Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлындзікаў: Мяняць трэба не чыноўнікаў, а сыстэму


Васіль Шлындзікаў

Васіль Шлындзікаў

Аляксандар Лукашэнка, наведваючы прадпрыемства «Барысаўдрэў», звольніў шэраг чыноўнікаў, якія завалілі тэрміны мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны.

У прыватнасьці, выпраўленыя ў адстаўку намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, экс-міністар эканомікі Андрэй Тур, старшыня Менскага аблвыканкаму Барыс Батура і старшыня канцэрну «Беллеспаперапрам» Аляксандар Пераслаўцаў. Шэраг чыноўнікаў атрымалі апошнія вымовы і папярэджаньні, некаторым Лукашэнка прыгразіў крымінальнымі справамі.

Зрэшты, некаторыя зь ліку звольненых адразу ж «працаўладкаваліся». Хоць і не зусім паводле профілю. Так, Батура ў загадным парадку зойме месца дырэктара «Барысаўдрэва» і цягам трох дзён мусіць пераехаць у новыя апартамэнты. У іншым выпадку Лукашэнка паабяцаў аддаць ужо былога вэртыкальніка пад суд. Апальны кіраўнік галіновага канцэрну Пераслаўцаў кінуты яму на дапамогу.

Ці стануць радыкальныя кадравыя перастаноўкі выратавальнымі для прадпрыемства, якое ва ўмовах плянавай эканомікі ніяк ня можа «мадэрнізавацца»? Эканаміст, у мінулым кіраўнік буйнога прадпрыемства «Амкадор» Васіль Шлындзікаў перакананы: усялякія радыкальныя хістаньні ў цяперашняй эканамічнай сытуацыі параўнальныя з заменай «шыла на мыла»:

«Ня думаю, што чыноўнікі ў чымсьці вінаватыя. Як ня думаю, што нешта пры гэтых перастаноўках зьменіцца ў лепшы бок, асабліва пры цяперашняй эканамічнай сытуацыі ў краіне. Трэба нарэшце зразумець: плянавая эканоміка ні да чога добрага не прыводзіць, таму гэта чарговы самагубны палёт матылька на ліхтар. Мяняць трэба не людзей, а зьмяняць трэба ў корані ўсю эканамічную сыстэму. Трэба ўсё ж праводзіць прыватызацыю з улікам усіх памылак, якія расейцы дапусьцілі, іншыя краіны, уключна, вядома ж, з нашай. Толькі так можна дабіцца кардынальных вынікаў. А ў іншым выпадку нас чакае крах, як ужо меў месца крах дакладна такой жа савецкай сыстэмы. Зрэшты, у нас гэты крах быў бы даўным-даўно, каб не Расея зь яе імпэрскімі амбіцыямі».

Карэспандэнт: «Іншымі словамі, у дадзенай сытуацыі каго ні мяняй, эфэкт будзе той жа?»

«Абсалютна той жа самы. Магчыма, нейкія тактычныя крокі Батура зрабіць і здолее, але збольшага дзеля таго, каб уратавацца самому. Але я сумняюся, каб нешта кардынальна ён там зьмяніў. Гэта немагчыма ў прынцыпе. Тым больш калі табе не ствараюць адпаведныя ўмовы, а толькі пагражаюць крымінальнымі справамі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG