Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларуская вёска: па ваду цяпер трэба йсьці у краму


Ірына Сянчук, жыхарка Галавічоў, бярэ ваду на пробу з свайго калодзежа

Ірына Сянчук, жыхарка Галавічоў, бярэ ваду на пробу з свайго калодзежа

Жыхары вёскі Галавічы Гарадзенскага раёну занепакоіліся якасьцю вады ў калодзежах. Экспрэс-тэсты паказалі, што дапушчальная колькасьць нітратаў у вадзе перавышае норму ў два, тры і болей разоў.

Вяскоўцы ня ведаюць, што з гэтым рабіць. Падобная ж сытуацыя — у многіх іншых вёсках, хоць не заўсёды мясцовыя жыхары зьвяртаюць на тое ўвагу ўладаў.

Хата Ірыны Сянчук — трохі воддаль ад Галавічоў. За плотам з аднаго боку калгаснае поле, а з другога — дарога. Калодзеж у двары не накрыты, адмосткі няма. Гаспадыня кажа, што займацца гэтым няма каму, бо жыве яна адна.

Актывістка экалягічнага праекту «Экапартнэрства» спадарыня Юля паказвае ёй экспрэс-тэст:

«Дапушчальная норма нітратаў у вадзе не павінна перавышаць 45 мікраграмаў на адзін літар, а тут мы бачым больш ста адназначна і нават да 250».

Ірына Сянчук кажа, што ваду правяралі і раней. Тады таксама былі перавышэньні нормы па нітратах. Дый сама вада вельмі жорсткая:

«У нас тут побач хімсклад ядахімікатаў, дый поле вакол. Цяжка сказаць, што тут рабіць. Я мушу карыстацца гэтай вадой, бо паехаць у краму за 5 кілямэтраў для мяне праблематычна. Яшчэ летам можна неяк, кажуць, у Стральцах недзе глыбінны калодзеж, але туды я таксама не магу даехаць».

Мясцовы актывіст Уладзімер Трахімчык ужо ня першы год дбае пра экалёгію ў сваёй вёсцы, ладзіць суботнікі, каб чысьціць рэчышча ракі Котры. Спадар Трахімчык прыводзіць нас на іншы падворак, дзе калодзеж накрыты, абкладзены, як належыць, глінай, зробленая адмостка — і прапаноўвае зрабіць экспрэс-тэст. Тут перавышэньне нормы па нітратах — трохі больш як у тры разы.

Гаспадар Васіль Казак кажа: каб піць і гатаваць ежу, ён гэтай вадой не карыстаецца ўжо некалькі гадоў, бо правяраў яе раней у санстанцыі. Езьдзіць за 5 кілямэтраў у Стральцы і бярэ ваду зь сьвідравіны.

Пытаюся: ці спрабавалі вы зьвяртацца да ўладаў?

Казак: «Санстанцыя прыехала і праверыла — а ў мяне ж стаіць помпа, я ўсё пракачаў, калодзеж вычысьціў. Дарэчы, і ўсе тут так рабілі. Але ад гэтага цяпер не ўратуесься. Мы ж столькі ўгнаеньняў уносім, столькі хіміі. Што ні рабі, усё роўна нітраты ёсьць».

Уладзімер Трахімчык дадае, што гэта праблема ня толькі іхнай вёскі, а ўсёй краіны. Ён узгадвае, што яшчэ ягоны бацька і дзед пілі ваду проста з Котры:

«Во бачыце, ня трэба далёка хадзіць. Палі, якія апрацоўваюцца хімікатамі, — за 30–40 крокаў ад Котры. Тут ня трэба вялікага розуму, каб зразумець, што нават пасьля невялікага дажджу ўсё гэта апынецца ў Котры».
Актывіст з Галавачоў Уладзімер Трахімчык

Актывіст з Галавачоў Уладзімер Трахімчык


Пакуль мы любаваліся Котрай, быў зроблены тэст на ваду, якую спадар Казак прывозіць піць і гатаваць ежу са Стральцоў. Нітратаў у ёй больш за норму ў два разы. Зоя Казак, калі пабачыла вынікі тэсту, толькі галавой паківала:

«Мы нават ніколі не правяралі яе, бо былі ўпэўненыя, што возім са Стральцоў добрую ваду і карыстаемся добрай вадой. А цяпер я сяджу і думаю, што для чайніка, напэўна, трэба купляць, хоць было б добра спраўдзіць і бутыляваную ваду, што там ёсьць».
Экспрэс-тэст паказвае, што ў Васіля Казака перавышэньне нормы ўтрыманьня нітратаў у вадзе — у 3 разы

Экспрэс-тэст паказвае, што ў Васіля Казака перавышэньне нормы ўтрыманьня нітратаў у вадзе — у 3 разы


У розных канцах вёскі праверылі яшчэ два калодзежы — вынік аднолькавы. Старшыня Скідзельскага сельсавету Аляксандар Лазовік кажа, што ведае гэтую праблему. Але, на жаль, паводле яго, спэцыяльнай дзяржаўнай праграмы, каб яе вырашыць, няма. Праўда, ён зазначае, што многія людзі вырашаюць яе прыватна:

«Зьвяртаюцца людзі, хто мае жаданьне, да прыватнікаў — і робяць сьвідравіны. Ну, а хто ня мае такога жаданьня, так і атрымліваецца... Нехта купляе ваду ў краме, але праграмы як такой няма».

Экспэрт праекту «Экапартнэрства» Ірына Ластаўка кажа, што экспрэс-тэсты даюць прыблізнае значэньне, але гэта адназначна падстава, каб зрабіць больш дакладныя аналізы. Яна называе прычыны павышанага ўтрыманьня нітратаў — дакладна такія, якія мы сустрэлі ў Галавачах. А яшчэ раіць людзям больш уважліва ставіцца да пітной вады:

«Мы сутыкнуліся з тым, што людзі папросту неінфармаваныя наконт таго, дзе могуць утрымлівацца нітраты і якую шкоду могуць наносіць арганізму. І нават калі мы прыходзім, праводзім аналіз, распавядаем і кажам, што побач ёсьць калодзеж, дзе вада на нітраты добрая, — а нам адказваюць: а тая вада нясмачная, і чаму я павінен яе піць? На жаль, у нас такі мэнталітэт».
XS
SM
MD
LG