Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Мова ці кава» vs «Мова нанова». На абедзьвюх пляцоўках — аншляг


Курсы "Мова ці кава" ў Менску

Курсы "Мова ці кава" ў Менску

13 студзеня ў галерэі «Цэх» стартаваў трэці сэзон курсаў «Мова ці Кава», якія каардынуе журналістка Кацярына Кібальчыч, а ў галерэі «Ў» — прэзэнтавалі новыя курсы «Мова нанова»

13 студзеня ў дзьвюх менскіх творчых прасторах адначасова адбыліся розныя курсы беларускай мовы. У галерэі «Цэх» — стартаваў трэці сэзон курсаў «Мова ці Кава», якія каардынуе журналістка Кацярына Кібальчыч, а ў галерэі «Ў» — прэзэнтавалі новыя курсы «Мова нанова», якія вядуць журналіст Глеб Лабадзенка і філёляг Алеся Літвіноўская.

Праз тое, што сярод арганізатараў адбыўся пэўны ідэйны канфлікт, у выніку якога Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская, якія раней вялі адзіныя курсы «Мова ці Кава», арганізавалі паралельныя курсы, перад першымі ў гэтым годзе заняткамі існавала напружанасьць, і ўсіх цікавіла пытаньне, на каторыя пойдуць ахвотныя ў нязмушанай атмасфэры вывучаць беларускую мову — і адны, і другія праводзяцца ў адзін час, кожны панядзелак а 19-ай.

Курсы "Мова ці кава" ў Менску. Фота Generation.by

Курсы "Мова ці кава" ў Менску. Фота Generation.by



Аншляг назіраўся ў абдезьвюх галерэях. Апроч таго, арганізатары як «Мовы ці Кавы», так і «Мовы нанова» ўжо падчас першых моўных сустрэчаў прапанавалі шмат навінак і цікавостак наведнікам, а таксама паабяцалі новыя неардынарныя тэмы для будучых заняткаў.

Кацярына Кібальчыч сказала, што канкурэнцыя ў межах гэтага праекту прывяла да росту наведнікаў курсаў «Мова ці Кава», гэтую колькасьць арганізатары будуць імкнуцца падтрымліваць за кошт цікавых вядоўцаў і актуальных тэмаў:

«На першых абноўленых занятках было больш за паўтары сотні чалавек. Калі гаварыць шчыра, то на апошнім супольным занятку, які праводзілі Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская, было толькі 65 удзельнікаў. Цяпер мы бачым, што праз канкурэнцыю каманды мабілізавалаліся, і аўдыторыя ня тое, што падвоілася, яна вырасла ў некалькі разоў. Канкурэнцыя нават у межах аднаго праекту будзе спрыяць росту якасьці прадукту. 13 студзеня было шмат журналістаў, актораў, музыкаў, рэжысэраў. Але ня ўсіх зь іх я запрашала. Файна тое, што яны прыйшлі самі, каб паглядзець і паўдзельнічаць. Напрыклад, гаспадар „Кальяннай № 1“ Ваня Мураўёў, драматург Андрэй Курэйчык, журналіст Сяргей Маліноўскі прыйшлі без майго запрашэньня. Відавочна, што менская тусоўка захацела зьвярнуць увагу на курсы „Мова ці Кава“, і гэта акурат тое, да чаго мы імкнемся.

Курсы "Мова нанова". Фота Generation.by

Курсы "Мова нанова". Фота Generation.by



У будучыні на кожных занятках будзе некалькі гасьцей, якія абавязкова будуць удзельнічаць у дыскусіі. Напрыклад, тэма наступных заняткаў, якія правядуць літаратарка Валярына Кустава і журналіст Франак Вячорка, — „Рускія ў горадзе“, падчас іх мы будзем гаварыць пра гасьцей, якія прыяжджаюць на выходныя ў Беларусь. Мы запросім таксама і расейцаў на гэты занятак. Ідэя ў тым, каб запрашаць на заняткі як віпаў, так і невядомых, але якім ёсьць што сказаць па тэме. А праз два тыдні будуць заняткі паэта Ўладзя Лянкевіча і філёляга Алены Пятровіч, дзе мы пагаворым пра мову Інтэрнэту, пра тое, як скарачаць беларускія словы падчас напісаньня ў Твітары, пра тое, якімі сымбалямі можна замяняць тыя ці іншыя словы».

На курсах-канкурэнтах «Мова нанова» 13 студзеня таксама быў аншляг. Адзін зь іх вядоўцаў, журналіст Глеб Лабадзенка кажа, што адмыслова пералічыў наведнікаў і што вельмі цешыцца вялікай колькасьці як на адных, так і на другіх курсах:

«У нас на занятках было каля 300 чалавек. Мы адмыслова іх падлічвалі. Тое, што і на нашыя курсы, і на тыя, што ладяцца ў галерэі „Цэх“, прыйшло вельмі шмат людзей, ня можа ня радаваць. Атрымалася, што гэтае разьдзяленьне на двое курсаў пайшло толькі на карысьць. Ну што ж кепскага ў тым, што і ў нас, і ў „Цэху“ сабралася столькі людзей, якія хочуць вучыць беларускую мову? Вельмі добра, што кожны з тых, хто прыйшоў, і на адныя, і на другія курсы, знайшоў сабе заняткі па душы. І мне здаецца, што напружанасьць, якая існавала перад першымі заняткамі, абсалютна зьнятая. Незадаволеных няма.

Учора мы прэзэнтавалі новую пастаянную рубрыку „Скайп-госьць“. Першым яе героем стаў амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан, які ласкава пагадзіўся выйсьці з намі на скайп-сувязь са Стакгольму. Спадар Стэфан расказаў пра тое, як ён вучыў беларускую мову, і агучыў вельмі важную думку пра тое, што беларусам у пытаньнях мовы ня трэба быць пэрфэкцыяністамі і жадаць адразу размаўляць, як Купала і Колас. Ён параіў не баяцца рабіць памылкі, спрабаваць, вучыцца, ўдасканальвацца.

Таксама ўчора быў беларускамоўны пекар Кастусь Ларкоў зь Верхнядзьвінску, які прывёз нам караваяў з эмблемаю курсаў. Быў таксама гурт HandMade, які выканаў некалькі песень. На наступных занятках госьцем будзе пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў і беларускія рыцары, якія пакажуць, як усё адбывалася на Грундвальдзкай і Аршанскай бітвах. Адпаведна, тэмай заняткаў будуць „Рыцары і бітвы“».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG