Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсмэн аддае шэсьць офісаў і канфэрэнц-залю пад беларускія праекты


Андрэй Паддубскі
Андрэй Паддубскі

Андрэй Паддубскі, 38-гадовы мянчук і ўладальнік пасьпяховай транспартна-лягістычнай кампаніі «Фабеас», кажа, што беларуская мова — сакрэтная зброя нацыянальнага бізнэсу, а для культурніцкіх праектаў не шкада ніякіх грошай.

Паддубскі ўжо прафінансаваў выданьне бэстсэлера Глеба Лабадзенкі «Дзіцячая заМова», аўдыёвыданьне «Палескіх рабінзонаў» Янкі Маўра і шматлікія беларускія імпрэзы. «Ваярскі каляндар», які рабіўся як карпаратыўны каляндар ягонай кампаніі, цяпер можна купіць ва ўсіх кнігарнях, ён стаўся прыкметнай зьявай беларускага друку.

«Беларуская прастора» Андрэя Паддубскага будзе працаваць па адрасе: Менск, вуліца Скарыны, 12.

«Калі пачалі будаваць гэтыя офісныя памяшканьні як інвэстыцыйны праект, яшчэ ня ведалі, як будзем выкарыстоўваць. Але недзе ў сярэдзіне будаўніцтва я ўжо зразумеў: гэта будзе ня бізнэс, а культурніцкая пляцоўка, якая будзе працаваць на гонар, годнасьць і беларускую справу. І грошы, прыбытак у гэтым праекце наагул ня маюць аніякага сэнсу. Грошай павінна быць дастаткова, каб гэта самаакуплялася», — распавядае кіраўнік транспартна-лягістычнай кампаніі «Фабеас» Андрэй Паддубскі.

Ужо цяпер вядома, што на Скарыны, 12 разьмесьцяцца інтэрнэт-крама «Прастора.бай», выдавецтва «Паперус», два дзіцячыя праекты — тэатральны і адукацыйны, рыцарскі клюб «Гівойт». Знойдзе тут прытулак і тэатральная ініцыятыва мастака Міколы Купавы.

«Яны цяпер ставяць спэктакль па Караткевічу „Каласы пад сярпом тваім“, — распавядае Андрэй, — і ім трэба месца для рэпэтыцыяў. Для нас гонар іх прыняць».

Канфэрэнц-залю пад беларускія праекты можна будзе арандаваць на ільготных умовах альбо атрымаць задарма — абы вашая праца была на карысьць беларускай культуры.

«Ідэя зьявілася неяк сама па сабе, — кажа Паддубскі. — Пачалося ўсё з майго знаёмства з Алесем Квіткевічам з інтэрнэт-крамы „Прастора.бай“. Я празь ягоны сайт замовіў кнігі. Ён іх асабіста як кур’ер даставіў, і мы яшчэ недзе гадзіну пасьля зь ім гаварылі».

Так Квіткевіч уцягнуў Паддубскага «ў беларускасьць». «Мы ж амаль усе дзеці Савецкага Саюзу, — тлумачыць Андрэй, які нарадзіўся ў 75-м годзе. — Усё было расейскамоўнае, адукацыя ў тым ліку. І беларуская мова ўспрымалася як мова бабуляў і дзядуляў. Я ў Алесю Квіткевічу ўпершыню пабачыў маладога чалавека, які ўвесь час гаворыць па-беларуску».

Андрэй распавядае, што калі стаў размаўляць па-беларуску, пачалі падцягвацца сябры. Але не адразу. Калісьці захацеў уладкаваць сына ў беларускамоўны садок у Фрунзенскім раёне. «Я прыйшоў да дырэктаркі, зьвяртаюся да яе па-беларуску, а яна спачатку са мною гаворыць, а пасьля так: „Ну давайце ўжо па-расейску“. Маўляў, хопіць ужо гэтага тэатру, у нас хоць і беларускамоўны садок, але ўсё адно ўсё па-расейску. Адна паказуха».
Маўляў, хопіць ужо гэтага тэатру, у нас хоць і беларускамоўны садок, але ўсё адно ўсё па-расейску

Так высьпявала патрэба рабіць беларускую прастору самому. Пачалі далучацца сябры. На базе кампаніі «Фабеас» утварылі «Клюб неабыякавых беларусаў».

«Мы сустракаліся раз на квартал, але было больш гаворак. Людзі прыходзілі, каб выгаварыцца, паказаць сябе. Я гэта пасьля ўжо зразумеў, — распавядае Паддубскі. — А праектаў зьявілася няшмат. Вось першы быў — падтрымалі «Прастора.бай» у выданьні аўдыёкніг Янкі Маўра „Палескія рабінзоны“ і „Ў краіне райскай птушкі“».

Фірма Паддубскага з выпадковай назвай «Фабеас» можа сабе такое дазволіць.

Назву «Беларуская прастора» надта арыгінальнай не назавеш. Нэймінг, відаць, ня самы моцны бок Паддубскага. Дый «Фабеас» — назва выпадковая. Андрэй кажа, што калі пачаў рэгістраваць новую кампанію, то ў выканкаме тыя назвы, што яму падабаліся, ужо былі занятыя. Выбар «Фабеас» быў, як цяпер кажуць, рандомны.

А вось бізнэс-інтуіцыя ў Паддубскага моцная, за «Беларускую прастору» можна быць спакойным і з такой назвай.

Паддубскі — мянчук. Скончыў міжнародную эканоміку ў БДЭУ. Пасьля год войска. Кар’еру пачынаў звычайным эканамістам.

«Але я разумеў, што так я сваёй мары на той момант не дасягну. А мара была — мець уласнае жытло». І ў 2001-м заснаваў фірму па продажы кампутараў.

Але грошай на сям’ю было недастаткова, таму Андрэй яшчэ працаваў фінансавым дырэктарам у транспартнай кампаніі.
Ніякай палітыкі на „Беларускай прасторы“ ня будзе

«У 2006 годзе я пачаў прасоўваць ідэю, што трэба разьвіваць марскія перавозкі з Кітаем. На той момант іх не было, а суседнія Літва і Польшча ўжо гэтым карысталіся. І прадставіў свой бізнэс-плян у кампаніі. Але асноўны акцыянэр сказаў, што гэта падман, мары, мора ў нас няма, таму мы гэта разьвіваць ня будзем».

Паддубскі з кампаніі звольніўся і стаў сваю ідэю ажыцьцяўляць сам. Сьціпла кажа: пашанцавала.

«Калі я пачаў гэтым займацца, пазнаёміўся з двума літоўцамі, якія мне ўсё дасканала распавялі. Мабыць, я быў першы, хто так дасканала гэта распавядаў кліентам. І таму гэта мела шалёны попыт».

Цяпер гэта ўжо не адна кампанія, а цэлая група — з офісамі ў некалькіх расейскіх гарадах, Латвіі і плянамі выйсьці на польскі рынак лягістыкі. У Працуе тут 50 чалавек. У Андрэя кантрольны пакет ва ўсіх кампаніях.

Чвэрць супрацоўнікаў кампаніі размаўляюць па-беларуску. Прычым добраахвотна.

«Якія могуць быць ім бонусы за тое, што гаворыш на роднай мове?» — сьмяшліва зьдзіўляецца Андрэй.

Але тым партнэрам, якія вядуць зь імі справы па-беларуску ці па-беларуску разьмяшчаюць замовы, «Фабеас» робіць зьніжку. Ці дорыць падарункі.

І яшчэ беларуская мова — сакрэтная зброя нашага бізнэсу.
Дамовіліся, што паміж сабой будзем размаўляць па-беларуску. Правяралі: яны кажуць, што нічога не разумеюць

«Мы яе выкарыстоўваем на перамовах у Латвіі і ў Расеі, — распавядае Андрэй. — Вось латышы ўсе добра размаўляюць па-расейску. Мы перамаўляемся, а потым яны — бах, і паміж сабою па-латыску. Мы, ясна, нічога не разумеем. Яны там перамовіліся — і зноў да нас. Мы такія: а чаму мы так ня робім? Нашы карты заўжды адкрытыя, бо мы паміж сабою па-расейску і зь імі. Ну і дамовіліся, што паміж сабой будзем размаўляць па-беларуску. Правяралі: яны кажуць, што нічога не разумеюць. І ў Расеі на перамовах гэтаксама робім».

Паддубскі перакананы, што тое, што яны робяць у беларускай справе, для кампаніі лепшае за любую рэкляму.

«У аўдыёкнігах Янкі Маўра ў кожны дыск укладаўся наш рэклямны буклет. У „Дзіцячай заМове“ ёсьць старонка пра „Фабеас“. Там у стылі кнігі намалявалі, што „Фабеас“ вязе грузы, што такое імпарт, што такое экспарт, — тлумачыць ён. — Я чую нават ад людзей, зь якімі ніколі не сустракаліся, што „Фабеас“ яны ведаюць. Ня ведаюць, чым займаемся, але пазытыўны імідж і пазнавальнасьць ствараецца».

Налётаў падатковай і лёсу іншых беларускіх ініцыятываў, якіх пазбаўляюць памяшканьняў і адусюль гоняць, Паддубскі не баіцца. «Мы ўсё робім правільна, хай прыходзяць, — кажа ён. — А палітыкі ў нас і так ня будзе. У нас бізнэс, які падтрымлівае культуру».

«Я асабіста лічу, што палітыка — гэта вельмі брудная справа. Ніякай палітыкі на „Беларускай прасторы“ ня будзе. За гэтым буду пільна і я сачыць, і мае аднадумцы. Ніякай палітыкі — толькі культура! — сьцьвярджае кіраўнік „Беларускай прасторы“ Андрэй Паддубскі. — Мы найлепш зробім, каб правільна адукаваць тых дзетак, якім сёньня па 10–12 гадоў. Каб яны ўсё дакладна разумелі, ведалі мову, гісторыю. Каб яны ня верылі ў тыя міты, якія нярэдка насаджваюцца тут — пра гісторыю з 1917 году, што Каліноўскі за Польшчу змагаўся і гэтак далей. Каб яны такое адразу выкрэсьлівалі.

І такім чынам палітыка зьменіцца сама. Бо калі гэта атрымаецца, большасьць электарату праз 10 год будзе іншая».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG