Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дах над аршанскім кляштарам без Лукашэнкі зрабіць ня могуць


Базылянскі манастыр у Воршы
Базылянскі манастыр у Воршы

Помнік архітэктуры беларускага барока стаіць з 2004 году бяз даху. Зь бюджэту грошы на яго не даюць, бо ён належыць Віцебскай эпархіі.

Ліст да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай зьвярнуць увагу на помнік архітэктуры 18 стагодзьдзя — будынак базыльянскага кляштара — падпісалі больш за два дзясяткі чалавек.

Падпісалася б і болей, але шмат хто баіцца зьвяртацца ў высокія інстанцыі, бо потым скаргі «спускаюць» для разбору ў раён, і скаржнікі маюць непрыемнасьці, гаворыць адна з падпісантак, былая супрацоўніца аднаго з аршанскіх музэяў Тацяна Вароніна:

«Зьвяртаемся да Лукашэнкі, бо куды ўжо толькі не зьвярталіся! І да мясцовых уладаў, і ў Міністэрства культуры, і ў пракуратуру, — адказ адзін: абяцаюць зрабіць у гэтым годзе, потым у наступным, потым зноў у наступным... Дык колькі ж можна! Ворша — гэта ўсходняя брама Беларусі, тут чыгуначны цэнтар, тут усё.. А пасярод гораду стаіць разбураны помнік! Проста сорамна!»

Да 2004 году будынак кляштара быў гарадзкой маёмасьцю: там быў падменны жыльлёвы фонд, а потым — майстэрні мастакоў. Але ўзімку здарыўся моцны сьнегапад, і дах праваліўся. Замест таго каб адрамантаваць, гарадзкія ўлады ў 2005 годзе перадалі аварыйны помнік архітэктуры Віцебскай эпархіі праваслаўнай царквы. Цяпер на ўсе скаргі ў іх адзін адказ: у гістарычнага будынка ёсьць уласьнік, і ўсе прэтэнзіі — да яго.

Аршанскі ўраджэнец, мастак Мікола Купава зьвярнуўся па дапамогу да міністра культуры Барыса Сьвятлова. Адказ мастаку падпісаў намесьнік міністра Тадэвуш Стружэцкі — чатыры дні таму, якраз пасьля скандалу з руйнаваньнем гістарычнага будынка ў вёсцы Смаляны на Аршаншчыне, адпраўлены з гэтай пасады ў адстаўку.

У лісьце гаворыцца, што гаспадар будынка замовіў праект рэстаўрацыі і працы па аднаўленьні могуць распачацца ў 2014 годзе. Але разьлічваць на дапамогу дзяржавы ў гэтай справе не выпадае, цытуе ліст зь Міністэрства культуры мастак Мікола Купава:

«Фінансаваньне такіх аб’ектаў бюджэтнымі сродкамі разглядаецца як іх нямэтавае выкарыстаньне. Выключэньне могуць складаць выпадкі, калі дадзена даручэньне кіраўніка дзяржавы на выкананьне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на канкрэтных аб’ектах». Выходзіць, каб будынак кляштара быў гарадзкой уласнасьцю, то дапамога Міністэрства культуры была б верагоднай? А як належыць Віцебскай эпархіі, то — не?»

Зварот да Аляксандра Лукашэнкі, напісаны жыхарамі Воршы, выглядае адзіным шляхам да вырашэньня праблемы, калі дзяржаўныя структуры адмаўляюцца ад адказнасьці за лёс помніка архітэктуры беларускага барока.

Тым часам аршанцы ня проста чакаюць дапамогі «зьверху», але й самі гатовыя дапамагчы ўратаваць архітэктурны помнік. Паволі, але ўжо паступаюць грошы на дабрачынны банкаўскі рахунак. А мастак Мікола Купала абвясьціў, што выстаўляе на продаж шэраг сваіх твораў. 65% заробленых грошай ён аддасьць на аднаўленьне кляштара базыльянаў. Мастак прапануе ня толькі рэстаўраваць будынак, але й адбудаваць царкву Апекі Маці Божай, зруйнаваную на ягоных вачох у 1969 годзе тагачаснымі гарадзкімі ўладамі Воршы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG