Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве папраўчыя калёніі ліквідуюцца, тры ЛПП ствараюцца


Дзьве папраўчыя калёніі будуць ліквідаваныя ў Беларусі, на іх базе створаць лячэбна-працоўныя прафілякторыі.

28 траўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў Указ «Аб удасканаленьні дзейнасьці крымінальна-выканаўчай сыстэмы Міністэрства ўнутраных спраў», паведамляе ягоная прэс-служба.

Згодна з указам, «ліквідуюцца дзьве папраўчыя калёніі — у Магілёве і Наваполацку. Гэта выклікана скарачэньнем колькасьці асобаў, якія адбываюць пакараньне ў папраўчых калёніях». На базе ліквідаваных калёній і філіялу ЛПП № 4 у Віцебску будуць створаны тры ЛПП. Таксама прадугледжана рэарганізацыя 35 папраўчых установаў адкрытага тыпу шляхам далучэньня 21 установы да 14 больш пэрспэктыўных установаў.

«Такое ўзбуйненьне установаў зьвязана са зьніжэньнем удзельнай вагі пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу ў структуры прызначаных судамі відаў пакараньняў», — тлумачыць прэс-служба.

Указам уносяцца адпаведныя зьмены і дапаўненні ў пералік дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству ўнутраных спраў.

У Новаполацкай калёніі № 10 адбывае пакараньне палітвязень Ігар Аліневіч, асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі. У Магілёве знаходзяцца дзьве калёніі — № 15 і № 19. Якая зь іх будзе ліквідаваная — не паведамляецца. У Магілёўскай ПК № 15 адбывае 7-гадовае пакараньне палітвязень Арцём Пракапенка.
XS
SM
MD
LG