Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Чаму ня ў Віцебску? Бо там можна атруціцца»


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка даручыў Генпракуратуры прааналізаваць шкоду ад зрыву тэрмінаў мадэрнізацыі «Віцебскдрэва». І з гэтай нагоды распачаць крымінальную справу.

Пра гэта ён заявіў у Менску на чарговай нарадзе пра мадэрнізацыю дрэваапрацоўчай галіны.

Аляксандар Лукашэнка незадаволены чарговым пераносам тэрмінаў мадэрнізацыі «Віцебскдрэва». Улетку мінулага году было вызначана, што мадэрнізацыя завершыцца 1 сьнежня 2013 году. Лукашэнка загадаў запрасіць генпракурора і даручыць у межах крымінальнай справы разгледзець усе пытаньні і палічыць страты.

«Са мной узгадняць ня трэба: трэба за кімсьці прасачыць, правесьці апэратыўныя дзеяньні, саджаць у сьледчы ізалятар — саджайце», — заявіў ён на нарадзе.

Лукашэнка даводзіў, што «рашэньне прэзыдэнта - закон, вы парушылі закон».

Яшчэ ў 2012 годзе, наведваючы «Віцебскдрэў», Лукашэнка загадаў. працаваць дзень і ноч, як у ваенны час, і паабяцаў, што нікому не даруе.

Чаму Лукашэнка апошнім часам так шмат увагі аддае дрэваапрацоўчай галіне, аднак прыкметных вынікаў тут ня бачна? Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка мяркуе, што прычынаў тут некалькі.

Леанід Заіка
Леанід Заіка
«Мала хто ведае ў Беларусі, што па выніках году Беларусь мае самыя дрэнныя эканамічныя паказчыкі ў СНД. Такога яшчэ не было. Тая эканамічная мадэль, якую абраў сам прэзыдэнт, абсалютна неэфэктыўная. Праз 20 гадоў мы маем самую дрэнную эканоміку па тэмпах, па паказчыках у СНД. Па-другое, мадэрнізацыя няправільна пашыта, неправільна зробленыя замеры.Трэба ўкладаць грошы туды, дзе ёсьць чалавечы капітал. Што тычыцца пасадак, то чыноўнікаў трэба саджаць, вядома. Там недзе пад два мільярды па ўсёй дрэваапрацоўцы былі „расьпілаваныя“. Там калі капаць, то на крымінальную справу можна накапаць колькі хочаш. Таму калі Лукашэнка так шырока прапагандуе мадэрнізацыю і спрабуе яе паказаць на прыкладзе дрэваапрацоўкі, то агульны фінал несуцяшальны».

8 лістапада Аляксандар Лукашэнка, наведваючы прадпрыемства «Барысаўдрэў», звольніў шэраг чыноўнікаў, якія ня выканалі ягоных загадаў наконт мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны.

У прыватнасьці, былі адпраўленыя ў адстаўку намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Андрэй Тур, старшыня Менскага аблвыканкаму Барыс Батура, старшыня канцэрну «Беллеспаперапрам» Аляксандар Пераслаўцаў. Шэраг чыноўнікаў атрымалі вымовы і папярэджаньні, некаторым Лукашэнка прыгразіў крымінальнымі справамі.

На сёньняшняй нарадзе старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандар Косінец патлумачыў, што «завод пабудаваны, але ёсьць праблема: нізкая эфэктыўнасьць вэнтыляцыйнай сыстэмы цэха фармовачнага прэса».

«Узровень фармальдэгіду першапачаткова перавышаў гранічна дапушчальную канцэнтрацыю ў 5 разоў — цяпер у 2. У цэху без рэсьпіратара знаходзіцца небясьпечна», — прызнаў ён.

Лукашэнка перапыніў: «Чаму мы не знаходзімся сёньня ў Віцебску?»

Косінец паўтарыў: «Бо ў цэху шкодна будзе знаходзіцца...»

Лукашэнка зноў перапыніў Косінца: «Бо там можна атруціцца. Сядайце».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG