Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 лютага ў адміністрацыі парку Горкага адбылася сустрэча кіраўніцтва парку з прадстаўнікамі грамадзкасьці па пытаньні высечкі дрэваў, якую парк абвясьціў на 3 сакавіка. Меркавалася высекчы 28 таполяў, бярозаў і вербаў.

Уладзімер Васін, дырэктар унітарнага прадпрыемства «Гарадзкія паркі», на пачатку сходу адзначыў, што дрэвы высекуць, бо адміністрацыя клапоціцца аб бясьпецы наведвальнікаў парку. Маўляў, 4 гады таму дрэва ўпала і пакалечыла жанчыну.

«Дрэвы мы хочам высекчы не пад будаўнічую пляцоўку, як пішуць у інтэрнэце. Мы кіраваліся толькі меркаваньнямі бясьпекі людзей», — адзначыў Уладзімер Васін.

Камісія, якая вынесла заключэньне пра мэтазгоднасьць высечкі 28 дрэваў, складаецца з супрацоўнікаў Батанічнага саду, Менскзелянбуду і эколягаў.

Аднак такія вынікі экспэртызы выклікалі абурэньне ў менчукоў, якія жывуць каля парку Горкага ці проста прыходзяць сюды адпачыць.

«Гістарычная каштоўнасьць гэтых дрэваў заключаецца ў тым, што яны вялікага ўзросту і ўвасабляюць сабой памяць пра падзеі, якія адбываліся ў Менску цягам мінулага стагодзьдзя. Побач зь імі гуляў Машэраў, шпацыраваў Якуб Колас. Вядома, што гэтыя дрэвы трэба і ўспрымаць як частку гістарычнай памяці і нават як гістарычны помнік. І тым больш іх нельга зьнішчаць, карыстаючыся нейкімі даволі павярхоўнымі і шаблённымі заключэньнямі», — адзначыў гісторык Антон Дзянісаў.

З прэзэнтацыяй альтэрнатыўнай экспэртызы дрэваў парку Горкага выступіў прадстаўнік «Зялёнай сеткі» Ігар Корзун. Ён адзначыў, што экспэртыза, праведзеная Інстытутам экспэрымэнтальнай батанікі, пастанавіла: нягледзячы на вялікі ўзрост дрэваў, а гэта 70–80 гадоў, большая частка зь іх падлягае дагляду і павінна быць захаваная ў абавязковым парадку. Толькі адна бяроза і дзьве таполі падлягаюць высечцы.
Адміністрацыя парку нам заяўляе, што дрэвы, якія выглядаюць здаровымі і зьяўляюцца важнымі з гістарычнага пункту гледжаньня, падлягаюць высечцы

«Як мінімум дзьве таполі, якія растуць каля гарбатага мосьціка, дасягаюць у пэрымэтры больш як 4 мэтраў. Яны павінны быць захаваныя ў абавязковым парадку паводле ўзроставых і біямэтрычных паказчыкаў. А адміністрацыя парку нам заяўляе, што дрэвы, якія выглядаюць здаровымі і зьяўляюцца важнымі з гістарычнага пункту гледжаньня, падлягаюць высечцы», — сказаў Ігар Корзун.

Жыхары блізкіх да парку Горкага дамоў абураныя ня толькі высечкай дрэваў, але і будоўляй у парку гатэля:

«Спачатку высеклі дрэвы, каб будаваць гатэль „Кемпінскі“, а цяпер вакол гатэля ўсё высякаць зьбіраюцца», — сказала жыхарка суседняга з паркам дому Тацяна.

У выніку абмеркаваньня, а таксама агляду дрэваў, якія прапанаваў высекчы парк, было прынятае кампраміснае рашэньне.

«Я прапаную пагадзіцца з высечкай трох дрэваў, па якіх абедзьве экспэртныя групы пагадзіліся», — сказаў Уладзімер Васін.

Наконт астатніх 25 дрэваў будзе ўтвораная дадатковая камісія, куды ўвойдуць таксама і прадстаўнікі Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі.

3 сакавіка высекуць толькі тры дрэвы — бярозу і дзьве таполі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG