Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Купава пералічыў больш за 2 мільёны на базылянскі кляштар


Мікола Купава ў Воршы

Мікола Купава ў Воршы

Гэта грошы ад продажу карцін з дабрачыннай выставы «Сьвятло Бацькаўшчыны», якая да канца ліпеня экспанавалася на малой радзіме мастака.

У 1960-я гады ён стаў сьведкам разбурэньня царквы Апекі Маці Божай — часткі кляштарнага комплексу базыльянаў, а цяпер змагаецца за рэстаўрацыю жылога будынка кляштара — помніка архітэктуры 18 стагодзьдзя, які гібее праз абыякавасьць мясцовых уладаў.

Каб уратаваць помнік архітэктуры, патрэбныя немалыя сродкі. Ужо некалькі гадоў як ён перададзены Віцебскай эпархіі праваслаўнай царквы, але па-ранейшаму стаіць бяз даху. Замоўлены праект рэстаўрацыі каштуе 160 мільёнаў рублёў, але на адмысловым банкаўскім рахунку патрэбная сума яшчэ не назьбіралася.

Каб сабраць сродкі на ратаваньне аршанскай гістарычнай спадчыны, і быў распачаты праект «Сьвятло Бацькаўшчыны». Гэта і аднайменная віртуальная выстава, і рэальныя экспазыцыі твораў, якія ўжо былі прадстаўленыя ў Віцебску і ў Воршы.

Мікола Купава абвясьціў, што гэтыя выставы дабрачынныя: сродкі ад продажу твораў з гэтых экспазыцыяў пералічваюцца на рэстаўрацыю помніка архітэктуры. Мастак трымае слова: ад продажу трох карцін, якія экспанаваліся ў Воршы на працягу ліпеня, на рахунак паступіла каля двух мільёнаў.
Кляштар базыльянаў

Кляштар базыльянаў


Творы застануцца на радзіме мастака. Партрэт гетмана Кастанціна Астроскага набыў мэцэнат, які хоча застацца невядомым. Ён перадаў гэтую карціну ў дар Аршанскаму музэйнаму комплексу. Лінарыт са словамі Ўладзіміра Караткевіча «Тут спрадвеку гучыць наша мова, булатны клінок» набыты і перададзены ў аршанскі музэй пісьменьніка менскімі прадстаўнікамі ініцыятывы «Народны рэфэрэндум». Аршанскія дэмакратычныя актывісты супольна набылі лінарыт «Маладая Беларусь», прысьвечаны творчасьці Янкі Купалы. Неўзабаве і гэты твор таксама стане падарункам адной з культурніцкіх установаў Аршаншчыны.

Ад Міколы Купавы тым часам чакаецца новае ахвяраваньне: яго акварэль «Стары замак Альшанскі» набылі супольна жыхары гораду, зьбіраючы грошы ў адмысловую скрынку для ахвяраваньняў у аршанскім краязнаўчым музэі.

Мікола Купава заклікае падтрымаць ягоную ініцыятыву зьберагчы помнік архітэктуры для нашчадкаў. І зрабіць гэта можна ня толькі праз набыцьцё карцін: пра магчымасьці далучыцца да высакароднай справы паведамляе мясцовы сайт orshatut.by, на якім, дарэчы, зьмешчаны і фатаздымкі ўсіх твораў Міколы Купавы, выстаўленых на продаж.
XS
SM
MD
LG