Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 тысяч крымскіх татараў ужо пакінулі радзіму, баючыся за сваё жыцьцё і здароўе. Астатнія непакояцца, каб ціск расейскіх уладаў не працягнуўся далей — з мэтай паступовага выцісканьня крымскіх татараў з гістарычнай радзімы. Новыя расейскія ўлады Крыму зрабілі штодзённасьцю для татараў ператрусы, суды і штрафы. А сёньня ім забаранілі праводзіць мітынгі і дэманстрацыі.

За два дні да меркаванага Ўсякрымскага жалобнага мітынгу ў памяць ахвяраў дэпартацыі крымскіх татараў, што адбылася 70 гадоў таму, расейская ўлада забараніла праводзіць вулічныя мерапрыемствы да 6 чэрвеня ўключна. Пра тое, як на гэты адрэагуе Мэджліс, а таксама пра рэпрэсіі ў дачыненьні да крымскіх татараў на паўвостраве Радыё Свабода пагутарыла з намесьнікам кіраўніка Мэджлісу Нарыманам Джэлялавым.

— Нарыман Энверавіч, як Мэджліс будзе рэагаваць на забарону з боку ўладаў праводзіць Усякрымскі жалобны мітынг, які быў заплянаваны на 18 траўня — дзень 70-й гадавіны дэпартацыі крымскіх татараў?

— Справа ў тым, што ўлады ўжо даўно папярэджвалі нас і прасілі адмовіцца ад правядзеньня масавага мерапрыемства 18 траўня. Тлумачылі яны гэта тым, што ёсьць пагрозы правакацыяў з трэцяга боку — ня з боку крымскіх татараў і ня з боку расейцаў, а з боку нейкіх трэціх зацікаўленых асобаў. Мы казалі, што вельмі складана ў гэтай сытуацыі напружаных адносінаў паміж афіцыйнай уладай, прадстаўнічымі органамі крымска-татарскага народу і самімі крымскімі татарамі адмовіцца ад правядзеньня гэтага мітынгу, што гэта можа выклікаць непрыемныя наступствы для ўсіх. Мы стараліся іх пераканаць, але ў выніку, са спасылкай на магчымыя правакацыі, сёньня канчаткова было прынята рашэньне крымскімі ўладамі пра забарону правядзеньня масавых мерапрыемстваў да 6 чэрвеня. Абгрунтаваньне — нестабільная сытуацыя вакол Крыму і ўвогуле на поўдні Ўкраіны, а таксама меркаваньні, што ў Крыме могуць дзейнічаць групы людзей, зацікаўленыя ў тым, каб узарваць сытуацыю. Як мы будзем дзейнічаць і якім чынам адзначаць трагічную дату 18 траўня, зараз сказаць складана. Сёньня ўвечары будзе паседжаньне Меджлісу крымска-татарскага народу, на якім будзе прынята рашэньне.

— А ўвогуле ці можна канстатаваць павелічэньне рэпрэсіяў супраць крымскіх татараў пасьля анэксіі Крыму?

— Асабіста я не выкарыстоўваю слова «рэпрэсіі». Але магу пацьвердзіць, што пэўныя праверкі, ціск, штрафы пачынаюць зьяўляцца ў дачыненьні да крымскіх татараў. Адны мае суайчыньнікі ўспрымаюць гэта як рэпрэсіі з боку дзяржавы ў дачыненьні да крымскіх татараў з мэтай іх запалохваньня. Аднак ёсьць і іншы пункт гледжаньня, які палягае ў тым, што мы дэ-факта сталі пражываць у Расейскай Фэдэрацыі, а ні для кога не сакрэт, што ў гэтай дзяржаве ёсьць традыцыя чыніць рэпрэсіі ў дачыненьні да людзей, якія робяць пэўныя грамадзка-палітычныя дзеяньні. Прычым гэтыя рэпрэсіі знаходзяцца ў рамках расейскага закону. Мы прывыклі да ўкраінскай прававой і палітычнай рэчаіснасьці, дзе шмат на што закрываюцца вочы і дзе за перакрываньне дарогі ці правядзеньне акцыяў асабліва нікога не каралі. У Расеі ўсё па-іншаму. І вось зараз мы сутыкнуліся з гэтай рэчаіснасьцю. І кожны трактуе яе па-свойму.
Ні для кога не сакрэт, што ў Расеі ёсьць традыцыя чыніць рэпрэсіі ў дачыненьні да людзей, якія робяць пэўныя грамадзка-палітычныя дзеяньні. Прычым гэтыя рэпрэсіі знаходзяцца ў рамках расейскага закону

— Ці не маглі б вы распавесьці, як канкрэтна выглядае цяперашні ціск на крымскіх татараў?

— Літаральна ўчора прайшлі ператрусы ў доме Мустафы Джэмілева, а таксама ў сябра Мэджлісу Алі Хамзіна. Цяпер выклікаюць нашых людзей у сьледчае ўпраўленьне. Праходзяць суды па акцыях 3 траўня, на якіх даюць штрафы за перакрыцьцё дарогі ці акцыі каля блёк-пастоў. Раней такога ніколі не было. Такім чынам улада дэманструе, што яна не дазволіць парушаць закон Расеі на тэрыторыі Крыму.

— Колькі крымскіх татараў ужо пакінулі паўвостраў?

— Народны дэпутат Украіны Мустафа Джэмілеў агучвае лічбу 5 тысяч, большая частка зь іх цяпер у мацерыковай Украіне. Наша кіеўскае зямляцтва стварыла адмысловыя структуры, якія займаюцца іх уладкаваньнем. Але мы вельмі спадзяёмся, што ўцекачы вернуцца ў Крым, таму што мы як народ павінны пражываць на сваёй радзіме.

— Некаторыя СМІ праводзяць паралелі паміж дэпартацыяй крымскіх татараў 70 гадоў таму і гэтым вымушаным ад’ездам, які мы назіраем цяпер. Вось пішуць, што ў Крыме зьяўляецца шмат бранятэхнікі перад магчымай акцыяй 18 траўня. Як бы вы маглі гэта пракамэнтаваць?

— Я б не праводзіў такой паралелі. Сапраўды, учора пачалося нагнятаньне абстаноўкі, СМІ спасылаліся на аўтазакі з Расеі, якія прыехалі ў Крым. Я бачыў гэтыя аўтамабілі. Гэта не аўтазакі. Гэта аўтамабілі, у якіх прывезьлі паліцыянтаў, яны іншай канструкцыі, чым аўтазакі. Мы былі ў гарадзкім МУС, дзе нам патлумачылі, што сюды сапраўды едуць сілы для забесьпячэньня парадку падчас магчымага мітынгу. Такі падвоз паліцыянтаў тлумачыцца тым, што крымскіх сілаў на дадзены момант не хапае, іх прывозяць з бліжэйшых рэгіёнаў Расеі.

— То бок гэта не падрыхтоўка да нейкай сілавой акцыі з боку ўлады?

— Я лічу, што ў такой абстаноўцы расейскія ўлады на адкрытыя дзеяньні ня пойдуць. Калі ў кагосьці ёсьць зацікаўленасьць у тым, каб крымскія татары пакінулі Крым, то будуць выкарыстоўвацца іншыя мэтады, якія прывядуць да таго, што крымскія татары ўсьлед за гэтымі 5 тысячамі самі пакінуць паўвостраў, баючыся за сваё жыцьцё ці здароўе. Будуць выціскаць паступова, калі ёсьць такая зацікаўленасьць.

— Ці атрымліваеце вы нейкую дапамогу з боку афіцыйнага Кіева?

— Кіеўскія ўлады ня маюць магчымасьці нейкім чынам паспрыяць крымскім татарам на тэрыторыі Крыму. У іх няма такіх рычагоў уплыву. Мы зь імі ў кантакце — найперш праз нашага лідэра Мустафу Джэмілева, а таксама праз Рэфата Чубарава, які нядаўна сустракаўся з кіраўніцтвам Украіны. Аднак украінская ўлада аказаць нам дапамогу практычнымі рэчамі ня мае магчымасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG