць інвэставаць у стварэньне новых працоўных месцаў, разьвіцьцё вытворчасьці, а проста перавядуць у афшоры, стабільныя эўрапейскія краіны».

На думку Сьвідзерскага, бізнэс наўрад ці захоча ўводзіць заробленыя на такіх схемах грошы ў легальнае грашовае абарачэньне ў Беларусі.

«Яны будуць апасацца, што задняй датай будуць уведзеныя новыя нормы, паводле якіх трэба будзе падзяліцца большай часткай заробленага зь дзяржавай. Або ёсьць магчымасьць, што нават дазволеныя цяпер схемы будуць заднім чыслом крыміналізаваныя», — тлумачыць інвэстыцыйны аналітык.

Інвэставаць такія грошы ў доўгатэрміновы бізнэс у Беларусі мала хто захоча, — сьцьвярджае Сьцяпан Сьвідзерскі.

Такім чынам, уведзеныя Пуціным санкцыі толькі ўзбагацяць блізкіх да беларускай улады бізнэсоўцаў, а простым беларусам застануцца пустыя паліцы ў крамах ды новыя цэньнікі на таварах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG