Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сімферопалі адзначылі 70-ю гадавіну департацыі крымскіх татараў


Сёньня ў сімферопальскім парку «Салгірка» і ў гарадзкім прывакзальным сквэры прайшлі мэмарыяльныя акцыі. Сёлета 18 траўня спаўняецца 70 гадоў дэпартацыі сталінскім рэжымам крымскататарскага народу. Прычынай высылкі каля двухсот тысяч карэнных жыхароў Крыму тады былі названыя факты супрацоўніцтва крымскіх татар зь нямецкімі і румынскімі акупантамі.

Грамадзянскія акцыі памяці і салідарнасьці з крымскімі татарамі сёньня праводзяцца таксама ў Маскве і Пецярбургу.

За некалькі дзён да гадавіны цяперашнія крымскія ўлады забаранілі мітынгі да 6 чэрвеня. Напярэдадні, у пятніцу, на пасяджэньні мэджлісу таксама было прынята рашэньне аб адмене заплянаваных на 17-18 траўня акцый у Сімферопалі.

На пачатку траўня аднаму зь лідэраў крымскататарскага народу Мустафу Джамілёву, які прыехаў на радзіму, не дазволілі ўехаць на тэрыторыю паўвострава. Суайчыньнікі, што чакалі яго, на знак пратэсту супраць дзеяньняў мясцовай адміністрацыі на некаторы час заблякавалі аўтамабільныя дарогі каля Сімферопалю, Бахчысараю і ў некаторых іншых раёнах Крыму.

Цяперашняя пракуратура Крыму папярэдзіла старшыню мэджлісу Рэфата Чубарава аб «недапушчэньні вядзеньня экстрэмісцкай дзейнасьці» і прыгразіла ў выпадку непадпарадкаваньня — забараніць дзейнасьць мэджлісу.
XS
SM
MD
LG