Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Euromonitor: Беларусы трэція ў сьвеце па тратах на алькаголь


Пакуль Міністэрства аховы здароўя спрабуе пераканаць Усясьветную арганізацыю аховы здароўя, што беларусы не самая п’ючая нацыя сьвету, дасьледаваньне Euromonitor сьведчыць пра тое, што беларусы яшчэ і адны з усясьветных лідэраў па выдаткаваньні сродкаў на алькагольныя напоі.

Паводле дадзеных Euromonitor, апублікаваных 28 траўня, беларусы занялі трэцяе месца ў свеце па тратах на алькаголь у агульнай суме пакупак. На алькагольныя напоі кожны беларус у 2013 годзе выдаткаваў 5,5% ад агульнай сумы набыткаў. Наперадзе толькі Эстонія (6,5%) і Расея (5,8%). Жыхары большасьці краін сьвету выдаткоўваюць на сьпіртное ўсяго 1,5% ад агульных спажывецкіх выдаткаў.

Самы высокі ўзровень алькагольных выдаткаў на душу насельніцтва паказалі фіны. Паводле дадзеных Euromonitor, у 2013 годзе жыхар Фінляндыі выдаткаваў на алькаголь у сярэднім 844 даляры. Далей ідуць швэйцарцы (789 даляраў), нарвэжцы (788 даляраў) , новозэляндцы (744 даляры) і эстонцы (663 даляры).

Euromonitor International зьяўляецца адным з усясьветных лідэраў сярод незалежных кампаній, якія спэцыялізуюцца ў галіне міжнародных стратэгічных дасьледаваньняў спажывецкіх рынкаў. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Лёндане, кампанія мае офісы ў Чыкага, Сынгапуры, Шанхаі, Вільні, Дубаі і штат — больш за 600 аналітыкаў у розных краінах сьвету.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG