Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка абвясьціў пра пачатак новай кампаніі. Ён будзе езьдзіць па прадпрыемствах і наводзіць парадак. Гэта відавочная прыкмета, што сытуацыя ў беларускай эканоміцы напружаная і наперадзе новыя праблемы.

Надзвычайная актыўнасьць павінна, на ягоную думку, нэўтралізаваць і кампэнсаваць будучыя іміджавыя страты. Мяркуючы па візытах на «Барысаўдрэў» і «Керамін», гэтым паездкам спадарожнічаюць гучныя заявы перад тэлекамэрамі. Бо кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што лепшых піяршчыкаў ягонага вобразу, чым ён сам, у краіне няма.

Які ж мэсыдж дасылае Лукашэнка грамадзтву, выступаючы на «Кераміне»? Іх некалькі, у асноўным усе яны прайшлі выпрабаваньне часам і адрасаваныя ягонаму традыцыйнаму электарату.

1. Беларусь трымаецца на прэзыдэнце, ягонай руплівасьці, гаспадарлівасьці, актыўнасьці, самаадданасьці. «Праеду па знакавых прадпрыемствах, па якіх былі дадзены даручэньні. Не прэзыдэнцкая гэта, вядома, справа, але што рабіць, калі ўрад не працуе... Няўжо я яшчэ павінен езьдзіць і парадак наводзіць?», — кажа Лукашэнка. Усе чыноўнікі — лайдакі, безадказныя людзі. «Батура — ня горшы губэрнатар. Гэта быў адзін зь лепшых губэрнатараў». Дый той усё заваліў на «Барысаўдрэве». Няма на каго спадзявацца. Адзін на дзевяць з паловай мільёнаў. Таму і даводзіцца, як у тым анэкдоце, самому перабіраць бульбу. І калі, крый Божа, краіна застанецца безь яго, то ўсё разваліцца.

Праўда, элемэнтарная лёгіка падказвае, што такая сыстэма абсалютна нежыцьцяздольная. Бо прэзыдэнт ня ў стане наведваць усе прадпрыемствы і кіраваць кожным зь іх. Але ягонаму электарату такія пытаньні проста не прыходзяць у галаву.

2. Беларусь з усіх бакоў атачаюць ворагі, якія хочуць яе захапіць. Але іхнія надзеі марныя, бо на абароне краіны стаіць прэзыдэнт. «Цяпер усе вакол Беларусі ходзяць і як ваўкі галодныя зубамі ляскаюць, дзе б прыхапіць — „Керамін“, „Беларуснафта“, адзін нафтаперапрацоўчы завод, другі, шмат у нас такіх прадпрыемстваў. Рукі сьвярбяць, і сёньня ціснуць не таму, што я такі дрэнны, дыктатар, а таму, што не аддаю. Тым не аддаў на Ўсходзе, на Захадзе не аддаў. А хочацца, і ўзяць хочуць за бесцань... А чаму? Таму што мы не разбурылі сваё, а некаторыя прадпрыемствы ператварылі ў квітнеючыя».

Зноў жа — а калі раптам з прэзыдэнтам нешта здарыцца, то, самі разумееце, Беларусь стане лёгкай здабычай гэтых «ваўкоў галодных».

3. У такой сыстэме, дзе ўсіх прымушае працаваць прэзыдэнт і на гэтым усё трымаецца, для прыватнікаў месца няма. Таму распальваецца нянавісьць да бізнэсоўцаў, да самой ідэі прыватнай уласнасьці. «Мы ўжо наеліся гэтых прыватнікаў... Усе прыватнікі глядзяць у сваю кішэню». Гэтым Лукашэнка апраўдвае рэйдэрскі захоп кандытарскіх фабрык і «Кераміна». Бо гэта нават нацыяналізацыяй назваць нельга, бо пры нацыяналізацыі, паводле закону, уласьніку павінны кампэнсаваць страты. А тут проста «я запатрабаваў вярнуць прадпрыемства дзяржаве, але не забіраць акцыі, а заплаціць па мінімальнай цане».

4. Што да эканамічных цяжкасьцяў, то, вядома ж, прэзыдэнт тут ні пры чым. А хто вінаваты? Па-першае, народ, які скупляе валюту. Па-другое, «крызісныя зьявы ў Эўропе, крыху менш — у Амэрыцы, Расея і іншыя постсавецкія рэспублікі проста абваліліся». Дык чаго ж вы хочаце? Калі ўжо Расея зь яе нафтай і газам «проста абвалілася», то на гэтым фоне ў Беларусі яшчэ ўсё добра трымаецца.
Лукашэнка стварае для свайго электарату ўласны сьвет, які зусім не падобны да рэальнага

Лукашэнка стварае для свайго электарату ўласны сьвет, які зусім не падобны да рэальнага. У гэтым сьвеце Беларусь — як выспа стабільнасьці пасярод усеагульнага абвалу.

Але было ў выступе Лукашэнкі на «Кераміне» і нешта новае. Нечакана ён паспрабаваў апраўдацца за разнос, учынены ім на «Барысаўдрэве», і трохі адкруціць сытуацыю назад. Бо зразумеў, што перагнуў палку, пагразіўшы пяці (!) чыноўнікам турмой. А кіраўніку Менскай вобласьці Барысу Батуру — намэнклятурнаму патрыярху, сталаму чалавеку (66 гадоў) — загадаў узначаліць дрэваапрацоўчае прадпрыемства. Нават для беларускіх чынавенскіх нораваў гэта занадта. Разнос выклікаў пэўнае абурэньне ў намэнклятурным асяродзьдзі. Лукашэнка гэта адчуў, таму паспрабаваў спусьціць скандал на тармазах.

І, нарэшце, Лукашэнка паведаміў, што рыхтуюцца новыя крокі да запрыгоньваньня працоўных. Забарона звальняцца з дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў была пробным шарам. «Мы павінны ў бліжэйшы час упарадкаваць сыстэму найманьня на працу, пераходу з адной працы на іншую... Кантракты павінны быць ува ўсіх, бо яшчэ ў нас мора людзей без кантрактаў... Нам, мабыць, трэба вярнуць нешта накшталт характарыстык з папярэдняга месца працы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

І гэта па-свойму лягічна. Калі ня дзейнічаюць эканамічныя стымулы, то, каб утрымаць сытуацыю ад развалу, трэба ўзмацніць пазаэканамічны прымус. Таму адна за адной зьяўляюцца ініцыятывы: кантракты, характарыстыкі, падатак на непрацоўных, «сто даляраў з носу» за выезд за мяжу, усё часьцейшыя пагрозы турмой. На чыгунцы машыністам не выдаюць на рукі правы кіраваньня, дакумэнты застаюцца ў аддзеле кадраў, каб работнікі ня зьехалі ў Расею.

Але кантракты, характарыстыкі больш-менш дзейсныя ва ўмовах беспрацоўя. Гэтыя мэханізмы стымулююць работнікаў трымацца за працу. А сёньня ў беларускай эканоміцы іншая праблема: недахоп рабочых рук. Бо людзі зьяжджаюць на заробкі за мяжу. У такой сытуацыі кантракты і характарыстыкі дапамогуць як хваробе кашаль.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG