Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два мае калегі паспрачаліся. Адзін сказаў, што ў 1994 годзе паразу пацярпеў БНФ. Іншы яму запярэчыў і сказаў, што тады паразу пацярпела беларуская нацыя.

А я сядзеў і думаў, што тут для мяне якраз tertium datur. На маю думку, у 1994 годзе тактычную паразу пацярпела беларуская нацыянальная ідэя.

І гэта была ў ХХ стагодзьдзі ўжо трэцяя параза беларушчыны. Па вялікім рахунку, у мінулым стагодзьдзі беларусы тройчы «ўздымалі галаву» — у 1917-1918 і некалькіх наступных гадах; у 1941 годзе, пад акупацыяй; і ў 1991-1994 гадах, у часы распаду СССР. І ўсе тры разы Беларусь уздымалася тады, калі... падала Расея. Гэта значыць, што нацыянальныя сілы атрымлівалі магчымасьць стваральна працаваць на нацыянальнай глебе толькі тады, калі слабеў расейскі кантроль над нашай краінай.

Гэтае назіраньне і дае нам адказ на пытаньне, дзе ж «зарыты сабака».

Тры кіты беларушчыны


Хто, калі і як сфармуляваў беларускую нацыянальную ідэю? На чым яна грунтуецца? Для мяне гэта тры пастуляты трох нашых вялікіх продкаў.

Першы належыць найвыдатнейшай пэрсоне беларускай гісторыі, канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Ляву Сапегу. Гэта яго словы з прадмовы да Статуту ВКЛ 1588 году. Вось яны:

«А калі якому народу сорамна права свайго ня ведаць, дык пагатоў нам, якія не чужой якой мовай, але сваёй уласнай правы запісаныя маем і ў любы час, калі нам трэба даць адпор ўсякай крыўдзе, ведаць іх можам».

Так наш вялікі канцлер сфармуляваў тэзіс пра нацыянальна-культурную і дзяржаўна-прававую самастойнасьць беларусаў.

Другі пастулят сфармуляваў нацыянальны герой, патрыёт і незалежнік Кастусь Каліноўскі. Гэта яго словы з разьвітальнага запавету, так званых "Лістоў з-пад шыбеніцы«, напісаных перад пакараньнем сьмерцю (1864 г.). Вось яны:

«Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжо ня будзе».

Гэта — тэзіс пра дзяржаўную незалежнасьць краіны. Такі палітычны запавет будучым пакаленьням пакінуў Кастусь Каліноўскі. І незалежнікам я яго назваў невыпадкова, бо менавіта ён у часе паўстаньня 1863 году ўсчаў з Варшавай спрэчку за будучыя дзяржаўныя межы паміж Польшчай і Літвой-Беларусьсю.

І, нарэшце, трэці пастулят належыць выбітнаму пачынальніку нашай літаратуры Францішку Багушэвічу. Гэта знакамітыя словы з прадмовы да «Дудкі беларускай» (1891 г.):

«Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі!»

Гэта — тэзіс пра наш імунітэт ад нацыянальна-культурнай і дзяржаўна-палітычнай сьмерці.

Усе гэтыя тры пастуляты беларускай нацыянальнай ідэі аказаліся прарочымі. І гэта са змрочнай неабвержнасьцю пацьвердзіла трагічная беларуская гісторыя ХХ стагодзьдзя. І яны ж даюць нам просты і ясны адказ, як трэба рухацца наперад.

Што адбываецца цяпер?


У апошнія гады ў беларускай інфармацыйнай прасторы зноў і зноў узьнікаюць спрэчкі пра ролю і статус расейскай мовы ў Беларусі. Прапануецца нават прызнаць гэтую мову адной з моваў беларускай нацыянальнай культуры. Летась гэтая дыскусія была пераведзена ў маральную плоскасьць (Глядзі тут, тут і тут). І шмат хто зь ліку як беларускамоўных, так і расейскамоўных аўтараў падтрымаў гэтыя аргумэнты.

Але, як і належала чакаць, ня ўсе ўдзельнікі дыскусіі згодныя з пераводам тэмы ў сфэру маралі. Гэта — рэалісты і рацыяналісты, якія абапіраюцца строга на статыстыку і сацыялёгію. Яны кажуць, што беларускія патрыёты ня ведаюць тэорыі мадэрных нацыяў, што нацыяналісты спазьніліся на 100 гадаў, час страчаны, моўную сытуацыю ўжо ніколі ня ўдасца разьвярнуць на 180 градусаў, апэлююць да Ірляндыі, чый прыклад тыпалягічна вельмі адрозьніваецца ад беларускага, і г.д.

Тым часам, кожны, хто знаёмы з сучаснай этнаграфіяй, антрапалёгіяй, палітычнай гісторыяй і філязофіяй гісторыі, ведае, што сучаснае паняцьце нацыі не адкідае і не перакрэсьлівае паняцьця этнічнай супольнасьці, і тым больш, паняцьця народ. Наадварот, гэта неабходныя інструмэнты для вызначэньня і азначэньня розных працэсаў і зьяваў, якія адбываюцца з насельніцтвам плянэты. У англамоўнай навуцы паняцьці нацыі і народу часта супадаюць. Тым ня менш, тэрміны нацыя, этнічная супольнасьць, народ (па-грэцку — этнас) абазначаюць розныя зьявы і розныя паняцьці.

Азы этнаграфіі і палітычнай гісторыі


Нацыя не ідэнтычная этнасу, паколькі можа ўключаць у сябе некалькі этнасаў. Нацыі бываюць двух тыпаў. Першы тып — гэта так званая этнічная нацыя або этнанацыя. Другі тып — так званая сацыяльна-гістарычная нацыя, якая фармуецца паводле прыкметы прыналежнасьці яе членаў да аднаго геасацыяльнага арганізму (дзяржавы). Да першага тыпу належаць большасьць старых эўрапейскіх нацыяў, да другога — некаторыя поліэтнічныя эўрапейскія нацыі і нацыі Новага сьвету.

Нацыі могуць складацца зь некалькіх народаў і быць шматмоўнымі, але лічыцца, што этнічная супольнасьць або этнас у стадыі сьпеласьці шматмоўнымі быць ня могуць, паколькі стадыя сьпеласьці зьвязана з выпрацоўкай адзінай літаратурнай мовы.

Этнічныя працэсы коратка можна зьвесьці да наступных.

Этнічная асыміляцыя, якую яшчэ называюць уцягваньнем, растварэньнем і ўключэньнем. Бываюць асыміляцыі моўная, моўна-культурная і поўная. У прынцыпе, гэта тры этапы аднаго працэсу. Асыміляцыя завяршаецца поўнай заменай этнічнай самасьвядомасьці і пачуцьця этнічнай прыналежнасьці. Як правіла, гэта адбываецца ў другім або трэцім пакаленьнях.

Этнічная кансалідацыя (зьліцьцё), калі блізкія па культуры і мове этнасы зьліваюцца ў адзін, але застаюцца далей існаваць як субэтнасы ў межах новага вялікага этнасу.

Этнічная дывэргенцыя (расшчапленьне), калі раней адзіны этнас распадаецца на некалькі новых. Часьцей гэта зьвязана з распадам геасацыяльнай адзінкі (дзяржавы). Але не заўсёды.

Працэсы гэтыя ў дачыненьні да этнічных супольнасьцяў заўсёды адбываюцца паводле аб’ектыўных (не залежных ад этнасу) прычынаў, гэта значыць паміма сьвядомасьці і волі людзей.

Працэсы ж нацыянальныя заўсёды зьвязаныя з нацыянальнымі рухамі — гэта сьвядомая дзейнасьць вялікіх групаў людзей, накіраваная на дасягненьне канкрэтных мэтаў, часьцей за ўсё палітычных. Таму нацыянальныя рухі адрозьніваюцца ад этнічных працэсаў сваёй прыналежнасьцю да сфэры палітыкі.

Як толькі ў пачатку ХХ стагодзьдзя беларусы стварылі першую палітычную партыю — яны пачалі працэс фармаваньня беларускай нацыі, якая павінна была ахапіць сабой беларускую этнічную супольнасьць у межах яе расьсяленьня. Гэта і была праграма рэалізацыі беларускай нацыянальнай ідэі. Яе мэта — нацыя этнічная, а не сацыяльна-гістарычная. Гэты працэс дасягнуў апагею 25 сакавіка 1918 году з абвяшчэньнем незалежнасьці БНР, і затым працягнуўся ў межах савецкай квазідзяржавы БССР. Але (увага!), дзеля аб’ектыўных, не залежных ад беларускай этнічнай супольнасьці прычынаў працэс фармаваньня беларускай нацыі ня быў закончаны. Працягваецца ён і ў нашы дні, у рамках Рэспублікі Беларусь.

Паралельна яму адбываюцца (працягваюцца) і неспрыяльныя для беларускага этнасу працэсы, зьвязаныя з палітычнымі рэаліямі і актыўнасьцю суседніх дзяржаваў (фактычна адной зь іх — Расеі). З нашага боку іх можна назваць моўна-культурнай асыміляцыяй. З расейскага — этнічнай кансалідацыяй, паколькі расейцы не прызнаюць самастойнасьці беларусаў і ўкраінцаў, і аказваюць працэсам моўна-культурнай асыміляцыі магутную палітычную, культурную ды інфармацыйную падтрымку на дзяржаўным ўзроўні.

Цяперашнія моўна-культурныя працэсы ў межах Рэспублікі Беларусь могуць завяршыцца дывэргенцыяй або расшчапленьнем, стварэньнем субэтнасу расейскамоўных беларусаў з далейшым іх зьліцьцём з астатнімі расейцамі. А могуць скончыцца і поўным зьліцьцём двух этнасаў. Многія беларусы за ХХ стагодзьдзе так і не пазбавіліся падвойнай сьвядомасьці. Сучасныя перапісы не фіксуюць такой зьявы, бо ня ставяць такой мэты. Тым часам этнонім «беларус» пачынае набываць значэньне палітоніму, якраз таму вулічныя апытаньні паказваюць, што, напрыклад, траціна людзей думае, што ў Беларусі скасавана сьмяротнае пакараньне — у той час, як яно скасаванае ў Расеі. Фразы «Мы русские», «наши русские», «эти нерусские» ў вуснах беларускіх грамадзянаў, якія на перапісах называюць сябе беларусамі, паказваюць і на адначасовае атаямсамліваньне сябе з насельніцтвам Расеі...

У такіх умовах прапанова прызнаць расейскую мову мовай беларускай культуры выглядае вельмі несвоечасовай і вельмі небясьпечнай.

Мітычная грамадзянская нацыя


У спрэчках пра лёс Беларусі, нават у тэкстах салідных аўтараў, можна пачуць развагі пра патрэбу стварэньня ў Беларусі так званай грамадзянскай нацыі, гэта значыць супольнасьці людзей, якія будуць патрыётамі не краіны, але дзяржавы, і якія будуць аб’яднаныя пачуцьцём прыналежнасьці да гэтай дзяржавы.

Што тут скажаш? Грамадзянская нацыя — гэта не навуковае паняцьце, гэта міт. У апошнія 15 гадоў пра такую нацыю загаварылі ў Расеі, гэта клопат некаторых расейскіх навукоўцаў, занепакоеных лёсам Расейскай Фэдэрацыі. Ва ўмовах сёньняшняга росту нацыянальных рухаў і ўмацаваньня нацыяналізму па ўсім сьвеце расейскія ідэолягі стаяць перад цяжкай задачай — захаваць адзінства такой вялікай і разнастайнай краіны, якой зьяўляецца Расея. Зразумела, што для гэтага не падыходзіць клясычны этнічны нацыяналізм. Таму ў Расеі і прыдумалі тэрмін «грамадзянская нацыя».

Сусьветная ж навука этнаграфія такога тэрміну ня ведае. Ёсьць толькі тэрмін грамадзянскі нацыяналізм (Civic nationalism). Але і ён большасьцю этнографаў ставіцца пад сумненьне. Грамадзянскі нацыяналізм быў вынаходніцтвам невялікай групы заходніх філёзафаў-ідэалістаў (Эрнэст Рэнан, Джон Сцюарт Мілі), якія вызнавалі лібэральныя каштоўнасьці. Яны проціпастаўлялі нексэнафобны грамадзянскі нацыяналізм нацыяналізму этнічнаму і верылі, што прыналежнасьць да пэўнага этнасу павінна быць добраахвотнай. Гэтыя ідэі аказалі пэўны ўплыў на ўладкаваньне грамадзянскіх супольнасьцяў у некалькіх краінах, у тым ліку ў ЗША, Канадзе, Мэксыцы, Бразыліі, Аргентыне. Але ня цяжка заўважыць, што ўсе гэтыя краіны былі вынікам каляніяльнай актыўнасьці вялікіх этнічных нацыяў, вынікам калянізацыі чужой тэрыторыі, навязваньня сваёй культуры карэнным этнасам і жорсткага іх культурнага задушэньня. Грамадзянскі нацыяналізм выгадны некарэнным этнасам. Але і тут нашых прыхільнікаў грамадзянскай нацыі чакае расчараваньне. Справа ў тым, што нават у названых дзяржавах іх грамадзянскія супольнасьці эвалюцыянуюць у бок супольнасьцяў этнічных. І з гэтым нельга нічога зрабіць.

А ў выпадку Беларусі пра грамадзянскі нацыяналізм гаварыць наогул абсурдна. Беларусы жывуць на сваёй этнічнай тэрыторыі, нас тут большасьць. Этнічныя або нацыянальныя меншасьці Беларусі, бясспрэчна, маюць свае культурныя правы, але ня маюць права дыктаваць беларусам тып патрыятызму і навязваць ім свае культуру і мову.

Прапаноўваць беларусам грамадзянскі патрыятызм — значыць загадзя асуджаць іх на няўдачу нацыянальнага праекту, распачатага ў канцы ХІХ стагодзьдзя. Гэты праект сваім вынікам якраз і мае сёньняшнюю Рэспубліку Беларусь. За такімі прапановамі хаваецца ідэя «нераспаўсюджваньня» беларускай мовы і прызнаньня канчатковага характару русыфікацыі значнай часткі беларусаў. Людзей, якія заклікаюць да стварэньня ў Беларусі грамадзянскай нацыі, я б назваў лінгвістычнымі апартуністамі. (Гэта калі казаць мякка. Пры больш жорсткім разглядзе сытуацыі акажацца, што і тут мае месца зацікаўленасьць народа-калянізатара і яго адэптаў-калябарантаў у Беларусі.)

Таму ў ніякім выпадку нельга прызнаваць магчымасьць існаваньня расейскамоўнай беларускай нацыі, або нават дзьвюхмоўнай. Заклікі да такога прызнаньня трэба ўсяляк асуджаць. Як слушна заўважыла некалі прафэсарка Валянціна Лемцюгова, дзяржаўных моваў можа быць некалькі, але нацыянальная мова ў нас адна.

Гэта пацьвярджаюць і сучасныя моўна-культурныя працэсы ў розных краінах сьвету. Рэальнасьць другой паловы ХХ стагодзьдзя — першай паловы ХХІ стагодзьдзя дае нам мноства прыкладаў зваротнасьці і абарачальнасьці моўна-культурных працэсаў.

Ірляндыя і Беларусь


У развагах пра моўную сытуацыю ў Беларусі часта прыводзяць прыклад ірляндцаў, якія зьяўляюцца нацыяй пры амаль поўнай страце мовы. Што пра гэта можна сказаць?..

Людзі належаць да тыпу істотаў, якія маюць дзьве нагі. Але нехта зь іх часам трапляе пад трамвай і застаецца з адной нагой. Адна нага ў чалавека — гэта ня норма, гэта інваліднасьць, выключэньне. Ірляндцы — гэта рэдкі прыклад нацыі, якая трапіла пад «суседзкі трамвай», гэта таксама выключэньне. Як вядома, у XVII стагодзьдзі брытанскі ўрад выплачваў сваім каляністам у Ірляндыі аднолькавае грашовае ўзнагароджаньне і за адстрэл шалёнага сабакі, і за адстрэл настаўніка ірляндзкай мовы... Гэта калі гаварыць літаратурна.

Ну а калі гаварыць паводле вышэйпрыведзеных пачаткаў этнаграфіі і палітычнай гісторыі, то ў развагах пра Ірляндыю як прыклад для Беларусі моцна кідаецца ў вочы недахоп таго, што называецца temporal logic — тэмпаральнай лёгікі. Сытуацыя Ірляндыі адрозьніваецца ад беларускай двума падставовымі рэчамі. Па-першае, ірляндцы пачалі ператварацца ў нацыю, будучы ўжо амаль цалкам англамоўнымі, у той час як беларусы ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў былі амаль цалкам беларускамоўнымі. Па-другое, ірляндцы сёньня зьяўляюцца ўнікальным прыкладам не этнічнай, як беларусы, але этна-канфэсійнай (таксама выключэньне) нацыі— іх каталіцкая вера і больш чым 400-гадовае процістаяньне рэфармацыі пры страце нацыянальнай мовы сталі адным з самых істотных нацыятворчых чыньнікаў. Беларусы такога фактару ня маюць.

Затое мы маем багатую культуру і літаратуру, тысячы тамоў энцыкляпэдыяў, слоўнікаў, манаграфіяў, акадэмічных выданьняў у галіне гісторыі, мастацтва, фальклёру і практычна 100-працэнтнае разуменьне і веданьне насельніцтвам беларускай мовы, якая выкладаецца ва ўсіх школах краіны. Гэта добрая падстава, каб уцячы ад «суседзкага трамваю».

Мова — як код, інструмэнт і элемэнт культуры


Мова зьяўляецца ня толькі інструмэнтам культуры, але і яе ключавым элемэнтам. Творчасьць, акт культуры — немагчымы без пераемнасьці. Менавіта пераемнасьць робіць магчымым самаўзнаўленьне культуры таго ці іншага этнасу з пакаленьня ў пакаленьне. Па-сутнасьці, культурнае ўзнаўленьне побач зь біялягічным зьяўляецца галоўнымі ўмовамі гістарычнага быцьця этнасу. Цяжка ўявіць сабе юнака, які гадуецца на вершах Багдановіча, Дубоўкі, Янішчыц, Караткевіча, Стральцова і Разанава, а вырасшы — пачынае пісаць па-расейску і становіцца расейскамоўным паэтам. Гэта нонсэнс.

Зь іншага боку, цяжка ўявіць сабе і менскага расейскамоўнага літаратара, які вырас на паэзіі расейскага Срэбранага веку, на расейскіх геніяльных аўтарах ХІХ-ХХ стагодзьдзяў зь іх генэтычнай заглыбленасьцю ў культурныя і гістарычныя карані Расеі, і які возьме ды напіша нешта падобнае да паэмы Аркадзя Куляшова «Хамуціус», прысьвечанай Кастусю Каліноўскаму.

Мова — гэта код, які адкрывае дзьверы ў тую ці іншую культурную прастору. А культура — гэта пераемнасьць, спадчына, традыцыя, алюзія. Культура самым шчыльным чынам зьвязана з гісторыяй. І вось вынік цяперашняга ненармальнага стану ў Беларусі: многія лічаць Пятра І і Кацярыну ІІ беларускімі манархамі...

З-за катастрафічнай гісторыі ХХ стагодзьдзя беларусы не да канца рэалізавалі свой патэнцыял як этнічная супольнасьць, як народ. Да самых нашых дзён, да 2013 году беларусы не зьяўляюцца гаспадарамі свайго лёсу. Сьцьвярджаць адваротнае — крывіць душой. Роля Масквы ў падзеях восені 1996 году вядомая. Абраныя прадстаўнікі народу паставілі патрэбную колькасьць подпісаў за імпічмэнт прэзыдэнту, але ўмяшалася Масква, прыехала дэлегацыя на чале з прэм’ер-міністрам, запалохалі старшыняў парлямэнту і Канстытуцыйнага суду... Вынікам стаў канец беларускай Канстытуцыі, канец прававога разьвіцьця падзеяў і згортваньне захадаў у рамках закону аб мовах 1990 году. Пачалася жорсткая русыфікацыя: масавае закрыцьцё беларускіх школаў, перапісваньне падручнікаў гісторыі, ліквідацыя газэт і часопісаў, перавод тэлебачаньня на расейскую мову, разгон Саюзу пісьменьнікаў і г.д.

Можна сьмела сьцьвярджаць, што каб не напалеонаўскія палітычныя амбіцыі нязьменнага беларускага прэзыдэнта, Масква даўно ўжо змагла б завяршыць працэс «этнічнай кансалідацыі» зь беларусамі. Але Саюзная дзяржава, Мытны Зьвяз і Эўразійская эканамічная супольнасьць застаюцца зручнымі інструмэнтамі ўключэньня Беларусі ў сацыяльна-гістарычную расейскую нацыю.

А прапанова прызнаньня расейскай мовы адной з моваў беларускай культуры (зрэшты, што крывіць душой — адзінай, у тых умовах, у якіх існуе культура беларускамоўная) непасрэдна накіраваная на ператварэньне беларускай этнанацыі ў нацыю сацыяльна-гістарычную. Вельмі дзіўна (і нават несалідна), што для падмацаваньня гэтай прапановы прыводзяцца вынікі двух апошніх перапісаў, якія, як вядома, праводзіліся паводле розных мэтодыкаў і, адпаведна, ня могуць лічыцца прэзэнтабэльнымі, верагоднымі і дакладнымі, іх нельга параўноўваць. Другі тэзіс, які даўно абвергнуты найноўшай гісторыяй — гэта нібыта незваротнасьць моўных працэсаў.

Пры рэалізацыі гэтай прапановы можна лічыць, што тысячы лепшых людзей нашага народу, якія паклалі свае жыцьці на справу ажыцьцяўленьня беларускай нацыянальнай ідэі, паклалі іх дарэмна. Менавіта беларуская нацыянальная ідэя злучала і лучыць нас у адзін народ і ў адну нацыю. Рэалізацыю яе прызнавалі сваёй галоўнай задачай і айцы БНР, і айцы БССР, нацыянал-камуністы. Яе прызнавалі такой і беларускія патрыёты ў савецкім войску, і беларускія дзеячы, якія працавалі ва ўмовах нямецкай акупацыі ў часе апошняй вайны. У пасьляваенны час яе вызнавалі і беларускія інтэлектуалы БССР, і інтэлектуалы беларускай эміграцыі ў Эўропе, ЗША і Аўстраліі. Застаецца яна актуальнаю і для нас, цяпер жывучых.

Этнічныя працэсы — жывыя, зьменлівыя, рухомыя і, галоўнае, АБАРАЧАЛЬНЫЯ. Гэта амаль біялёгія плянэты. У нашы дні і на нашых вачах адбываецца пераход гістарычнай формы існаваньня беларускага этнасу са стадыі этнічнай нацыі ў стадыю нацыі сацыяльна-гістарычнай. Гэта этнічны працэс, які адбываецца аб’ектыўна, паміма волі людзей (членаў этнасу), пастаўленых у пэўныя ўмовы. Але якраз умовы гэтыя могуць быць зьмененыя, калі палітычныя ды інтэлектуальныя эліты дасягнуць кансэнсусу і выявяць волю да зьмены сытуацыі. Раней ці пазьней.

(Палітычная апазыцыя ўсяго спэктру, здаецца, з гэтым згодная ўжо цяпер)

А кансэнсусу мы можам дасягнуць і без прызнаньня расейскай мовы мовай беларускай нацыянальнай культуры. Трэба проста зьняць гэтае пытаньне і перастаць рабіць вострыя заявы з абодвух бакоў, перастаць вымагаць адзін ад аднаго саступак і кампрамісаў. Наадварот, людзі культуры павінны і могуць дзейнічаць разам. Ці так гэта важна — называць расейскамоўнага аўтара зь Менску беларускім пісьменьнікам? Навошта? Ці не дастаткова разам рабіць прэзэнтацыі, разам выступаць і разам друкавацца ў адных выдавецтвах і выданьнях. Няўжо так страшна, калі аднаго прадставяць паэтам Х., а другога рускім паэтам (ці паэтам, які піша па-расейску) N.? Я ні разу ня чуў хоць бы пра адзін выпадак спрэчкі ці пагарды аднаго літаратара да іншага на падставе мовы... Хіба не на дзьвюх мовах гавораць сёньня ў інтэлектуальных асяродках Менску?

Недаравальна будзе страціць гэты цуд прыроды — цэлы народ зь яго культурай. Банальныя рэчы (і словы): расейскай мове нічога ў Беларусі не пагражае, а беларуская мова знаходзіцца, паводле экспэртаў ААН (і ўсіх нас, якія кожны дзень гэта бачаць на свае вочы) пад пагрозай поўнага зьнікненьня. Дык ці ня справа ўсіх прыстойных людзей ставіцца да яе экалягічна, зь зялёным падыходам як да зьявы ня толькі культуры, але і прыроды, якой пагражае сьмерць? Мне здаецца, што сёньня гэта ўжо справа сумленьня.

Можна, вядома, выбраць больш разьвітую расейскую культуру зь яе шэдэўрамі і геніямі ды з пагардай пазіраць на абарыгенаў вакол сябе, а можна і паспрабаваць стварыць шэдэўр па-беларуску, выкарыстоўваючы свой талент і мастацкі вопыт. Любы беларускі расейскамоўны аўтар аўтаматычна стане дзьвюхмоўным, калі напіша верш, апавяданьне, кнігу (хай адну зь дзесяці) па-беларуску.

Паспрабуйце, і ўбачыце, якая хваля ўдзячнасьці абрынецца на вас...

Што будзе далей?


Застаецца толькі яшчэ раз паўтарыць ужо сказанае. Беларуская нацыянальная ідэя — гэта адначасова і галоўная мара лепшых нашых людзей з канца ХІХ стагодзьдзя і да нашых дзён. Мара пра сваю нацыянальную дзяржаву.

У прынцыпе, БНР, і БССР, і РБ — былі і ёсьць нацыянальнымі дзяржавамі беларусаў. Проста натуральны ход падзеяў у гэтых дзяржавах гвалтоўным чынам прыпыняўся з-за мяжы. Таму для нас усё яшчэ актуальнаю задачаю застаецца стварэньне звычайнай нацыянальнай дзяржавы (і нацыі) у цяперашніх межах Рэспублікі Беларусь. У беларусаў няма іншай тэрыторыі ды іншай дзяржавы, тут і толькі тут яны могуць рэалізаваць сваю нацыянальную ідэю. Як няма і іншай мэтраполіі ў беларускай мовы, якая, насуперак экстранеспрыяльным абставінам апошніх трох стагодзьдзяў дажыла да 2013 году.

Выратаваньне ад пагрозы гістарычнага небыцьця беларусы здабудуць тады, калі «ўздымуць галаву» чацьвёрты раз і на гэты раз... без падзеньня Расеі, насуперак ёй, яе жаданьню і яе кантролю. Уздымуць галаву і створаць нарэшце сваю паўнавартасную нацыянальную дзяржаву. А зрабіць гэта яны змогуць толькі пры падтрымцы сваіх элітаў, як беларускамоўнай, так і расейскамоўнай. Ніколькі не сумняваюся, што ў гэтай дзяржаве будзе добра ўсім — і самім беларусам, і нацыянальным мяншыням. Можа там будзе некалькі дзяржаўных моваў, а можа і адна, а іншыя мовы (расейская, польская, габрэйская, украінская і інш.) атрымаюць афіцыйны, але не дзяржаўны статус. Галоўнае, там ня будзе моўнага прымусу, а статус нацыянальнай мовы беларусаў будзе датрымлівацца і паважацца ўсімі. Можа быць праз тры-пяць пакаленьняў беларусам нават удасца істотна пашырыць колькасьць носьбітаў сваёй мовы.

Насамрэч, калі людзі ня маюць падступных мэтаў, гэта ня цяжка — прызнаць відавочнае: моўныя працэсы абарачальныя, і нават без прымусу. Дастаткова разумнай і ўзважанай палітыкі дзяржавы і згоды на эвалюцыйныя шматгадовыя зьмены з боку абедзьвюх інтэлектуальных элітаў.

Кожны больш-менш адукаваны чалавек, які ведае гісторыю, можа ўзнавіць у памяці прыклады і асобных людзей, і цэлых народаў, якія пацьвярджаюць простую ісьціну: мара ня раз перамагала рэчаіснасьць...

Пераможа і яшчэ ня раз.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG