Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Актывісты «За чыстую ваду»: Дзейных сьвідравін у Менску ўсё меней


Актывісты грамадзкай ініцыятывы «За чыстую ваду» заяўляюць, што ўсё болей сьвідравін у Менску закрываецца, і з гэтай прычыны праграма пераходу сталіцы на забесьпячэньне вадой з падземных крыніц будзе сарваная.

Актывістка ініцыятывы «За чыстую ваду» Валянціна Шалейнікава ўжо больш як 10 гадоў змагаецца за тое, каб у Менску адкрываліся новыя сьвідравіны і горад паступова пераходзіў з забесьпячэньня вадой з вадаёмаў на чыстую, падземную ваду. Валянціна Шалейнікава абураная, што ў рэальнасьці адбываецца наадварот: дзейных сьвідравін усё меней. Гэтак, паводле зьвестак Валянціны Шалейнікавай, з 30 сьвідравін водазабору «Зеляноўка», які забясьпечвае артэзіянскай вадой жыхароў Першамайскага раёну Менску, у працоўным стане засталося 9, і актывістка непакоіцца, што і тыя хутка закрыюць. «Бо побач зь імі, насуперак закону, вядуць будоўлю дамоў і камэрцыйных аб’ектаў». Валянціна Шалейнікава прыводзіць у прыклад сытуацыю зь зямлёй за Нацыянальнай бібліятэкай, дзе гарадзкія чыноўнікі аддалі пад будоўлі ўчасткі зь некалькімі сьвідравінамі:

«Уяўляеце? Сьвідравіны ліквідуюць пад замову камэрцыйнай структуры. Такім чынам, напрыклад, на сьвідравіне будзе стаяць жылы дом. У той час як адна сьвідравіна магла забясьпечыць сьвежай артэзіянскай вадой дзясяткі тысяч людзей! У якой краіне такое магчыма? Мала таго, фірма „БелПетБуд“ выступае замоўцам ліквідацыі сьвідравіны яшчэ і ў Севастопальскім парку. Такім чынам, у зоне будаўніцтва апынуліся сьвідравіны № 12, 14, 16. Заўважу, што вакол сьвідравін паводле закону існуе санітарная зона, на якой будаўніцтва катэгарычна забаронена. Ліквідаваць сьвідравіны магчыма толькі калі заканчваецца пад зямлёй вада. А тут аказваецца, што можна ліквідаваць і на жаданьне камэрцыйнай фірмы!» Сьвідравіна № 14, вакол якой вядуцца будаўнічыя працы

Сьвідравіна № 14, вакол якой вядуцца будаўнічыя працы


Паводле адказу інжынэра В. Пацякіна з прадпрыемства «Мінскводаканал», дасланага ў пракуратуру і спадарыні Шалейнікавай, сьвідравіны № 12, 14 і 16 знаходзяцца ў спраўным стане і пэўны час працавалі. Прыкладам, сьвідравіна № 14 працавала ў сакавіку 69 гадзін, адзначыў спадар Пацякін. «Гэта вельмі малы аб’ём працы, які сьведчыць, што з-за незаконных будаўнічых прац зьнізіўся ўзровень грунтовых вод», — камэнтуе ліст інжынэра Валянціна Шалейнікава. А паведамленьне супрацоўніка «Мінскводаканалу» пра тое, што «праведзена перакладка ўчастку зборнага вадаводу», яна называе «адпіскай», мэта якой — увесьці пракуратуру ў зман.

Паводле зьвестак чыноўнікаў Менгарвыканкаму, цяпер толькі жыхары Фрунзенскага, Кастрычніцкага і Маскоўскага раёнаў Менску карыстаюцца хляраванай вадой, якая паступае ў водаправод з вадаёмаў, а астатнія нібыта забясьпечаныя артэзіянскай вадой. Аднак актывісты ініцыятывы «За чыстую ваду» ў гэтым сумняваюцца і адзначаюць шматлікія скаргі на якасьць вады з усіх раёнаў гораду.
Натальля Маразевіч

Натальля Маразевіч

Запэўніваньням сталічных уладаў, што апрацаваная хлёрам вада з вадаёмаў няшкодная, актывісты таксама ня вераць. Натальля Маразевіч, якая жыве ў Маскоўскім раёне Менску, кажа пра кругавую паруку гарадзкіх і раённых чыноўнікаў:

«Калі ім задаеш пэўныя пытаньні, яны сыходзяць убок, замест таго каб адказаць. Ня хочуць да нас прыслухацца, не рэагуюць на нашы подпісы, а мы сабралі больш за 500 подпісаў у Маскоўскім і Кастрычніцкім раёнах са скаргамі на ваду. Чаму яны нас ігнаруюць? Прычыны могуць быць розныя. Мы дзіву даемся: чыноўнікі мусяць непакоіцца пра здароўе нацыі, мы пра гэта чуем і з тэлевізара, а як даходзіць да пэўнай праблемы, дык усё наадварот».

Паводле актывіста БХД Дзяніса Садоўскага, актывісты «За чыстую ваду» падавалі ў Маскоўскі раённы суд на чыноўнікаў, якія адмовіліся праводзіць грамадзкія слуханьні па праблемах вады, але суд стаў на бок гарадзкой улады. Тады актывісты падалі скаргу ў гарадзкі суд — прамінула два месяцы, але нават адказу не прыйшло. Дзяніс Садоўскі кажа, што актывісты адступаць не зьбіраюцца:

«Адзінае выйсьце, якое мы бачым, каб нас пачулі, — гэта грамадзкі кантроль і падняцьце праблемы на сур’ёзны ўзровень. Мы будзем рыхтаваць круглы стол з абмеркаваньнем праблемы пітной вады ў Менску, на які гатовыя прыйсьці адмыслоўцы і распавесьці, як робіцца, а як трэба, каб было». Валянціна Шалейнікава, Дзяніс Садоўскі

Валянціна Шалейнікава, Дзяніс Садоўскі


Яшчэ ў 2006 годзе прынялі дзяржаўную праграму, паводле якой у 2015 годзе ўвесь Менск меўся перайсьці на забесьпячэньне вадой з падземных крыніц. Некалькі гадоў таму гарадзкія ўлады падлічылі, што на выкананьне праграмы не хапае грошай, і дамагліся, каб яе завяршэньне адклалі на 2030 год. Паводле заяваў гарадзкіх уладаў, хляраваньне менскай вады адпавядае нормам і ня шкодзіць здароўю. Актывісты «За чыстую ваду» на гэта заяўляюць, што наяўнасьць хлёру ў вадзе прыводзіць да анкалягічных захворваньняў, і адзначаюць, што колькасьць такіх хворых у Менску трывала павялічваецца. Паводле гарадзкога анкадыспансэру, за мінулыя 10 гадоў агульная колькасьць хворых на анкалёгію павялічылася ўдвая. Апошнім часам у Менску штогод рэгіструюць каля 8 тысяч новых хворых на анкалёгію.
XS
SM
MD
LG