Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя беларусы дасягнулі найвышэйшага спажываньня алькаголю на душу насельніцтва ў сьвеце.

Як зьменшыць рызыку для сябе і блізкіх, дзе норма і як распазнаць, ці становіцца з вас алькаголік?

Алькагольная азбука


Цяжкое эпізадычнае ўжываньне алькаголю – гэта аднаразовае ўжываньне шасьці ці больш порцый алькаголю раз на месяц ці часьцей. Жанчыны больш адчувальныя да алькаголю, чым мужчыны. Гэта можна растлумачыць шырокім дыяпазонам фактараў. Жанчыны, як правіла, маюць больш нізкую масу цела, меншую печань, якая адказвае за мэтабалізм сьпірту і больш высокую долю тлушчу ў арганізьме. У сукупнасьці гэтыя фактары спрыяюць таму, што пры аднолькавым спажываньні алькаголю канцэнтрацыя алькаголю ў крыві жанчын будзе больш высокая, чым у мужчын.

Чым больш эканамічна разьвітая краіна, тым больш там спажываецца алькаголю і тым меншы лік тых, хто ад яго ўстрымліваецца. Эканамічнае багацьце таксама зьвязана з больш нізкімі прапорцыямі няўлічанага алькаголю. Напрыклад, у краінах з высокім прыбыткам толькі 8,5% усяго выпітага складаецца зь няўлічанага алькаголю, у той час як у краінах з нізкім прыбыткам больш за 40% усяго спажытага алькаголю зьяўляецца няўлічаным. У выпадку Беларусі карэляцыю найвышэйшага спажываньня алькаголю, відаць, нельга зьвязаць з найлепшай эканамічнай сытуацыяй. Тут відавочна маюць уплыў іншыя спэцыфічныя фактары (вельмі танны і даступны алькаголь, беспэрпэктыўнасьць, адсутнасьць традыцыі ўжываць якаснае віно ці піва, перавага гарэлачнага алькаголю).

Мэханізмы шкоды


Існуюць тры асноўныя наўпроставыя мэханізмы шкоды ад спажываньня алькаголю:

– таксычнае ўзьдзеяньне на органы і тканкі;

– інтаксыкацыя, што прыводзіць да пагаршэньня фізычнай каардынацыі, сьвядомасьці, пазнаньня, успрыняцьця, паводзін;

– залежнасьць, у выніку чаго парушаецца самакантроль асобы.

Шкоднае ўжываньне алькаголю зьяўляецца адной з прычын псыханэўралягічных расстройстваў, у тым ліку эпілепсіі, а таксама іншых неінфэкцыйных хвароб (сардэчна-судзінныя, цыроз печані і цэлы шэраг анкалягічных захворваньняў). Шкоднае ўжываньне алькаголю таксама зьвязанае зь некаторымі інфэкцыйнымі хваробамі (ВІЧ/СНІД, сухоты і вэнэрычныя хваробы). Гэта тлумачыцца тым, што алькаголь аслабляе імунную сыстэму.

Рэгулярнае п'янства можа прывесьці да запаленьня сьлізістай абалонкі страўніка (гастрыт), а таксама язваў страўніка і стрававода. Яно таксама можа перашкодзіць засвойваньню вітамінаў і іншых пажыўных рэчываў, прынамсі вітамінаў групы В і кальцыю. Паводле СААЗ, алькагалізм можа спрыяць узьнікненьню больш чым 200 хвароб.

Што рабіць на дзяржаўным узроўні?


Цалкам згодная з поглядам Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, якая раіць зьвярнуць пільную ўвагу дзяржавы, што прыняла рашэньне змагацца з п'янствам на:

– рэгуляваньне маркетынгу і рэклямы алькагольных напояў (асабліва ў дачыненьні да маладых людзей);

– рэгуляваньне і абмежаваньне доступу да алькаголю;

– памяншэньне попыту з дапамогай мэханізмаў падаткаў і цэнаў;

– павышэньне інфармаванасьці аб шкодным узьдзеяньні алькаголю;

– забесьпячэньне даступнага і недарагога лячэньня для людзей з парушэньнямі, зьвязанымі з ужываньнем алькаголю;

– маніторынг і эпіднагляд

Што да майго погляду на тое, зь якога ўзросту можна дазволіць набываць алькаголь, то асабіста лічу, што калі ўзроставая плянка будзе паднятая да 21 году, гэта будзе мець станоўчы эфэкт. Вядома, што людзі, якія пачынаюць піць у раньнім узросьце, падвяргаюцца больш высокай рызыцы фізычнай залежнасьці ад алькаголю у сталым веку.

Адзін напой – гэта...


Бясьпечная з пункту гледжаньня здароўя доза ўжываньня алькаголю – адзін напой у дзень для жанчын і 2 для мужчын. Адзін стандартны напой гэта:

– 350 мілілітраў звычайнага піва (каля 5 працэнтаў алькаголю)

– 250 мілілітраў напою, які ўтрымлівае каля 7 працэнтаў алькаголю

– 150 мілілітраў віна (каля 12 працэнтаў алкаголю )

– 45 мілілітраў моцных напояў (каля 40 працэнтаў алькаголю )

Праверце сябе: прыкметы і сымптомы алькагалізму


Калі прыведзеныя ніжэй сытуацыі сталі часткай вашых паводзін, то час прымаць меры:

– Вы ня ў стане абмежаваць колькасьць алькаголю, які п'яце.

– Вы адчуваеце моцную патрэбу выпіць.

– У вас назіраецца талерантнасьць да алькаголю, г.зн. вам трэба ўсё большая доза, каб адчуць яго наступствы.

– Вы п'яце ў адзіночку ці цішком.

– Вы адчуваеце фізычныя сымптомы абстынэнцыі (млоснасьць, патлівасьць і дрыготку), калі вы не п'яце.

– Ня памятаеце свае размовы або абавязкі, гэта часам называюць «блэк аўт».

– Маеце рытуал прымаць напоі ў пэўны час і вас раздражняе, калі гэты рытуал парушаецца.

– Становіцеся раздражняльным, калі набліжаецца ваш звычайны час піцьця, а алькаголь не даступны.

– Трымаеце алькаголь у нечаканых месцах дома, на працы ці ў аўтамабілі.

– Калі ў вас ёсьць юрыдычныя праблемы або праблемы з адносінамі, працай або фінансамі з-за п'янства.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG